ПРА ПРАЕКТ

“ЗВОДНЫ НЯМЕЦКА-БЕЛАРУСКІ ТЭРМІНАЛАГІЧНЫ СЛОЎНІК”

Аб’ектам увагі стала нямецка-беларуская лексiкаграфiя, у склад якой уваходзяць двух- і шматмоўныя слоўнікі з уключэннем нямецкай і беларускай моў, створаныя на працягу ХХ-ХХІ стст.

Сёння, калi навуковая грамадскасць спрабуе сістэматызаваць набытае ў тэарэтычна-практычным кірунку лексікаграфічнай дзейнасці, наспела патрэба ўвесцi невядомыя (па розных прычынах) ці малавядомыя нямецка-беларускiя слоўнiкавыя крынiцы ў кантэкст айчыннай лексiкаграфiі, а таксама вызначыць iх ролю ў развiццi i станаўленнi такіх галiн беларускага мовазнаўства, як практычная перакладная лексiкаграфiя і тэрмінаграфія. Аналiз слоўнiкавай спадчыны і абагульненне назапашанага вопыту з’яўляецца важным для распрацоўкi тэарэтычных i практычных пытанняў беларускай перакладной лексiкаграфii. Наогул, комплекснае даследаванне гiсторыi нямецка-беларускай лексiкаграфii адсутнічае, i гэта дае падставы разглядаць пастаўленую задачу як актуальную для беларускага мовазнаўства.

Асноўная мэта сайта бачыцца ў захаванні і папулярызацыі лексікаграфічнай спадчыны беларускай мовы. Для дасягнення мэты неабходна вырашэнне шэрага практычных задач:

- правядзенне пошукава-бібліяграфічнай работы з мэтай па магчымасці поўнага выяўлення супастаўляльных нямецка-беларускіх слоўнікавых матэрыялаў;

- аналіз вопыту (гісторыі, перадумоў і сучаснага стану) нямецка-беларускага лексікаграфічнага ўзаемадзеяння;

- распрацоўка канцэпцыі Зводнага нямецка-беларускага тэрміналагічнага слоўніка і выкарыстанне яго для вырашэння разнастайных задач: супастаўленне нямецкай і беларускай тэрміналогіі ў сферы фіксацыі, спецыфіка перакладу тэрмінаў.

Апісанне гісторыі нямецка-беларускіх лексікаграфічных кантактаў ХХ-ХХІ стст. ажыццяўляецца пераважна праз фарміраванне і папаўненне корпуса нямецка-беларускіх і беларуска-нямецкіх супастаўляльных даведнікаў, а таксама праз падрабязнае дэталёвае апісанне пазалінгвістычных умоў і задач стварэння кантрастыўных лексіконаў, іх лінгвістычнага напаўнення, бібліяграфічнай адметнасці, а таксама вызначэнне ролі асобных даведнікаў у гісторыі беларускай лексікаграфічнай практыкі.

Прадметам разгляду з’яўляюцца слоўнiкавыя крынiцы рознага характару. У склад перакладных даведнiкаў уключаюцца найперш слоўнiкi, якiя выйшлi асобным выданнем (аформленыя тыпаграфскім спосабам) цi планавалiся да друку (аформленыя рукапісным спосабам), слоўнiкi-размоўнiкi, маленькiя слоўнiчкi для запамiнання пры вывучэннi мовы, прыкладзеныя да падручнiкаў, слоўнiкавыя матэрыялы, апублiкаваныя ў перыядычным друку, перакладныя падборкi слоў i выразаў для разумення мастацкага тэксту, спiсы слоў-дадаткаў да навуковых прац i манаграфiй. Незалежна ад умоў распрацоўкі пэўнага лексікона і яго аўтарства, усе выяўленыя слоўнікі – гэта неад’емны і варты ўвагі складнік усёй беларускай нацыянальнай лексікаграфіі, які з’яўляюцца цікавым і каштоўным матэрыялам для вывучэння станаўлення і развіцця беларуска-нямецкай і нямецка-беларускай лексікаграфічнай практыкі.

Вывучэнне вопыту лексікаграфічнай працы прадугледжвае таксама высвятлення гісторыі і перадумоў стварэння кожнага даведніка, крыніц яго слоўнікавага матэрыялу. Звесткі такога кшталту, хоць і не маюць непасрэднага дачынення да ўнутранай і знешняй структуры слоўніка, але значна дапаўняюць веды пра тыя падзеі і факты, што стымулявалі падрыхтоўку перакладных слоўнікаў і спрыялі распрацоўцы і развіццю пэўных тыпаў лексіконаў. Асноўнай крыніцай інфармацыі пры гэтым выступаюць у першую чаргу самі слоўнікі, а таксама рознага роду тэкставыя матэрыялы і паказальнікі, што ўведзены ў слоўнік (прадмовы, літаратура), у якіх лексікографы паведамляюць пра прычыны складання, мэты слоўніка і г.д., рэцэнзіі, дзе паведамляецца пра тое, якім шляхам адбывалася праца над лексіконам, успаміны сучаснікаў лексікографаў, а таксама энцыклапедычныя артыкулы пра жыццё і дзейнасць некаторых аўтараў.

Мэта і задачы абумовілі напаўненне Інтэрнэт-старонкі, у склад якой увайшлі такія блокі, як

  • Пра сайт

  • Зводны нямецка-беларускі тэрміналагічны слоўнік

  • Нямецка-беларуская лексікаграфія

К. Любецкая, 2010