НЕАДШУКАНЫЯ НЯМЕЦКА-БЕЛАРУСКІЯ СЛОЎНІКАВЫЯ КРЫНІЦЫ

 

Указваюцца слоўнікі, пошук якiх працягваецца, бо iснуюць звесткi пра тое, што яны былі надрукаваны ці вялася праца па iх распрацоўцы i падрыхтоўцы да выдання. Гэта частка лексікаграфічных матэрыялаў улічвалася і падавалася толькі згодна з паведамленнямі прэсы (рэклама або рэцэнзія на слоўнік), упамінаннямі ў разнастайных бібліяграфічных даведніках, бо часам яны выступаюць адзінай крыніцай неабходнай інфармацыі .

 

1. Параллельный словарь. Н›мецко-польско-русско-б›лорусско-литовско-латышско-іудейскій (жаргон). — Рига, 1918.

 

Слоўнік адшукаць не ўдалося.

Гл. у Гісторыі нямецка-беларускай лексікаграфіі ХХ-ХХІ стст.: Sieben-Sprachen-Wörterbuch: Deutsch-Polnisch-Russisch-Weißruthenisch-Litauisch-Lettisch-Jiddisch. — Leipzig, 1918 [Русская зарубежная книга 1924, c. 75].

 

2. Бруноўскі П., Езавітаў К., Масальскі П. Беларуска-нямецкі слоўнік.  1942.

 

Слоўнік адшукаць не ўдалося.

Інфармацыю пра лексікон можна знайсці ў выданні: Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Мн., 2002. — С. 56.

 

3. Калоша А., Пятроўскі Я. Беларуска-нямецкі слоўнік. — Бэрлін, 1942.

 

Слоўнік адшукаць не ўдалося.

Інфармацыю пра лексікон можна знайсці ў выданні: Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі. Бібліяграфія = Belarusian Dictionaries & Encyclopedias. Bibliography / Скл. В. Кіпель, З. Саўка. — Нью Ёрк — Менск, 2002. — С. 449.

 

4. Пятроўскi Я., Калоша А., Камароўскi В. Нямецка-беларускi слоўнiк. — Берлін, 1942.

 

Слоўнік адшукаць не ўдалося.

Інфармацыю пра лексікон можна знайсці ў наступных выданнях: Лыч Л. Беларуска-нямецкiя стасункi на акупаванай тэрыторыi (чэрвень 1941 — лiпень 1944 гг.) // Белару­сi­ка=Albaruthenica. — Мн., 1996. — Кн. 7. — С. 55; Ён жа. «Я роднае мовы не кіну ў нядолі» // Роднае слова. — 1996. — № 8. — С. 145; Прыгодзіч М. Сумесна з нямецкімі калегамі // ЛіМ. — 2001. — 23 лютага. — С. 4; Пятроўскi Я. Мэмуары. Стагодзьдзе ў рэтраспэкце (1905—1945). — Слуцак—Гэйнсвiль, 1988. — Кн. 1. — С. 320—321; Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Мн., 2002. — С. 67.

У 1942 г. у Берлiне быў падрыхтаваны рукапiс нямецка-беларускага слоўнiка, укладальнiкамi якога былi Васiль Камароўскi, Аляксандр Калоша i Ян Пятроўскi.

Iнiцыятарам i натхняльнiкам гэтай працы быў В. Кама­роўскi. Па прычыне хуткага ад’езду з Берлiна, ён звярнуўся да Я. Пятроўскага з просьбай дапамагчы пры дапрацоўцы i карэктуры слоўнiкавых матэрыялаў. «Было да пэўнае ступенi дзiўным для мяне, — успамiнае Я. Пятроўскi, — што нехта з нас (беларускiх эмiгрантаў у Берлiне ў часы другой сусветнай вайны. Аўт.) апрацаваў Нямецка-Беларускi слоўнiк. Пасьля ўсiх нацыянальна-культурных уздымаў i пасьля заняпадаў большых беларускiх арганiзацыяў, раптам тут, у Бэрлiне, зусiм паважна на адрэзку творчым праявiўся культурны ўздым у межах беларуска-нямецкiх суадносiнаў» [Пятроўскі 1988, с. 320]. Праца над слоўнiкам здавалася, на першы погляд, незвычайнай i дзiўнай у складаных варунках ваенных лiхалеццяў, а з другога боку, яе выкананне — гэта крок наперад у развiццi беларускага слоўнiцтва. «Тут няважным ёсьць, якi гэта слоўнiк. Важным ёсьць сам факт праяўленае ў выняткавым часе iнiцыятывы зь вераю ў свае ўласнае сiлы» [Пятроўскі 1988, с. 320]. Пры больш падрабязным знаёмстве са зместам двухмоўнага лексiкону аказалася, што матэрыял патрабаваў значнай дапрацоўкi, не задавальняў таксама i тэхнiчны бок выкананай працы. Памiж аўтарам i Я. Пятроўскiм была ўзгоднена перапрацоўка першай версii матэрыялаў i падрыхтоўка iх да друку. Задача ўдасканальвання слоўнiка была вельмі складанай для аднаго чалавека, i да гэтай працы быў запрошаны А. Калоша, які па розных прычынах (на жаль, таксама невядомых. — К. Л.) не аказаў значнай дапамогі. «Супраца ў падобных выпадках — гэта пераважна спадзяваньне, што iншы партнэр учынiць тое, чаго я не дагледзеў. Згэтуль няўхiльныя промахi ў самым творы. I наадварот, калi iндывiдуум ведае, што ад пачатку i да канца ён зьяўляецца адказным за паводжаньне, як i непаводжаньне, тады, у поўным значэньнi гэтага слова, ён адчувае адказнасьць за тое, што ён чынiць. I ўсё iншае выходзiць на карысьць самога твору» [Пятроўскi 1988, с. 321].

З цяжкасцямi i выпрабаваннямi праца над укладаннем двухмоўнага лексiкону была завершана. Ён складаўся, як сцвярджае адзiн з яго стваральнiкаў Я. Пятроўскi, з дзвюх частак: нямецка-беларускай i руска-беларускай — i налiчваў каля 27 000 слоў.

4 лiстапада 1942 г. была падпiсана дамова з друкарняй на набор i выданне слоўнiка ў Берлiне. На падставе гэтага дакумента 10 снежня 1942 г. нямецка-беларуская частка была перададзена ў друкарню, выхад у свет беларуска-нямецкай часткі планаваўся пазней. Аўтарам быў выплачаны ганарар у дакументальна прадугледжаным памеры.

З мэтай карэктуры i агульнага азнаямлення з друкаваным варыянтам аўтары мелi на руках першыя старонкi слоўнiка прыкладна праз месяц ад моманту яго з’яўлення ў друкарнi. Зноў апрацаваныя слоўнiкавыя артыкулы двухмоўнага лексiкону былi адасланы ў рэдакцыю, i ўкладальнiкi чакалi наступных старонак для завяршальнага прагляду. Але канчатковае рэдагаванне так i не было зроблена па прычыне заўчаснай смерці В. Камароўскага i А. Калошы.

На жаль, адсутнiчаюць звесткi аб далейшым лёсе машынапiсу слоўнiка. Другая частка лексiкону, беларуска-нямецкая, паводле слоў аўтараў, таксама нiколi не была надрукавана.

Слоўнiк загiнуў, разам з iм загiнула i цiкавая для беларускай лексiкаграфii практыка ўкладання перакладнога беларуска-неславянскага слоўнiка. «Цяперака выяўляецца праўда, што, калi толькi ўзьнiкаюць спрыяльныя палiтычныя ўмовы, характары выступаюць, як грыбы пасьля цёплага летняга дажджу. Яны пачынаюць праяўляць сваю i нявымушаную iнiцыятыву ў кiрунку творчым, свае прысутнасьцi i сцаленьня ўласных сiлаў з мэтаю стварэньня новага для сябе культурна-палiтычнага жыцьця. I чым болей яны працуюць, тым болей адчуваюць у сабе сiлу i праяўленую ўжо энэргiю» [Пятроўскі 1988, с. 320].

 

5. Пятроўскi Я., Калоша А., Камароўскi В. Беларуска-нямецкі слоўнiк. —1943.

 

Слоўнік адшукаць не ўдалося.

Інфармацыю пра лексікон можна знайсці ў наступных выданнях: Лыч Л. Беларуска-нямецкiя стасункi на акупаванай тэрыторыi (чэрвень 1941—лiпень 1944 гг.) // Беларусiка=Albaruthenica. — Мн., 1996. — Кн. 7. — С. 55; Ён жа. «Я роднае мовы не кіну ў нядолі» // Роднае слова. — 1996. — № 8. — С. 145; Пятроўскi Я. Мэмуары. Стагодзьдзе ў рэтраспэкце (1905—1945). — Слуцак—Гэйнсвiль, 1988. — Кн. 1. — С. 320—321; Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Мн., 2002. — С. 68.

Беларуска-нямецкі слоўнік з’яўляўся другой часткай нямецка-беларускага слоўнiка Я. Пятроўскага, А. Калошы, В. Камароўскага (1942). Аднак у лютым 1943 г. выдавецтва па невядомых сёння прычынах адмовілася яго друкаваць. На свой запыт Я. Пятроўскі «не выявіў прычыну рашэння выдавецтва. Не выявіў яе ён адкрыта і ў сваіх Мэмуарах, аднак змешчаная ў іх крытыка паводзін суаўтараў А. Калошы і В. Камароўскага і іх мовазнаўчых кваліфікацый дазваляе меркаваць, што гэтай прычынай была марная якасць аўтар­скага матэрыялу» [Туронак 2002, с. 68].

 

6. Беларуска-нямецкі тэхнічны слоўнік.

 

Слоўнік адшукаць не ўдалося.

Інфармацыю пра лексікон можна знайсці ў наступных выданнях: Другi Усебеларускi Кангрэс: Матэр’ялы, сабраныя і апрац. на падставе пратакольных запісаў камісіяй Беларускай Цэнтр. Рады / Пад рэд. Р. Астроўскага. — Мюнхен: Выд. Беларус. Цэнтр. Рады, 1954. — С. 25; Лыч Л. Апошняя акцыя калабарантаў // ЛiМ. — 1996. — 18 кастрычніка. — С. 5.

 

7. Stankievic J., Rosenberg L. Deutsch-Kriwitsch (weiss­ruthenisch) Sprachführer-Hutarnik. — 1943.

 

Слоўнік адшукаць не ўдалося.

Інфармацыю пра лексікон можна знайсці ў наступных выданнях: Юрэвіч Л. Даследаванні беларускай лексікаграфіі за мяжой // Роднае слова. — 1998. — № 4. — С. 86; Юрэвіч Л. Камэнтары: літаратуразн. арт. — Менск, 1999. — С. 215.

 

8. Bilder-Wörterbuch. — 1944.

 

Слоўнік адшукаць не ўдалося.

Інфармацыю пра лексікон можна знайсці ў наступных выданнях: Беларускае слова. — 1944. — № 7; Ranica. — 1944. — №№ 23, 24, 25; Юрэвіч Л. Даследаванні беларускай лексікаграфіі за мяжой // Роднае слова. — 1998. — № 4. — С. 85; Юрэвіч Л. Камэнтары: літаратуразн. арт. — Менск, 1999. — С. 212.

Паводле інфармацыйных нататак у літаратуры таксама сустракаюцца назвы: «Нямецка-беларуска-расейска-польскі слоўнік з малюнкамі»; «Iлюстраваны нямецка-беларуска-расейска-польскi слоўнiк». — Рыга, 1944. — 96 с.

У інфармацыйных паведамленнях адзначалася, што слоўнік разлічаны на тых нямецкіх вайскоўцаў і беларускіх сялян і рабочых, якія зусім не ведаюць мовы. Аўтары нататкі спадзяваліся, што «з дапамогаю слоўніка яны адразу-ж змогуць зразумець адзін аднаго і лёгка паразумецца» [Беларускае слова 1944, с. 4]. Тэкст слоўніка складаецца з дзевяці раздзелаў: «Дагляд за целам і вопраткай», «У гасподзе», «Ежа, піцьцё, курэньне», «Розныя пакупкі», «Паведамленьні», «Рух і транспарт»; «На вёсцы», «Вайсковыя справы», «Звароты мовы». На кожнае слова ў даведніку ёсць малюнак.

Спрэчным у гісторыі даведніка зяўляецца вызначэнне месца яго выдання. У рэкламных паведамленнях газеты «Раніца», дзе змяшчалася наступная інфармацыя: «Увага! З Бэрлін­скага Аддзелу БКС можна выпісаць нямецка-беларуска- расейска-польскі слоўнік з малюнкамі» [Раніца = Ranica 1944, с. 3], месца выдання прапушчана. Л. Юрэвіч сцвярджае, што слоўнік створаны ў Рызе [Юрэвіч 1998, с. 85]. Аўтары інфармацыйнага паведамлення ў «Беларускім слове» адзначаюць, што «Bilder Wörterbuch» «з тэхнічнай дапамогай Навуковае сэкцыі Беларускага Аб’яднання у Рызе выдадзены нямецкім выдаўцом сп. Карлам Штэйнбэргам з Брэслаўскага выдавецтва «Фрэнкес Фэрлаг» [Беларуская газета 1944, с. 4]. Якога характару была тэхнічная дапамога, сёння цяжка вызначыць. Магчыма, складальнікі слоўніка выкарыстоўвалі патэнцыял нейкай рыжскай тыпаграфіі або выдавецтва. Паколькі «згодна з агульнапрынятым правілам бібліяграфіі месцам выдання кнігі лічыцца сядзіба выдавецтва, а не друкарні» [Туронак 2002, с. 63], адшуканыя звесткі не дазваляюць пэўна вызначыць месца выдання слоўнікавай крыніцы.

 

9. Нямецка-руска-беларуска-польскі ілюстраваны слоўнік. — Рыга, 1944.

 

Слоўнік адшукаць не ўдалося.

Інфармацыю пра лексікон можна знайсці ў выданні: Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Мн., 2002. — С. 69.

Паводле існуючых даных, ілюстраваны слоўнік быў выдадзены ў лютым 1944 г. нямецкім выдавецтвам Франка ў Рызе. Перакладныя падборкі слоў з малюнкамі прызначаліся для нямецкіх вайскоўцаў.

Магчыма, даныя, якія тычацца парадку паслядоўнасці моў (нямецкая, руская, беларуская, польская), не зусім правільна адлюстраваны ў манаграфіі Ю. Туронка, што дазваляе ідэнтыфікаваць гэты даведнік з вышэйзгаданым «Bilder-Wörterbuch».

 

Літаратура:

 

Пятроўскі 1988 — Пятроўскi Я. Мэмуары: Стагодзьдзе ў рэтраспэкце (1905—1945). Слуцак-Гэйнсвiль, 1988. – Кн. 1. — 347 с.

Раніца = Ranica 1941, 1944 — Раніца = Ranica. — 1941. — 30 мая. — С. 4; 1944. — 6 жніўня. — С. 3.

Русская зарубежная книга 1924 — Русская зарубежная книга. Труды комитета русской книги: Библиографический указатель. 1918—1924 гг. / Под ред. П. Постникова. — Прага: Изд. Комитета русской книги и изд-ва «Пламя», 1924. — 162 с.

Туронак 2002 — Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Мн., 2002. — 144 с. — (Бібліятэка часопіса «Беларускі гістарычны агляд»).

 

К. Любецкая, 2010