ЗАДАЧЫ І МАГЧЫМАСЦІ ЗВОДНАГА НЯМЕЦКА-БЕЛАРУСКАГА ТЭРМІНАЛАГІЧНАГА СЛОЎНІКА

 

Актуальнасць укладання Зводнага нямецка-беларускага тэрміналагічнага слоўніка і перанос яго на электронныя носьбіты прадыктавана прыкладнымі патрэбамі забеспячэння міжмоўнай камунікацыі, а таксама неабходнасцю перакладу нямецкамоўнай спецыяльнай літаратуры на беларускую мову. Апошняе прадугледжвае замену інтуітыўнага падыходу пры перакладзе аргументаваным, што вядзе да аб’ектыўнасці атрыманых вынікаў і значнага павышэння ўзроўню лінгвістычных даследаванняў. Стварэнне зводнага камп’ютарнага нямецка-беларускага тэрміналагічнага слоўніка і распрацоўка адпаведнага пошукава-аналітычнага апарату знаходзіцца ў рэчышчы сучасных міжнародных мовазнаўчых даследаванняў і з’яўляецца надзённай задачай для вырашэння спецыфічных лінгвістычных і пазалінгвістычных задач, да якіх можна аднесці: статыстычны аналіз лексіконаў, дыяхранічнае і сацыялінгвістычнае вывучэнне спецыяльнай лексікі, прадметна-тэматычных груп лексікі і інш.

Прадугледжваецца, што матэрыял і сістэма пошукавых задач зводнага камп’ютарнага лексікона дазволяць вызначыць і ў некаторай ступені пераадолець калізіі паміж моўнай практыкай і рэкамендацыямі складальнікаў слоўнікаў. Зводны кантрастыўны даведнік з’явіцца ўніверсальнай тэрміналагічнай базай шматмэтавага выкарыстання, адлюструе рэальны стан нямецка-беларускай тэрмінаграфічнай практыкі і паслужыць зыходным матэрыялам для правядзення рознага роду прыкладных работ, звязаных з практыкай перакладу, і ўкладання вялікага нямецка-беларускага даведніка. У кантэксце акрэсленай праблемы ўяўляецца важным пераход ад пераважна спантаннага шляху ўпарадкавання нацыянальнай тэрміналогіі да колькасных крытэрыяў ацэнкі сапраўднай ўжывальнасці тэрмінаў.

Фарміраванне Зводнага электроннага слоўніка мае шэраг пераваг, якія ў цэлым могуць быць зведзены да наступнага: 1)   спрашчаецца і ўдасканальваецца працэс вывучэння фактаў мовы; 2) забяспечваецца паўната прадстаўлення ўсяго наяўнага (нармаванага і неўнармаванага (праектнага)) тэрміналагічнага матэрыялу; 3) робіцца магчымым фарміраванне на матэрыяле шырокай базы прыватных даследчых корпусаў; 4) дэманструецца панарамны агляд усіх рашэнняў па ўпарадкаванні тэрмінасфер; 5) ацэньваецца стан развіцця тэрмінагаліны ў пэўны перыяд або на працягу ўсёй гісторыі яе станаўлення. У гэтай сувязі можна пагадзіцца з заключэннем навукоўцаў аб тым, што хуткае фарміраванне камп'ютарнай тэрмінаграфіі “побач з шырокай аўтаматызацыяй лексікаграфічных работ, масавым выпускам універсальных і галіновых энцыклапедый, што адлюстроўваюць дэталізаваную карціну свету, сведчаць пра тое, што развіццё слоўнікавай справы Беларусі ўступіла ў перыяд навуковай лексікаграфіі”1. Матэрыялы Зводнага слоўніка могуць быць выкарыстаны пры падрыхтоўцы лексікаграфічных даведнікаў розных сфер навуковай дзейнасці, ў навуковых распрацоўках па корпуснай лінгвістыцы, для атрымання разнастайных звестак лінгвістычнага характару, звязаных з шматбаковай лінгвістычнай характарыстыкай асобных моўных адзінак і аналізу адметнасцей іх лексіка-семантычнай спалучальнасці.

 

К. Любецкая, 2010 г.



1 Щербин, В.К. Белорусская корпусная терминография / В.К. Щербин // Слово и словарь = Vocabulum et vocabularium: Сб. науч. тр. по лексикографии. – Гродно: ГрГУ, 2002. – С. 187-192.