Нямецка-беларуская слоўнікавая практыка застаецца нявывучанай крыніцай у гісторыі беларускай перакладной лексікаграфіі і яшчэ не атрымала сістэматызаванага апісання, хоць даўно ўжо гаворыцца пра неабходнасць, з аднаго боку, абагульнення і асэнсавання вопыту слоўнікавай практыкі, а з другога – вызначэння шляхоў развіцця лексікаграфіі з улікам вынікаў, дасягнутых беларускім мовазнаўствам. Прычына гэтага крыецца найперш у адсутнасці належнай інфармацыі аб створаным. Сёння стала надзённай задачай падняць з кнігасховішчаў культурныя здабыткі народа – слоўнікі і асэнсаваць іх ролю ў фарміраванні норм сучаснай беларускай мовы і тэрміналогіі.

Комплекснае даследаванне праблемы гiсторыi беларуска-нямецкай i нямецка-беларускай лексiкаграфii прадугледжвае найперш пошук і сістэматызацыю матэрыялаў, адшуканне якіх абцяжарваецца іх дэцэнтралізаваным захоўваннем: некаторыя рукапісныя і друкаваныя крыніцы вывезены за межы краіны або распрацоўваліся не на тэрыторыі Беларусі і сёння з’яўляюцца набыткам пасляваеннай эмiграцыi. Частка слоўнікаў загінула або была знішчана ў часы ваенных ліхалеццяў. З мэтай стварэння агульнай i поўнай бiблiяграфii пытання былi залучаны матэрыялы наступных бiблiятэчных i архiўных фондаў: Аддзел рэдкай кнiгi бiблiятэкi Акадэмii Навук Беларусi, Беларускi аддзел Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi, Нацыянальны Архiў Беларусi, Нацыянальная бiблiятэка Латвii, Нацыянальная бібліятэка і бібліятэка дзяржаўнага універсітэта (Літва), Нямецкая Дзяржаўная бiблiятэка (Берлiн), бiблiятэка унiверсiтэта Гумбальта (Берлiн), бiблiятэка Iнстытута Славiстыкi (Берлiн), бiблiятэка Iстытута Славiстыкi Свабоднага унiверсiтэта (Берлiн), бiблiятэка iмя Ф. Скарыны (Лондан). Сёння, зразумела, што праблема фізічнага вяртання помнікаў практычна амаль невырашальная. Таму трэба звярнуць больш пільную ўвагу на іх вяртанне ў іншым сэнсе – на ўвядзенне помнікаў у навуковы ўжытак, інфармаванне даследчыкаў, доступ да інфармацыі ўсіх жадаючых.

Будзем удзячны ўсім, хто паведаміць звесткі пра асобныя нямецка-беларускія ці беларуска-нямецкія слоўнікі, не адлюстраваныя намі на гэтым сайце.

К. Любецкая, 2010