ГІСТОРЫЯ НЯМЕЦКА-БЕЛАРУСКАЙ ЛЕКСІКАГРАФІІ XX-XXI стст.
Сёння наспела патрэба ўвесцi ў айчынную лексікаграфічную практыку маладаследаваныя, а часам і невядомыя як спецыялістам, так і шырокім колам грамадства нямецка-беларускія і беларуска-нямецкія слоўнiкавыя крынiцы, якiя складаюць асобную цікавую старонку ў гісторыі беларускай лінгвістыкі; вызначыць iх ролю ў развiццi i станаўленнi такой галiны беларускага мовазнаўства, як практычная перакладная лексiкаграфiя. Незалежна ад умоў распрацоўкі пэўнага лексікону і яго аўтарства, усе выяўленыя слоўнікі і слоўнікавыя матэрыялы — гэта варты ўвагі, каштоўны здабытак, які можа стаць асновай стварэння фундаментальных перакладных слоўнікаў і тэрміналагічных даведнікаў і тым самым паспрыяць далейшаму развіццю беларускай нацыянальнай лексікаграфіі. У сувязі з недаступнасцю некаторых лексікаграфічных і тэрмінаграфічных крыніц першай паловы ХХ ст. распрацавана схема, якая дазваляе, на наш погляд, сiстэмна i досыць дэталёва прадставіць слоўнікавыя матэрыялы, асэнсаваць асноўныя прынцыпы iх пабудовы, вызначыць прыёмы лексiкаграфiчнай апрацоўкi слова. Пры апісанні лексіконаў браліся пад увагу наступныя бібліяграфічныя і гістарычна-лінгвістычныя даныя: назва і аўтарства лексiкаграфiчнага даведнiка, месца і год выдання, выдавецтва (друкарня), месца захоўвання (у першую чаргу для неапублiкаваных прац), час стварэння перакладнога даведніка, мэты i задачы выдання, графiчнае афармленне, адрасат, корпус і аб’ём слоўніка, крыніцы слоўнікавага матэрыялу, рэестр; лексічны склад, тэматычная характарыстыка, кампазіцыя слоўнікавага артыкула: рэестравая і перакладная часткі, алфавітнае або гнездавое размяшчэнне лем, структура перакладных адзінак, часцінамоўная прыналежнасць лексем, сістэма граматычных памет, стылістычныя адзнакі, указанні для вымаўлення, уключэнне фразеалагічных адзінак і скарачэнняў, прынцып перакладу, рэцэнзіі. Меркавалася, што ўключэнне т.зв. нелінгвістычных звестак дапаможа аб’ектыўна адлюстраваць асаблівасці станаўлення і развіцця нямецка-беларускай і беларуска-нямецкай лексікаграфіі ХХ ст. і стварыць цэласнае ўяўленне аб ёй. У пэўных выпадках з-за адсутнасцi ці абмежаванасці звестак iнфармацыя пра некаторыя слоўнiкi пададзена вельмі сцісла ці зводзіцца да спасылак на сведчанні іншых крыніц і асоб. Аўтар выказвае шчырую падзяку прафесару Генадзю Цыхуну, прафесару Адаму Мальдзісу, прафесару Карлу Гутшміту, доктару Ёханэсу Шлоотцу, айцу Аляксандру Надсану, а таксама Мірдзы Абале, Сяргею Запрудскаму, Хведару Нюньку, Таццяне Рамзе, Уладзіміру Сакалоўскаму, Лідзіі Сямешцы, Язэпу Янушкевічу за іх карысныя парады і канкрэтную дапамогу.
*** На пачатку ХХ ст., нягледзячы на разыходжанні саміх мовазнаўцаў у вызначэнні статуса беларускай мовы (адны атаясамлівалі яе з дыялектам, іншыя кваліфікавалі як самастойную мову), на неспрыяльныя палітычныя і гістарычныя ўмовы (першая і другая сусветная вайна), падрыхтоўка слоўнікаў з уключэннем нямецкага і беларускага лексічнага матэрыялу ўсё ж вялася. Іх укладанне найперш было звязана з практычнымі запатрабаваннямі: стварыць моўны дапаможнік, просты па змесце і форме. Выключна практычныя мэты абумовілі лексічны склад даведнікаў, які ўключаў найбольш ужывальныя словы і выразы, і функцыянальную будову слоўнікаў – правая і левая часткі не перанасычаны лексікаграфічнай інфармацыяй. Пры стварэнні перакладных матэрыялаў аўтары арыентаваліся на лексікаграфічныя традыцыі нямецкай і рускай моў, якія адрозніваліся ад беларускай большым вопытам укладання слоўнікаў. Таму лексічныя адзінкі менавіта гэтых моў выконвалі ролю папярэдняга слоўніка і выступалі рэестравымі. Акрамя практычнага боку, распрацоўка слоўнікаў з уключэннем беларускай мовы давала мажлівасць іншаземцам пазнаёміцца з лексічнымі скарбамі беларускай мовы. 1. [Berneker E.] Wörterverzeichnis // Berneker E. Slavische Chrestomathie mit Glossaren. – Strassburg, 1902[1]. [Berneker E.] Wörterverzeichnis // Berneker E. Slavische Chrestomathie mit Glossaren. – [2 Aufl.]. – Strassburg, 1907. [Berneker E.] Wörterverzeichnis // Berneker E. Slavische Chrestomathie mit Glossaren. – [3 Aufl.]. – Neurid, 1980. У азначаны перыяд на Захадзе не было пэўных уяўленняў пра беларускі край, яго культурную спадчыну. “У нямецкіх навуковых і палітычных колах Беларусь звычайна трактавалі як гаспадарча і культурна адсталую частку Расіі, якая вылучалася толькі сваёй этнічнай спецыфікай” [Туронак 1993, с. 11]. Кароткую і фрагментарную інфармацыю давала часам берлінская газета “Polnische Blätter” і венскі штотыднёвік “Polen”. Але паступова, дзякуючы працэсу адраджэння ў Беларусі, які разгарнуўся на пачатку ХХ ст., з аднаго боку, і станаўленню славістыкі, з’яўленню прац польскіх, а затым заходнееўрапейскіх вучоных, – з другога, звесткі пра Беларусь і беларускую культуру пранікалі на Захад, у тым лiку i ў Германію. Навуковыя даследаванні друкаваліся галоўным чынам у вядомым нямецкім славістычным часопісе “Archiv für slavische Philologie” (“Архіў славянскай філалогіі”) і закраналі шэраг значных праблем беларускай філалогіі. У грамадскіх колах абуджаўся інтарэс да вывучэння Беларусi, якi, у прыватнасці, выяўляўся ў тым, што рабіліся спробы апрацоўкi лексiчнага багацця беларускай мовы i стварэння перакладных слоўнiкаў. У гэты час у заходнееўрапейскіх універсітэтах ствараюцца кафедры славянскай філалогіі, вядучымі філолагамі-славістамі распрацоўваюцца курсы лекцый і семінараў па славістыцы і параўнальным мовазнаўстве. Адсутнасць падручнікаў і тэкставых матэрыялаў з розных славянскіх моў значна ўскладняла навучальны працэс у неславянскіх краінах. Таму прафесар Нямецкага універсітэта ў Празе Э. Бернекер[2] вырашае скласці хрэстаматыю, у якой былі б прадстаўлены тэкставыя матэрыялы з усіх славянскіх моў. Распрацаваная кніга-падручнік атрымала назву “Славянская хрэстаматыя са слоўнікамі”. Пасля свайго першага выдання ў 1902 г. у Страсбургскім выдавецтве К.Й. Трубнера яна перавыдавалася яшчэ два разы: у 1907 г. і ў 1980 г. у выдавецтве “Гіронімус” горада Нойрыда. Другое і трэцяе выданні з’яўляюцца перадрукам хрэстаматыі 1902 г. Як адзначаюць В. Геземан і Х. Шалер у прадмове да трэцяга выдання, “Славянская хрэстаматыя са слоўнікамі” сёння, як і раней, схіляе да вывучэння ўсіх славянскіх моў і дапамагае паглыбіць атрыманыя веды” [Gesemann, Schaller 1980, S. 3]. У прадмове да хрэстаматыі адрасатам кнiгi называюцца найперш студэнты, якія вывучаюць курс славістыкі. Аўтар спадзяецца, што кніга, у якой сабраны тэкставыя ўзоры з розных славянскіх моў, будзе карыснай, а невялікія перакладныя слоўнікі стануць зручнымі дапаможнікамі пры перакладзе тэкстаў хрэстаматыі і вывучэнні моў. Як адзначае пазней адзін з рэцэнзентаў кнігі, “задача гэта ўяўлялася надзвычай цяжкай і складанай, паколькі аўтару ў многіх выпадках прыходзілася вызначаць, мае ён справу з мовай ці з дыялектам, і аргументаваць сваё рашэнне” [Vondrak 1902 a, S. 2521]. Хрэстаматыя – гэта падборка тэкстаў для чытання з 12 славянскіх моў і іх асноўных дыялектаў. Да дзвюх беларускіх казак са зборніка М. Федароўскага “Аб мерцу, які да дзяўчыны з таго свету прыехаў” і “Бяда”[3], што ўвайшлi ў склад хрэстаматыi, далучаны невялікі перакладны слоўнік “Wörterverzeichnis” (спіс, паказальнік слоў). Ён мае выключна практычнае прызначэнне – даць тлумачэнне слоў, якія сустракаюцца ў казках i ўскладняюць разуменне тэксту чытачом. Пры гэтым, як адзначаецца самім аўтарам, выбар слоў для перакладу быў адвольны. Як і ўсе іншыя лексіконы ў хрэстаматыі, слоўнік падрыхтаваны на лацiнцы; ён невялікі аб’ёмам (139 слоў займаюць 3 старонкі), “што было прадыктавана намерам, з аднаго боку, не пашыраць хрэстаматыі, а з другога, не вельмі спрашчаць перакладчыцкія задачы студэнтаў” [Berneker 1902, S. 5]. Пры распрацоўцы лексікону быў выкарыстаны “Словарь белорусского наречия” I.I. Насовiча (СПб, 1870), нямецкая ж частка перакладнога даведніка распрацавана Э. Бернекерам. У корпус слоўніка ўвайшлі лексічныя адзінкі, якія з’яўляюцца назвамі міфічных істот і герояў казак, напрыклад: čart, mrec, dźeŭčýna, bahatýr, dźećúk, pan, péveń. З мэтай характарыстыкі казачных персанажаў для перакладу выбраны лексемы chítry, bedák, ńéjaki, strašýdło. Назвы прадметаў у лексіконе прадстаўлены адзінкамі kryž, kśónčka, maładźík, kałóček. Значную па колькасці групу складаюць словы, што называюць дзеянні і падзеі, звязаныя з героямі казак, працэсы мыслення і маўлення, напрыклад: ahlanúć, dźákavać, lećéć, navalíć, pytáć, šychaváć, zhínuć, zbahaćéć і інш. Акрамя таго, нямецкія эквіваленты прапануюцца для лексем, якія называюць месца дзеяння: cháta, chlev, mésco, mahíłka, vóska, ńédźe, а таксама абазначаюць час яго працякання: ńikóli, tymčásam, ćipér, daŭńéj. Большасць лексічных адзінак, выбраных аўтарам для перакладу, адносяцца да разраду агульнаўжывальных: adźéža, dźákavać, kazáć, zlažýć і інш. Невялікую групу складаюць дыялектныя словы: adźétok, ćuómńik, namaŭláć, naménčy se і інш. Рэестравыя словы беларускай мовы падаюцца ў алфавітным парадку. Пры перакладзе формы дзеяслова прыводзiцца таксама інфінітыў на беларускай i нямецкай мовах. Напрыклад: išóŭ f. išłá präteritum zu iśći ipf. gehen; leź Imperativ zu légći pf. sich legen. Калi загалоўным словам з’яўляецца неазначальная форма i яна ж перакладаецца на нямецкую мову, у складзе слоўнiкавага артыкула прысутнiчаюць некаторыя беларускiя дзеяслоўныя формы: meć, praes. máju ipf. haben. Трыванне аўтар пазначае ў кожным дзеяслове (pf. – закончанае, ipf. – незакончанае). Прыслоўi ў простай форме вышэйшай ступенi параўнання суправаджаюцца паметай adv.: daŭnéj adv. früher; buolš adv. mehr; barždžéj adv. so schnell als möglich. Пры перакладзе некаторых прыназоўнiкаў указваецца, з якiм склонам ён ужываецца: ad c Gen. von, seit; praz, prez c Acc. durch, über; z c Instr. mit; с Gen. aus. У складзе перакладзеных адзiнак фіксуюцца таксама прыметнiкi, займеннiкi, выклiчнiкi, часцiцы: hóly – nackt, kahl, bloss; oho! – oh, oho!; héty – dieser; jaki – welcher; ni – nicht; ne – nein. Слоўнік мае спрошчаную структуру: аднаму беларускаму слову адпавядае пераважна адно нямецкае. Адзначаныя сінанімічныя варыянты раздзяляюцца коскамі, напрыклад:
hadóŭla f – Pflege, Mast; handel m – Handel, Geschäft; narabíć pf – machen, anrichten; navalíć pf – heraufwerfen, wälzen. Каштоўным у слоўнiку можна лiчыць тое, што беларускiя фразеалагiзмы ў ім не перакладаюцца на нямецкую мову, а да iх падбіраюцца нямецкiя адпаведнiкi, напрыклад: ad mała da véla – lang und breit; to śóje to tóje – bald dies, bald das. “Славянская хрэстаматыя са слоўнікамі” была значнай і важнай падзеяй у нямецкай славістыцы. Па словах сучаснікаў Э. Бернекера, яго кніга “з’яўляецца грунтоўным дапаможнікам пры вывучэнні славянскіх моў у Германіі не толькі для тых студэнтаў, якія праходзяць курс славістыкі, але і для тых, хто жадае атрымаць веды па якой-небудзь адной славянскай мове” [Muke 1903, S. 371]; “прыкладзеныя да тэкставых матэрыялаў слоўнікі маюць важнае практычнае значэнне, і толькі пры іх дапамозе можна асэнсаваць незразумелыя месцы ў тэкстах” [Hirt 1903, S. 70]. Калега Э. Бернекера В. Вондрак заўважае, што “слоўнікі, якія суправаджаюць кожны раздзел, з’яўляюцца даволі падрабязнымі і патрэбнымі” [Vondrak 1902 b, S. 2522]; “выкарыстанне слоўніка будзе карысным і неабходным для тых, хто толькі пачынае вывучаць славянскія мовы і атрымоўвае першыя веды” [Vondrak 1903, S. 402]. Распрацоўка перакладнога лексікону ў пачатку ХХ ст. сведчыла, што беларуская мова ўспрымалася заходнееўрапейскімі вучонымі як адметная ад іншых славянскіх моў. У адным з першых беларуска-нямецкiх слоўнiкаў толькi пачыналi фарміравацца асноўныя прыёмы лексiкаграфiчнай апрацоўкi беларускага слова, вызначалiся спосабы тлумачэння слоў. 2. [Ластоўскі В. Беларуска-нямецкі слоўнік] // Niamiecki dla pačynajučych. Hutarki biełaruska-niamieckije, s prydačaj wymowy i bolej patrebnych słoŭ = Deutsche Sprache für Anfänger. WeiЯrussisch-deutsche Übungen mit Angabe der Aussprache und der notwendigsten Wörter. Apracawaŭ Wlast. – 1917[4]. Восенню 1915 г. у вынiку ваенных дзеянняў паміж Германiяй i Расiяй тэрыторыя сучаснай Беларусі была падзелена: лінія фронта тады працягнулася ад Дзвінска ўздоўж возера Нарач праз Баранавічы да Пінска. Пад нямецкі кантроль трапілі заходнія губерні імперыі – Гродзенская, часткова Віленская і Мінская, а царскія войскі занялі ўсходнюю Беларусь з гарадамі Мінск, Барысаў, Бабруйск, Мазыр. На тэрыторыi, занятай немцамi, быў створаны вайсковы адмiнiстрацыйны абшар (т.зв. Обер Ост) пад кiраўнiцтвам фельдмаршала Паўля фон Гiндэнбурга, улады якога апынулiся перад даволi складанай праблемай кiравання шматнацыянальным рэгiёнам. “Паводле даных перапiсу 1897 г., якiмi карысталася нямецкая адмiнiстрацыя, 34,4 % жыхароў гэтага абшару складалi лiтоўцы, 20,8 % – беларусы, 13,5 % – яўрэi, 11,8 % – палякi, 10,5 % – латышы, 6,2 % – расейцы i 2,5 % – немцы” [Туронак 1993, с. 14]. Пастаўленыя перад неабходнасцю вырашэння моўнага пытання, акупацыйныя ўлады прынялi за прынцып аднолькавае стаўленне да ўсiх нацыянальнасцей. Ваенным адмiнiстрацыйным рэжымам прадугледжвалася правядзенне культурнай дзейнасцi, якая ўключала ў сябе стварэнне нацыянальных тэатраў i тэатральных труп, выданне газет на ўсiх нацыянальных мовах, а таксама абавязковае навучанне дзяцей у пачатковых школах на роднай мове, дзе павінна была выкладацца і нямецкая мова. Аднак, як канстатуюць даследчыкі, “усе дзеяннi акупацыйных улад праводзiлiся ў прапагандысцкiх мэтах – каб у вачах нацыяналiстычна настроенай беларускай iнтэлiгенцыi i еўрапейскай грамадскасцi зрабiць з Германii ўяўную вызвалiцельнiцу беларускага народа ад уцiску царскага самаўладства” [Сакалоўскi 1986, с. 24]. Са студзеня 1916 г. у Вiльнi пад рэдакцыяй В. Ластоўскага пачала выходзiць два разы на тыдзень беларуская газета “Гоман”[5], на старонках якой друкавалі свае артыкулы вядомыя дзеячы беларускага краю. Яе складальнікі адзначалі, што “аsabliwa patrebna kožnamu hazeta ŭ rodnaj mowi: jana dastupna ŭsim, dastupna kožnamu, chto tolki nawuczyŭśia czytać... Pierad nami atkrywajecca czyroki prastor dla pracy, i ŭ hety moment bolsz, czym kali patrebna nam biełaruskaja hazeta” [W.Ł. 1916, с. 1]. У Вiльнi ў гэты ж час адкрыліся беларуская бiблiятэка, кааперацыйнае таварыства “Ранiца”, кнiгарня, дзiцячы прытулак “Золак”, пачалі працаваць 300 беларускiх школ, настаўнiцкiя семiнарыi. З утварэннем БНР у сакавiку 1918 г. распачалася iнтэнсiўная падрыхтоўка да заснавання Беларускага унiверсiтэта. Былы настаўнiцкi iнстытут быў ператвораны ў педагагiчны iнстытут, руская настаўнiцкая семiнарыя ў Свiслачы – у беларускую. У Мiнскай духоўнай семiнарыi ўзнiкла кафедра беларускай мовы. “Prykazam z dnia 7 czerwienia 1916 h. vydany instrukcii ab sposabi upraŭleńnia zaniatymi ziemlami. U instrukcijach asabliwa adznaczywajecca žadańnie, kab roznyje narody mieli-by roŭnyje prawy. Usio, czym naruszajecca zhodliwaje žyćcio narodaŭ, zabaraniajecca. Za naruszeńnia hetaho karacimuć sztrafam hraszmi da 10.000 marak abo wastroham da 5 hadoŭ. Oficyalnaj mowaj liczycca miž ułaściami i nasialeńniem pazwolena ŭžywać biełaruskaj, łatyszskaj, litoŭskaj, polskaj i žydoŭskaj mowy” [Ab upraŭleńni ziemlami Ober Ost 1916, s. 3]. Афiцыйныя дакументы публiкавалiся на нямецкай i ўсіх мовах жыхароў акупаванай тэрыторыi, выдаваліся двухмоўныя пашпарты: нямецка-беларускiя, нямецка-польскiя, нямецка-латышскiя i нямецка-лiтоўскiя. Між тым, згодна з успамінамі сучасніцы тых падзей Ю. Менке, “усе нацыянальнасці парупіліся адчыніць свае школы й пашыраць сваю культурную працу, бо толькі ў гэтым напрамку можна было штосьці рабіць. У эканоміцы краю панаваў поўны развал” [Вітан-Дубейкаўская 1994, с. 42]. Значным стрымліваючым фактарам у развіцці нацыянальнай школы стала адсутнасць беларускіх падручнікаў. Агульнымі намаганнямі беларускай інтэлігенцыі пачалася тэрміновая распрацоўка беларускіх лемантароў, чытанак, дапаможнікаў па матэматыцы і літаратуры[6]. “Адказнасць за іх падрыхтоўку была ўскладзена на Вацлава Ластоўскага” [Głogowska 1996, s. 37]. Падчас нямецкай акупацыі 1915–1918 гг. актыўным дзеячам беларускай нацыянальнай ідэі актуальнай і надзённай задачай уяўлялася ўкладанне беларускага навучальнага дапаможніка па нямецкай мове. Для пачатку было вырашана выкарыстаць вопыт палякаў i перакласцi на беларускую мову польскамоўныя метадычныя выданнi. Так, быў зроблены пераклад польскага падручніка “Deutsche Sprache für Anfänger. Polnisch-deutsche Übungen mit Angabe der Aussprache, ihrer Regeln und der notwendigsten Wörter” (9-e vergrösserte Auflage. – Wilno, 1916), у ім змяшчаўся польска-нямецкі слоўнік. Падрыхтаваны беларускi падручнiк па нямецкай мове не быў апублiкаваны, але частка рукапiсу i беларуска-нямецкi слоўнiк з яго захавалiся і зараз зберагаюцца ў Цэнтральнай бібліятэцы АН Літвы ў рукапісным фондзе 21, справа № 21. Кнiгу планавалася выдаць пад назвай “Niamiecki dla pačynajučych. Hutarki biełaruska-niamieckije, s prydačaj wymowy i bolej patrebnych słoŭ”, на тытульным лісце прадугледжвалася захаваць паралельную назву на нямецкай мове: “Deutsche Sprache für Anfänger. WeiЯrussisch-deutsche Übungen mit Angabe der Aussprache und der notwendigsten Wörter”. Подпiс на рукапiсе “Apracawaŭ Wlast” дазваляе канстатаваць, што перакладчыкам польскага падручнiка i ўкладальнікам беларускай часткі беларуска-нямецкага слоўнiка ў iм быў актыўны дзеяч беларускага нацыянальнага грамадскага і культурнага руху В. Ластоўскі. Меркавалася, што “Niamiecki dla pačynajučych. Hutarki biełaruska-niamieckije, s prydačaj wymowy i bolej patrebnych słoŭ” выйдзе ў 1917 г. у друкарні беларускай газеты “Homan”, рэдактарам якой да сярэдзіны 1917 г. быў В. Ластоўскі. Беларускі народны камітэт, паводле слоў сучаснікаў тых падзей, “не меў грошай на нацыянальныя выданні, таму нямецкія ўлады, разумеючы неабходнасць інфармавання насельніцтва, аплачвалі выдаткі на паперу, друк, а таксама фінансавалі работу нямецкага цэнзара” [Вітан-Дубейкаўская 1994, с. 15]. Беларускi падручнiк па нямецкай мове i частка беларуска-нямецкага слоўнiка – гэта некалькi старонак польскага выдання (напісаныя лацінкай), дзе замест слоў польскай мовы, выкрасленых ад рукі, унесены беларускія. Адшуканая частка беларуска-нямецкага слоўніка змяшчае ў сваім складзе 174 перакладныя адзінкі, пададзеныя на пяці старонках, папера якіх з цягам часу пажоўкла, а таму прачытанне некаторых слоў і сказаў выклікае значныя цяжкасці. У слоўнік уключана агульнаўжывальная нейтральная лексіка, выбар якой прадыктаваны навучальнымі мэтамі даведніка. Арыентацыя на навучэнцаў-пачаткоўцаў абумовіла ўключэнне ў слоўнік найбольш пашыраных у штодзённым жыцці слоў і выразаў. Звесткі пра вымаўленне некаторых спалучэнняў нямецкіх літар, асаблівасці ўжывання артыкля з назоўнікам і тэрміны для абазначэння назоўніка, займенніка і дзеяслова (у тэксце адпаведна rečawik, zaimak, čynnik), спражэнне нямецкіх дзеясловаў haben i sein, без якіх немагчыма ўтварэнне часавых дзеяслоўных форм у нямецкай мове, i iх пераклад пададзены перад слоўнікам. Словы ў даведніку згрупаваны па некалькіх тэмах, але ў межах гэтых груп алфавітны парадак не вытрыманы. У адных выпадках, напрыклад, у групе назваў свят і месяцаў, лексемы пададзены ў адпаведнасці з лагічным парадкам змен прыродных з’яў, якія яны намінуюць:
Wažniejšyje światy Kalady – Weihnachten (Wejnachten); Nowy Hod – Neujahr; Wialikdzień – Ostern; Siomucha – Pfingsten (Fingsten); Šośnik – Himmelfahrt (Himelfart).
Mieśiacy studzień – Januar; lipień – Juli; luty – Februar; žniwień – August; marec – März; wieresień – September; krasawik – April; kastryčnik – Oktober; maj – Mai; listapad – November; čerwień – Juni; śniežeń – Dezember.
Аб’ектам перакладу сталі назвы месцаў сельскага жыцця, напрыклад: wioska – das Dorf, miastečko – das Städchen, haściniec – die Landstrasse. Слоўнік утрымлiвае таксама пераклад групы слоў, якія называюць сацыяльны статус вясковых людзей: sielanin – der Bauer, žychár – der Bewohner, párabak – der Knecht, pastúch – der Hirt. З назваў жылля, розных відаў пабудоў і іх частак у перакладным даведніку ўжыты: cháta – die Hütte, płot – die Hecke, punia – die Scheune, chleй – der Kuhstall, stajnik – der Pferdestall, świran – der Speicher, pawietka – die Wagenremise. Значным аб’ёмам адрозніваецца разрад, які склалi словы, звязаныя з гаспадарчай дзейнасцю чалавека. Гэта ў першую чаргу назвы палявых культур: žyto – der Roggen, pšanica – der Weizen, awios – der Hafer, lon – der Lein, kanopli – der Hanf; назвы прылад апрацоўкі зямлі: płuh – der Pflug, barana – die Egge. У гэтую ж групу найменняў увайшлі і дзеясловы, якія абазначаюць спосабы апрацоўкі зямлі: arać – pflügen, barnawać – eggen. Невялікай колькасцю адзінак прадстаўлены назвы расліннага свету, напрыклад: les – der Wald, drewo – der Baum, kust – der Strauch, pień – der Stamm, sosna – die Fichte. У межах раздзела “Auf dem Lande” побач пададзены словы, якія можна аб’яднаць у адну тэматычную групу. Напрыклад, лексемы “возніцкай” тэрміналогіі запісаны ў наступным парадку:
kalosy – der Leiterwagen; sani – der Schlitten; wazak – der Fuhrmann; puha – die Peitsche; koło – das Rad; siadło – der Sattel; stremiano – der Steigbügel; dyšal – die Deichsel.
Відавочнай з’яўляецца непаслядоўнасць у афармленні слоўніка. Тут выразна прасочваюцца два спосабы: 1) у польскім падручніку слова польскай мовы выкраслена, а на яго месцы запісана беларускае, напрыклад:
wieś – wioska – das Dorf; kościól – kaścioł – die Kirche; miasteczke – miastečko – das Städtchen;
2) у рукапісе пададзены толькі беларускія словы, а правая нямецкая частка не запоўнена. Нямецкія адпаведнікі ў гэтым выпадку можна знайсці ў друкаваным польска-нямецкім слоўніку, на ўзор якога распрацаваны беларуска-нямецкі. Параўн. рукапіс і польскі падручнік:
рукапіс: Wiesna – Wośień – Leto – Zima –
польскі Wiosna – der Frühling; Jesień – der Herbst; падручнік: Lato – der Sommer; Zima – der Winter.
Рэестравай часткай у перакладным слоўніку з’явiлася беларуская. Паколькі лексікон ствараўся шляхам перакладу польскай часткі, то ўжо зафіксаваным нямецкім лексічным адзінкам – польскім эквівалентам – адшукваліся беларускія адпаведнікі. Пераважная большасць адзінак перакладу – гэта назоўнікі. Аднак у рукапісе шырока прадстаўлены таксама лічэбнікі (64 адзінкі), падабраны эквіваленты да некалькіх дзеясловаў і сказаў, напрыклад:
Hod maje 365 dzion, abo 52 tydni. – Das Jahr hat 365 Tage, oder 52 Wochen. Marka maje 100 fenihoŭ. – Eine Mark hat 100 Pfennige.
Улічыўшы той факт, што пэўныя спалучэнні літар у нямецкіх словах суадносяцца з адным гукам, аўтарам кнігі часам фіксуецца (у дужках або ў асобным слупку), як трэба вымаўляць нямецкае слова, напрыклад:
piaty – der fünfte – (der finfte); šosty – “ sechste – ( “ zekste); śiomy – “ siebente – (“ zibente).
Асноўным спосабам перакладу стаў падбор найбольш дакладнага эквіваленту да кожнага слова, што мусіла паспрыяць хуткаму запамінанню лексем нямецкай мовы. Рукапіс падручніка і змешчаны ў iм слоўнік больш за 90 гадоў заставаўся нікому не вядомай працай. Можна толькі спадзявацца, што выданне гэтай кнігі на пачатку ХХ ст. прынесла б карысць і з’явiлася б добрым дапаможнікам пры вывучэнні нямецкай мовы. 3. Sieben-Sprachen-Wörterbuch: Deutsch-Polnisch-Russisch-Weißruthenisch-Litauisch-Lettisch-Jiddisch. – Leipzig, 1918. Бюро перакладаў аддзела прэсы пры галоўным камандаванні Обер Ост паміж іншымі штодзённымі справамі (цэнзура iншамоўных нацыянальных газет) [Das Land Ober Ost 1917, S. 147] павiнна было перакладаць загады і абвесткі адміністрацыі на мовы мясцовага насельніцтва занятай тэрыторыі. У перыядычных выданнях паведамлялася: “apryсz pa niamiecku, publikujucca pierakłady prykasaŭ u biełaruskaj, žydoŭskaj, łatyszskaj, litoŭskaj i polskaj mowach” [Ab upraŭleńni ziemlami Ober Ost 1916, s. 3]. У газеце “Гоман” за 16 студзеня 1916 г. быў апублiкаваны загад фельдмаршала Гiндэнбурга “Аб неабмежаваным пашырэннi беларускай мовы нароўнi з iншымi мовамi” [Брэдэрлоў 1995, c. 98]. Паводле гэтага загаду, беларускай мове надавалiся фактычна правы дзяржаўнай мовы на тэрыторыi Обер Ост. “Дзеля таго каб марна не страцiць працоўныя сiлы на паўторныя пошукi моўнага эквiваленту таму або iншаму слову цi паняццю нямецкай мовы i не ўносiць у службовы пераклад розначытаннi, было вырашана стварыць картатэку некаторых нямецкiх слоў i iх перакладаў на латышскую, лiтоўскую, польскую, яўрэйскую, беларускую i рускую мовы” [Das Land Ober Ost 1917, S. 148]. На думку аўтараў лексікону, кожны, хто намагаўся азнаёміцца з духам асобнай мовы акупаванай тэрыторыі, стаяў перад неабходнасцю ў большым ці меншым аб’ёме самастойна займацца перакладчыцкай дзейнасцю. Выказвалася спадзяванне, што слоўнік будзе карысны таксама і мясцоваму насельніцтву. У тых выпадках, калі змест нямецкага распараджэння незразумелы, слоўнік мог дапамагчы пры перакладзе з нямецкай мовы, бо, як адзначалi складальнікі лексікону, “кнiга павiнна была садзейнiчаць паразуменню памiж народамi” [Sieben-Sprachen-Wörterbuch 1918, S. 7]. Асновай для ўкладання перакладнога шматмоўнага слоўніка стала картатэка ўжывання нямецкіх слоў і іх адпаведнікаў на мовах мясцовага насельніцтва акупаванай тэрыторыі. У яе трапілі выпіскі з рознага роду дакументаў і загадаў акупацыйных улад. Перакладныя падборкі слоў першапачаткова прызначаліся для ўнутранага карыстання супрацоўнікаў бюро перакладаў аддзела прэсы пры галоўным камандаванні Обер Ост, якія адказвалі за стварэнне лексікону. Меркавалася, што слоўнік будзе служыць дапаможнікам пры перакладах з нямецкай мовы і выконваць у пэўным сэнсе ролю арфаграфічнага даведніка ў службовых і неслужбовых зносінах з мясцовым насельніцтвам. Распрацаваны на тэрыторыі акупаванай Беларусі ў часы першай сусветнай вайны сямімоўны перакладны даведнiк мае назву “Sieben-Sprachen-Wörterbuch: Deutsch-Polnisch-Russisch-Weißruthenisch-Litauisch-Lettisch-Jiddisch”. Лексікаграфічная крыніца з такімі выхаднымі данымі фіксуецца ў аўтарытэтным нямецкім бібліяграфічным даведніку “Deutsches Bücherverzeichnis. Eine Zusammenstellung der im deutschen Buchhandel erschienenen Bücher, Zeitschriften und Landkarten” (1922), у якім зафіксаваны ўсе кнігі, што былі ў нямецкім гандлі да 1922 г. [Deutsches Bücherverzeichnis 1922, S. 2615]. Перакладны даведнік у літаратуры ХХ ст. атрымаў, акрамя вышэйпамянёнай, і іншыя назвы. У кнізе “Das Land Ober Ost. Deutsche Arbeit in den Verwaltungsgebieten Kurland, Litauen und Białystok-Grodno”, што нагадвае сабой своеасаблiвую справаздачу пра ўсю дзейнасць, якая праводзiлася i планавалася немцамi на акупаванай тэрыторыi, слоўнік згадваецца як “Слоўнік на (у) сямі мовах” (Das Land Ober Ost 1917, S. 147). Даведнік “Русская зарубежная книга” (1924) у раздзеле бібліяграфіі слоўнікаў змяшчае інфармацыю пра выданне “Параллельный словарь. Ньмецко-польско-русско-бьлорусско-литовско-латышско-іудейскій (жаргон). 1918” [Русская зарубежная книга 1924, c. 75]. Кнігі з такой назвай або спасылак на яе ў іншых бібліяграфічных даведніках адшукаць пакуль не ўдалося. Можна толькі выказаць меркаванне, што ўкладальнікі “Русской зарубежной книги” адвольна або, магчыма, выкарыстаўшы невядомыя сёння матэрыялы пераклалі нямецкі загаловак на рускую мову і з вышэйзгаданай назвай падалі ў сваім даведніку. У беларускім мовазнаўстве за гэтай лексікаграфічнай крыніцай замацаваліся назвы: “Лексыкон беларускай мовы ў нямецкай апрацоўцы” [Байкоў 1921, c. 10], “Лексікон беларускай мовы ў нямецкай апрацоўцы” [Крамко, Юрэвіч, Яновіч 1968, с. 194] і “Сямімоўны слоўнік” [А. 1918, с. 3; Шакун 1995, с. 182; Цыхун 2000, с. 3]. Ажыццявіць паспяховую дзейнасць па падрыхтоўцы шматмоўнага даведніка было даволі складана з прычыны наяўнасці праблем як пазалінгвістычнага, так і лінгвістычнага характару. Перш за ўсё, апрацоўка матэрыялу адбывалася ў неспрыяльных умовах вайны. Стварэнне слоўніка было неасноўным, дадатковым заданнем для супрацоўнікаў бюро перакладаў, таму да працы такога плана звярталіся нерэгулярна, час ад часу, што не магло не адбіцца на яго якасці. Вялікім недахопам, на думку аўтараў, з’яўляўся і факт немагчымасці ў складаных гістарычных варунках запрасіць да супрацоўніцтва спецыялістаў. Абставіны вайны не дазвалялі таксама карыстацца ў поўнай меры здабыткамі ўжо існуючай слоўнікавай практыкі: “навуковыя падручныя сродкі” маглі б дапамагчы пры перакладзе, але іх не мелі супрацоўнікі бюро. Выхад да такіх крыніц, як Пецярбург, быў зачынены” [Sieben-Sprachen-Wörterbuch 1918, S. 7]. Тым не менш у раздзеле “Літаратура” пазначаны шэраг слоўнікавых крыніц, якія, быццам, залучаліся пры стварэнні лексікону. Сярод іх называюцца і дзве беларускія: 1) J. J. Nossowitsch. Weißruthenisches (russisches) Wörterbuch; 2) Gorbatschewsky. Wörterbuch der alten Aktensprache im nordwestlichen Rußland. Паводле меркавання М. Байкова, “абмылкi ў фамiлii Насовiча i ў передаче заголоўка яго слоўнiку, а так сама атсутнасьць паказаньняў на мейсца i год выданьняў першай i другой кнiгi, даюць зачапку дагадывацца, што гэтых кнiг не было пад рукамi немцаў” [Байкоў 1921, с. 11]. Пытанне аб аўтарстве “Сямiмоўнага слоўнiка” з’яўляецца спрэчным, таму што ў самiм слоўнiку дакладныя звесткi пра гэта адсутнiчаюць. У прадмове да шматмоўнага лексiкону адзначаны той факт, што над яго стварэннем не працавалі спецыялісты. Вядома толькі, што сярод супрацоўнікаў бюро перакладаў аддзела прэсы было абсалютна немагчыма знайсці тых, хто б валодаў мовамі мясцовага насельніцтва акупаванай тэрыторыі. Таму для перакладаў з/на нямецкую мову запрашаліся мясцовыя перакладчыкі, з якімі былі аформлены часовыя дамовы. Рэцэнзент слоўніка А. Луцкевіч сцвярджаў, што беларускую частку лексікону ўклала Г. Душэўская – жонка славутага беларускага дзеяча К. Дуж-Душэўскага. Ён пісаў: “Тое, што ўдалося зрабіць скромнай беларускай работніцы, п. Ганне Душэўскай, жывучы ў Коўне, ёсць ужо многа. Відаць і сумленнасьць у рабоці, толькі даволі ярка кідаецца ў вочы нестача матэр’ялаў” [А. 1918, c. 3]. Прыхільнікам гэтай думкi быў і А. Калубовiч [Калубовiч 1992, c. 68]. Сучасны даследчык беларуска-нямецкіх культурных узаемадачыненняў У. Сакалоўскi мяркуе, што ў падрыхтоўцы i стварэннi беларускай часткi “Сямiмоўнага слоўнiка” прыняў удзел Р. Абiхт [Сакалоўскi 1994, c. 57]. Магчыма, у стварэннi картатэкi слоўнiка брала ўдзел i Ю. Менке (пасля вайны – Дубейкаўская, псеўданiм – Кветка Вiтан), актыўная дзяячка “Камiтэта дапамогi ахвярам вайны”, якi ва ўмовах ваеннага рэжыму стаў першай народнай арганiзацыяй i цэнтрам культурнага жыцця [Głogowska 1996, s. 24], прадстаўнiца Беларускага камiтэта ў нямецкую раду школьнага магiстрата. Яна ўспамiнала: “Праз Schulrat я дасталася ў вайсковы ўрад (Militдr Verwaltung) як перакладчыца. Гэта была праца дарыўчатая: то якісь дакумэнт, то кнігу трэба было ператлумачыць, часта я дыктавала там жа стэнатыпістцы, потым я сталася супрацоўніцай газэты Х-й арміі (Zeitung der X. Armee), якую немцы выдавалі ў Вільні і дзе шмат падавалі артыкулаў з геаграфіі, этнаграфіі й гісторыі нашага краю. Увесь матар’ял для гэтых артыкулаў тлумачыла я. Часта Іван (I. Луцкевiч. – К. Л.) пазычаў мне свае кнігі й казаў: – Няхай немцы пазнаюць наш край і ягоную гісторыю, тады лягчэй будзе зь імі гаварыць аб правох беларускага народу. Гэтак увесь час нямецкай акупацыі ад 1916 г. да канца 1918-га я працавала як перакладчыца, плацілі мне ад ліста, і я зарабляла каля 300 і больш марак у месяц, што на тыя часы было многа” [Вітан-Дубейкаўская 1994, c. 53]. Хутчэй за ўсё, слоўнік з’явіўся вынікам калектыўнай працы і ў перакладзе на беларускую мову аб’ёмнай картатэкі прымалі ўдзел некалькі чалавек. Спрэчным у гiсторыi “Сямiмоўнага слоўнiка” застаецца i вызначэнне выдавецтва, якое яго надрукавала, бо на тытульным лісце пазначаны адразу “Presseabteilung des Oberbefehlshabers Ost” i “Otto Spamer” у Лейпцыгу. Нямецкія бібліяграфічныя даведнікі, якія, аднак, былі ўкладзены пасля выдання слоўніка, бяруць пад сумненне дакладнасць звестак пра месца выдання і выдаўца слоўніка. У аўтарытэтным і добра вядомым нямецкім бібліяграфічным даведніку “Deutsches Bücherverzeichnis. Eine Zusammenstellung der im deutschen Buchhandel erschienenen Bücher, Zeitschriften und Landkarten”, што ўжо згадваўся вышэй, зафіксавана: “Sieben-Sprachen-Wörterbuch: Dtsch.-Poln.-Russ.-Weissruthen.-Litauisch.-Lett.-Jidd. Hrgs. im Auftr. d. Oberbefehlshabers Ost. (420 S.) Lex 8.0? o.O. u. o. J. [’18]. Presseabteilg. d. Oberbefehlshabers Ost.? – Leipzig, O. Spamer in Komm. Hlwbd. 20” [Deutsches Bücherverzeichnis 1922, S. 2615]. Пытальнік побач з назвай выдавецтва, паводле ўкладальнікаў, сведчыць пра тое, што спасылка дадзена без поўнай упэўненасці ў гэтых звестках. Скарачэнне “o.O. = ohne Ort [Erscheinungsort ist im Buch nicht angegeben]” значыць ’без месца, месца выдання ў кнiзе не ўказана’. Ідэнтычная інфармацыя пра “Сямімоўны слоўнік” знаходзіцца і ў сучасным нямецкім бібліяграфічным даведніку “Gesamtverzeichnis des deutschsprachigen Schrifttums (GV) 1911–1965” [Gesamtverzeichnis des deutschsprachigen Schrifttums 1980, S. 61]. Вышэйназваная “Русская зарубежная книга” месцам выдання слоўнiка вызначае Рыгу i выдавецтва “Вальтерс и Рапа”. Рыжскi агульны бiблiяграфiчны паказальнiк “Vispārīgs grāmatu rādītājs. Izvedusi Latvijas Grāmatu Tirgotāju un Izdevēju Biedrība” (Riga, 1926) фiксуе: “Sieben-Sprachen-Wörterbuch. Deutsch-Polnisch-Russisch-Weißruthenisch-Litauisch-Lettisch-Jiddisch. 50” [Vispārīgs grāmatu rādītājs 1926, s. 155]. Як бачна, даныя пра аўтара і месца выдання апушчаны ў бібліяграфічным паказальніку, але ў прадмове да яго аўтары агаворваюць, што ён змяшчае звесткі аб кнігах мясцовага выдавецтва (г.зн. братоў Вальтерс i Рапа. – К. Л.) i тых, якiя былi на кнiжным рынку. Аўтары кнігі “Das Land Ober Ost” адзначаюць, што на абшары Обер Ост iснавала выдавецтва аддзела прэсы галоўнай стаўкi Ост – “Presseabteilung des Oberbefehlshabers Ost”, у якiм выйшаў шэраг матэрыялаў[7] з мэтай азнаямлення з культурай i насельнiцтвам занятых немцамі тэрыторый. Не выключана, што “Сямiмоўны слоўнiк” надрукаваны ў гэтай установе, больш таго, як ужо адзначалася вышэй, яго выданне якраз і планавалася аддзелам прэсы. Выдавецтва “Оtto Spamer” падаецца пасля слоў для кнiжнага гандлю. Гэта можна пракаменціраваць тым, што магчымасцi выдавецтва на занятай тэрыторыi былi абмежаваныя і для большага тыражу і актыўнага продажу выкарыстоўваліся iншыя выдавецтвы, у тым лiку i “Otto Spamer” у Лейпцыгу. Укладзены “Сямімоўны слоўнік” – гэта аб’ёмная кніга вялікага фармату ў цвёрдай вокладцы. Перакладны даведнік набраны на добрай паперы, можна меркаваць, што ў час свайго стварэння лексікон быў выданнем высокай паліграфічнай якасці. Ён змяшчае больш за 8000 рэестравых слоў. У склад кнігі, акрамя слоўніка, уключаны ўступ (3 старонкі) і спіс літаратуры (1 старонка), а ўсё выданне налічвае 420 старонак. У рэестр перакладнога лексікону ўвайшлі лексемы нямецкай мовы пачатку ХХ ст. Асноўным крытэрыем для ўключэння лексічнай адзінкі ў слоўнік з’явiлася яе ўжывальнасць і актыўнае выкарыстанне ў штодзённым афіцыйным жыцці. Масіў слоўніка склалі пераважна агульнаўжывальная нейтральная і тэрміналагічная лексіка з галін кіраўніцтва, юрыспрудэнцыі і гандлю, найбольш частотная ў прэсе. Разам з тым тут прадстаўлены і такія словы, а то і асобныя выразы, якія ўзніклі для абазначэння новых форм грамадскага жыцця, для перадачы паняццяў, звязаных з навукова-тэхнічным прагрэсам, развіццём культуры, асветы і г.д. Акрамя вышэйпамянёных лексічных груп, у корпус слоўніка ўключаны геаграфічныя і адміністрацыйныя назвы па стане на 1916–1918 гг. Словы з нямецкай мовы размешчаны строга ў алфавітным парадку і выдзелены тлустым шрыфтам. Да кожнага нямецкага рэестравага слова прыведзены адпаведнікі з іншых моў у наступнай паслядоўнасці: польскі эквівалент, рускі, беларускі, літоўскі, латышскі, ідыш, якія аддзелены паміж сабой вертыкальнымі лініямі. Слоўнікавы артыкул займае ўвесь разварот. Арыентуючыся на распараджэнні акупацыйных улад, аўтары лексікону ўсе яго часткі, за выключэннем рускай і ідыш, набралі на лацінцы[8]. Лексіка-граматычныя класы слоў прадстаўлены ў даведніку з рознай паўнатой. Значную большасць складаюць назоўнікі, сярод якіх выразна вылучаюцца кампазіты. Колькаснай перавагай адрозніваюцца таксама дзеясловы і прыметнікі, даволі абмежавана пададзены дзеепрыметнікі і прыслоўі. Складальнікі слоўніка праз стылістычныя паметы звяртаюць увагу чытачоў на сферу выкарыстання той ці іншай лексічнай адзінкі. Так, у рэестравай частцы шматмоўнага даведніка зафіксаваны наступныя стылістычныя паметы militär., öffentliche, geschäftl., chem., напрыклад:
Abzeichen (militär.) – znak, prymeta; Beglaubigung (öffentliche) – zawiereńie; handeln (geschäftl.) – tarhawacca, tarhawać; Niederschlag (chem.) – muć.
Частка загаловачных слоў суправаджаецца дадатковымі аўтарскімі заўвагамі, якія запісаны светлым шрыфтам у круглых дужках. Напрыклад, для размежавання прыслоўя і прыметніка выкарыстоўваліся паметы, што змяшчаліся непасрэдна пасля лексем, – adv. або adj.:
öffentlich (adv.) – publična; klein (adj.) – mały, drobny.
Пераходныя і непераходныя дзеясловы забяспечаны граматычнай паметай, якая ў адным выпадку скарочана да trans. – intrans., а ў другім – transit. – intransit., адпаведна пераходны – непераходны, напрыклад:
speisen (trans.) – karmić; speisen (intrans.) – jeści, siłkawacca; scheiden (intrans.) – razwiaści, razłučyć; riechen (trans. u. intrans.) – pachnuć; schmelzen (transit.) – tapić; schmelzen (intransit.) – rastopliwacca.
Для размежавання амонімаў, якія падаюцца ў розных слоўнікавых артыкулах, выкарыстана некалькі спосабаў. Адзін з іх заключаецца ў тым, што рэестравыя словы забяспечваюцца ўказаннем на іх часцінамоўную прыналежнасць, параўн.:
erfahren (Adj.[9]) – daznany; erfahren (Verb.) – dawiedacca, daznać; verlegen (adj.) – skłapatany, pasaromleny; verlegen (verb.) – wydawać; still (adj.) – cichi, spakojny; still (adv.) – ciha, spakojna.
Другі спосаб зведзены да таго, што пры адным слове-амоніме ўказана сфера яго выкарыстання, а пры іншым (у круглых дужках) пададзены сінонім з больш вузкім / шырокім яго значэннем, напрыклад:
Posten (milit.) – straža; Posten (im Buch) – padrachunak; Birne (elektr.) – lampačka (elektr.); Birne (Frucht) – hruška; Medizin (Wissensch.) – medycyna; Medizin (Arznei) – lekarstwa; Note (diplomatische) – nota; Noten (Musik) – noty.
Трэці спосаб зыходзіць з граматычнай характарыстыкі слова: пры назоўніку-амоніме ўказваецца артыкль, што і служыць размежаваннем яго лексічнай семантыкі, напрыклад:
Band, der – tom, wiazka; Band, das – stužka; Leiter, der – kiraйnik; Leiter, die – leświca; See (der) – woziera; See (die) – more.
Асноўным прынцыпам перакладу нямецкіх рэестравых слоў выступіў падбор і вызначэнне найбольш адэкватнага беларускага эквіваленту. Аднак, па словах укладальнікаў лексікону, “для многіх паняццяў, якія трывала ўкараніліся ў нямецкай мове, у замежных мовах (мовы мясцовага насельніцтва на абшары Обер Ост. – К. Л.) не было слоў, значэнне якіх дакладна супадала б з нямецкім словам. З пэўнай адвольнасцю сярод разнастайных выразаў вылучаўся адзін для таго, каб трывала звязаць з гэтага моманту выбранае слова з пэўным значэннем” [Sieben-Sprachen-Wörterbuch 1918, S. 7]. Тлумачэнне, якое датычылася аб’ёму перакладной адзінкі, фіксавалася ў дужках, напрыклад:
Almosen – (starecki) dar; aufkrempeln – zawiarnuć, walić (sukno); brechen – łamać, saščapić (ruki), zrywać (kraski), miać (lon).
Часта значэнне загаловачнага слова немагчыма было перадаць адным адпаведнікам у перакладной частцы, таму для найбольш дакладнага і поўнага яго раскрыцця аўтары падбіралі беларускія сінонімы, якія маглі даць патэнцыяльныя адпаведнікі ў розных кантэкстах. У якасці сінонімаў выступалі або словы, або словы і словазлучэнні, якія падаваліся праз коску, напрыклад:
Gebot – zahad, predłažeńie; hohl – parožny, pusty, duplisty; Kern – ziarno, jadro; Lohn – naharoda, zarobak, płata.
Ацэнка “Сямімоўнага слоўніка”, а таксама асэнсаванне яго ролі ў фарміраванні беларускай лексікаграфічнай практыкі адлюстраваны ў рэцэнзіях і навуковых даследаваннях беларускай і замежнай лінгвістыкі, у шэрагу з якіх ён не атрымаў станоўчай ацэнкі. Інфармацыя пра “Сямімоўны слоўнік” з’явілася ў нямецкім перыядычным друку адразу пасля яго выдання. Аўтары паведамленняў адзначалі, што “стварэнне “Sieben-Sprachen-Wörterbuch” абумоўлена, у першую чаргу, запатрабаваннямі вайны і ён стаўся неабходным дапаможнікам для ўзаемапаразумення з мясцовым насельніцтвам на акупаванай тэрыторыі” [S. V. 1918, S. 4]. “Перакладны даведнік павінен служыць практычным мэтам перакладу з галін кіравання, юрыспрудэнцыі і ваеннай справы” [Zeitschrift des Vereines deutscher Ingenieure 1918, S. 646]. “Паколькі ў слоўнік увайшла гандлёвая лексіка і лексіка рамёстваў, ён быў прызначаны да выкарыстання і ў гандлі” [Berliner Tageblatt 1918, S. 5]. Як лічаць аўтары інфармацыйных нататак, недахоп аналізуемага даведніка ў недасканалай навуковай апрацоўцы, таму яго трэба разглядаць толькі як першую спробу і чакаць наступных, больш дапрацаваных выданняў. “Слоўнік, аднак, з’яўляецца моцным ланцужком, які звязвае немцаў з народамі Усходу” [Zeitschrift des Vereines deutscher Ingenieure 1918, S. 646]. П. Векслер у сваёй працы “Byelorussification, Russification and Polonization Trends in the Byelorussian Language 1890–1982” [Wexler 1985, p. 39] выказаў меркаванне, што выданне слоўніка беларускай гутарковай мовы[10] сведчыла пра падтрымку немцамі беларускага моўнага адраджэння. Ацэнка “Сямімоўнага слоўніка”, а таксама асэнсаванне яго ролі ў фарміраванні беларускай лексікаграфічнай практыкі адлюстравана ў рэцэнзіях і навуковых даследаваннях беларускай лінгвістыкі. Так, А. Луцкевіч адзначаў: “Мы разумеем, што варункі, у якіх адбылася праца над Сяміязычным слоўнікам, і кароткі тэрмін, дадзены для выпаўненьня яе, не далі магчымасьці даць рэч ідэальную. І тое, што ўдалося зрабіць ... ёсць ужо многа. <...> Што можна было даць пры такіх варунках – дадзено. У будучыне будзем ждаць лепшага слоўніка, але гэтага ня зробіш, гуляючы” [А. 1918, с. 3]. Аўтарамi манаграфii “Гiсторыя беларускай лiтаратурнай мовы” “Лексiкон беларускай мовы ў нямецкай апрацоўцы” не ўлiчваецца пры разглядзе першых паслярэвалюцыйных слоўнiкаў, бо “ён не аказаў iстотнага ўздзеяння на лексiкаграфiчную практыку наступных гадоў” [Крамко, Юрэвіч, Яновіч 1968, с. 194]. У вучэбным дапаможнiку “Гiсторыя беларускага мовазнаўства” адзначана, што перакладны даведнік з’яўляецца даволi арыгiнальнай працай, але не мае якой-небудзь значнай навуковай вартасцi [Шакун 1995, с. 182–183]. На думку Г. Цыхуна, “Сямімоўны слоўнік” усё ж меў значэнне для фарміравання беларускай літаратурнай мовы: “па-першае, можна лічыць, што ў ім упершыню зроблена спроба кадыфікацыі беларускай літаратурнай мовы ў галіне лексікі, бо невялікія дыферэнцыяльныя руска-беларускія слоўнічкі братоў Гарэцкіх гэтую функцыю выканаць не маглі. Па-другое, тут былі закладзены асновы фарміравання нацыянальнай тэрміналогіі з выкарыстаннем уласных моўных рэсурсаў, што шмат у чым прадвызначыла яе будучае развіццё” [Цыхун, 2002]. Такім чынам, “Сямiмоўны слоўнiк” з’явiўся, па сутнасці, першай спробай стварэння шматмоўнага лексікону з уключэннем беларускай мовы, што, вядома, спрыяла апрацоўцы беларускага лексічнага матэрыялу. Гэты даведнiк цікавы для гісторыі беларускай лексікаграфічнай практыкі, і “сам факт такога выданьня заслугоўвае ўвагі” [Байкоў 1921, с. 12]. Рэцэнзiя на слоўнiк была напiсана М. Байковым – адным з вядучых укладальнiкаў перакладных слоўнiкаў у 20–30-я гады ХХ ст., што, безумоўна, сведчыць пра выкарыстанне даведніка ў перакладчыцкай дзейнасці. Гiсторыя стварэння слоўнiка адлюстроўвала надзённую патрэбу распрацоўкі беларускамоўных слоўнiкаў. Складальнiкi лексiкону не толькi прызнавалi наяўнасць беларускай мовы, не толькi адмяжоўвалi яе ад рускай i польскай моў, але i ўздымалi яе аўтарытэт, спрыялi замацаванню як мовы лiтаратурнай. 4. Беларуская навуковая тэрмiнолёгiя. Вып. 16. Слоўнiк глебазнаўчае тэрмiнолёгii (Проект). – Менск, 1927. 20–30-я гады ХХ ст. прынята адносіць да перыяду беларускага нацыянальнага адраджэння, якое знайшло сваё адлюстраванне ў т.зв. беларусiзацыi. Актуальнай для беларускамоўнай навукі ў гэты час з’яўлялася распрацоўка беларускай тэрмiналогiі па разнастайных галiнах навукi. Для вырашэння пастаўленай задачы была арганізавана Навукова-тэрмiналагiчная камiсiя, у вынiку дзесяцігадовай працы якой з’явіліся 23 выпускi “Беларускай навуковай тэрмiналогii”. Спроба падбору беларускiх адпаведнiкаў да рускіх тэрмiнаў з уключэннем нямецкай часткi зроблена ў “Слоўнiку глебазнаўчае тэрмiнолёгii”[11]. Галоўная Тэрмiналагiчная Камiсiя дазволiла выхад шаснаццатага выпуску, як i папярэднiх тэрмiналагiчных выпускаў, толькi як праекта. Членамi камiсii i самiм аўтарам не выключалася магчымасць яго перавыдання, але ўмовамі для гэтага павiнны былі стаць навуковая апрацоўка ўжо выдадзенага матэрыялу i запатрабаваннi педагагiчнай практыкi. Адзначалася таксама, што Галоўная Тэрмiналагiчная Камiсiя “i далей зьбiрае тэрмiнолёгiчны матар’ял – народны i лiтаратурны, каб у наступных выданьнях пашыраць i выпраўляць тое, што на падставе новага матар’ялу будзе вымагаць належных выправак i дадаткаў” [БНТ 1927, c. 5]. Аўтарамi добра ўсведамлялася, што ўкласці па-новаму распрацаваны, удасканалены варыянт (“дакладную тэрмiнолёгiю”), якi б цалкам задаволiў педагагiчную практыку i адпавядаў навуковасцi, – справа вельмi нялёгкая. Таму на дапамогу запрашалiся ўсе зацiкаўленыя асобы i ўстановы. “Слоўнiк глебазнаўчае тэрмiнолёгii” складаецца з дзвюх частак: расiйска-беларуска-нямецкага слоўнiка i слоўнiка беларускiх тэрмiнаў. У раздзеле “Ад Галоўнае Тэрмiнолёгiчнае Камiсii” i “Прадмове” апiсаны асноўныя моманты, звязаныя з распрацоўкай i ўкладаннем кнiгi. Усяго ў даведнік увайшлі 832 тэрмiны, пазначаныя асобным нумарам. Расiйска-беларуска-нямецкi слоўнiк займае 34 старонкi, кожная з якiх строга падзелена на тры калонкi. Ролю рэестравага выконвае тэрмiн рускай мовы, затым iдуць беларускi i нямецкi эквiваленты. Асноўны масiў слоўнiка склалi словы тэрмiналагiчнага характару з такiх галiн, як глебазнаўства, хiмiчны аналiз глебы i геалогiя. Пры ўкладаннi слоўнiка глебазнаўчай тэрмiналогii выкарыстоўваліся крынiцы рознага характару, што залежала ад такiх крытэрыяў, як ступень i ўзровень развiцця адпаведнай тэрмiнасiстэмы ў мове, i ўвогуле наяўнасцi ў ёй лiтаратуры па прадмеце даследавання. Тэрмiны i словы тэрмiналагiчнага характару ў рускай частцы перакладнога даведнiка сабраны з лепшых тагачасных курсаў глебазнаўства i друкаваных глебазнаўчых прац на Беларусi. Нямецкамоўныя эквiваленты да рускiх тэрмiнаў адшуквалiся ў слоўнiках i навейшай нямецкай глебазнаўчай лiтаратуры. Беларускiя ж адпаведнiкi да рускiх тэрмiнаў вырашана было збiраць перш за ўсё са скарбнiц народнай мовы, таму аказаліся зафіксаванымі тэрмiны з некаторых частак Магiлёўшчыны, Калiнiншчыны, Міншчыны, Случчыны, Вiцебшчыны. Беларуская частка запiсана кiрылiчным шрыфтам. Толькi некаторыя словы забяспечаны нацiскам. Пераважная колькасць загаловачных слоў – гэта назоўнiкi, якiя часам маюць пры сабе залежныя прыметнiкi, што дэталiзуюць значэнне галоўнага слова. Адзінкі іншых лексіка-граматычных класаў выкарыстаны ў гэтай слоўнікавай крыніцы абмежавана. Аўтарам уведзены шэраг памет, запiсаных у скарочаным выглядзе, без расшыфроўкi:
Мерный стакан [мех. ан.] – Вымерная падзельная шклянка – das Messglass; Аппарат Робинзона (мех. ап.) – Пiпэтнiк, Робiнзонаў апарат – der Pipettapparat; Лопатки (мех. ан.) – Мешалка – der Spatel; Отмывать [мех. спос.] – Адмываць, адпалоскваць – ab- , auswaschen, abspülen; Свертываться (коллоид. в.) – Сьсядацца – gerinnen.
У круглых i квадратных дужках пададзена iнфармацыя пра тое, у якiм са зборнiкаў серыi “Навуковай тэрмiналогii” або iншым выданнi ўжо зафіксаваны беларускi тэрмiн, напрыклад:
Аллювий – Алювi, наплавы, намыў (БНТ 6) – das Alluvium, der Alluvialboden; Водяная баня – Вадзяная грэлка (БНТ 18 ) – das Wasserbad; Клочковатый – Клаччаваты (Нс.) – klumpig; Лёсс – Лёэс (БНТ 3) – Жоўтая глiна – der Löss.
Тлумачэннi і дадатковая iнфармацыя, якая раскрывае змест тэрмiна, адзначаюцца толькi ў рускай або адначасова ў рускай i беларускай частках, напрыклад:
Горизонт (почвенный) – Пазем, слой – der Horizont, die Schicht; Извлечение (из раствора) – Выцягваньне, выцяг (з рошчыну) – das Ausziehen, der Auszug.
Аднаму тэрмiну рускай мовы ў беларускай i нямецкай частках адпавядае як адна тэрмiнаадзiнка, так i шэраг сiнонiмаў, аформленых праз коску. Калi пэўны элемент састаўнога па структуры тэрмiна (адзiн з кампанентаў тэрмiна-словазлучэння або кампазiта) у сваю чаргу мае сiнонiм, ён заключаны ў квадратныя або круглыя дужкi, напрыклад:
Микроскоп двойной – Бiнокуляр, мiкроскоп падвойны – das Binokular, Doppelmikroskop; Изоморфные смеси – Iзаморфныя (аднаморфныя) сумесi – die isomorphen Mischungen; Железняк бурый – Жалязьняк буры, рудзяк – das Brauneisen [-stein, der].
Даючы агульную ацэнку “Слоўніку глебазнаўчае тэрмінолёгіі”, трэба адзначыць, што ён, нягледзячы на невялiкi памер, з’яўляецца цікавай спробай распрацоўкi перакладнога тэрмiналагiчнага даведнiка, што, бясспрэчна, спрыяла ў той перыяд апрацоўцы беларускага лексiчнага матэрыялу, нармалiзацыi i кадыфiкацыi беларускай глебазнаўчай тэрмiналогii. Стварэнне перакладнога даведнiка садзейнiчала вылучэнню i фарміраванню ў беларускай лексiкаграфii тыпу перакладнога тэрмiналагiчнага слоўнiка. 5. [Ioгансoн-Гегель Э.Г.] Alphabetisches Wörterverzeichnis // Ioгансoн-Гегель Э.Г. Lehrbuch der deutschen Sprache = Падручнiк па нямецкай мове: Для 5-га класа сярэдняй школы. – Менск, 1935. Ioгансoн-Гегель Э.Г. Deutsch = Падручнік па нямецкай мове для няпоўнай сярэдняй і сярэдняй школы. – Ч. ІІ для 6-га класа. – 3-е выд. / Пер. з руск. выд. – Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусi. Вучпедсектар, 1936. – С. 64–81. Ioгансoн-Гегель Э.Г. Lehrbuch der deutschen Sprache = Падручнiк па нямецкай мове для пачатковай школы. Пяты год навучання. – 2-е выд., перапрац. / Пер. з руск. выд. – Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі. Вучпедсектар, 1934. – С. 72–79. Ioгансoн-Гегель Э.Г. Lehrbuch der deutschen Sprache = Падручнiк па нямецкай мове для 7-га кл. сярэдняй школы. / Пер. з 2-га перапрац. руск. выд. – Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусi. Вучпедсектар, 1936. – С. 85-110. Ioгансoн-Гегель Э.Г. Lehrbuch der deutschen Sprache = Падручнiк па нямецкай мове для 6-га кл. сярэдняй школы. – 3-е выд., перапрац. / Пер. з другога руск. выд. – Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі. Вучпедсектар, 1935. – С. 64-76. Ioгансoн-Гегель Э.Г. Lehrbuch der deutschen Sprache = Падручнiк па нямецкай мове для 7-га кл. сярэдняй школы. / Пер. з 2-га перапрац. руск. выд. – Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусi. Вучпедсектар, 1935. – С. 85-110. Ioгансoн-Гегель Э.Г. Lehrbuch der deutschen Sprache = Падручнiк па нямецкай мове. Сёмы год навучання. / Пер. з 2-га перапрац. руск. выд. – Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусi. Вучпедсектар, 1934. – С. 85-110. Ioгансoн-Гегель Э.Г. Lehrbuch der deutschen Sprache = Падручнiк па нямецкай мове. Восьмы год навучання / Пер. з руск. выд. – Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусi. Вучпедсектар, 1934. – С. 91-130. Ioгансoн-Гегель Э.Г. Lehrbuch der deutschen Sprache = Падручнік па нямецкай мове. Шосты год навучання. – 2-е выд., перапрац. / Пер. з другога руск. выд. – Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусi. Вучпедсектар, 1934. – С. 64–76. Беларускамоўныя падручнiкi па нямецкай мове ўпершыню выйшлi ў свет на тэрыторыi Савецкай Беларусi як літаральны пераклад рускамоўных савецкiх выданняў і прызначалiся вучням пятых i шостых класаў беларускай школы i настаўнiкам нямецкай мовы. У структуру падручнiкаў уключаны перакладныя нямецка-беларускiя лексікаграфічныя матэрыялы. Сваім зместам слоўнiкi адпавядалi мэтам i задачам навучальнага працэсу, якія, з аднаго боку, вызначаліся тагачаснымi тыпавымi праграмамi па нямецкай мове, а з другога, – абумоўліваліся ўзростам навучэнцаў і ўзроўнем iх ведаў. Для завучвання прапанаваны тэмы прапагандысцкага i выхаваўчага характару, напрыклад: “Чырвоны Кастрычнiк”, “Пабеда рэвалюцыi”, “Горад”, “Жывёльны свет” i iнш. Перакладныя падборкі слоў склалi пры гэтым серыю вучэбных слоўнiкаў з нарастальнай складанасцю. Аўтарамі прадугледжвалася пераемнасць i паслядоўнасць увядзення перакладнога матэрыялу, рэкамендаванага праграмай. Слоўнiкавыя матэрыялы прадстаўлены двума тыпамi. Адзiн з iх складаюць перакладныя падборкi слоў да канкрэтнай тэмы, вывучэнне якой плануецца на пэўных занятках (т.зв. паўрочныя тэматычныя слоўнiкi). А другі – гэта абагульнены спiс нямецкiх слоў i iх беларускiх адпаведнiкаў, абавязковае засваенне якіх меркавалася на працягу ўсяго навучальнага года праграмай для пятых і шостых класаў. Ён названы “Alphabetisches Wörterzeichnis” і вынесены ў канец падручнiкаў. У тэматычных слоўнiках словы пададзены паслядоўна паводле iх ужывання ў невялiчкiх вучэбных тэкставых падборках i па семантычнай тоеснасцi. Слоўнiкавыя артыкулы ў “Alphabetisches Wörterzeichnis” пабудаваны строга ў алфавiтным парадку, ролю рэестравай выконвала нямецкая мова. Нямецкiя назоўнiкi прыведзены ў назоўным склоне адзiночнага лiку, артыкль паказвае iх род; пасля назоўнiка фіксуюцца канчатак роднага склону i паказальнікі множнага лiку – Umlaut i канчатак. У выпадку адсутнасцi спецыяльных канчаткаў пастаўлены працяжнiк (–). Дзеясловы ў рэестравай частцы пададзены ў неазначальнай форме. Пасля яе дзеяслоў стаіць у першай асобе прошлага часу (Präteritum): пры моцных дзеясловах прыводзіцца поўная форма (waschen, wusch мыць), а пры слабых дзеясловах – толькі канчатак -te (führen, -te весцi); аддзяляемыя прыстаўкi набраны тлустым шрыфтам. Пры некаторых дзеясловах указаны склоны i прыназоўнiкi, якiх яны патрабуюць. Прыметнiкi нямецкай мовы дадзены ў кароткай форме. У перакладной частцы прапанаваны пераважна адзiн беларускi эквiвалент да нямецкага рэестравага слова або найбольш ужывальныя беларускiя сiнонiмы. Перакладныя слоўнікі – дадаткі да школьных падручнікаў – не маюць сёння вялікай навуковай вартасці, але для гiсторыi беларускай перакладной лексiкаграфii яны цікавыя як спробы распрацоўкі нямецка-беларускіх слоўнiкаў метадычнай накіраванасці, у якіх прадугледжана тэматычная паступовасць падачы лексікаграфічных матэрыялаў для вучняў розных класаў з улікам агульнай праграмы па нямецкай мове. 6. [Бакач П.] Нямецка-беларускi альфабэтычны слоўнiк // Бакач П. Падручнік нямецкага языка для Беларусаў = Bakatsch P. Lehrbuch der deutschen Sprache für Weißruthenen. – Berlin, 1941. Распрацоўка беларускамоўнага падручнiка па нямецкай мове i перакладных слоўнiкаў на тэрыторыi Заходняй Беларусi заставалася актуальнай яшчэ і да пачатку другой сусветнай вайны. “Ажыццявіць гэта не было лёгкай справай, бо, па-першае, польскія акупацыйныя ўлады праявы гэткага роду разглядалі як варожыя, а па-другое, беларускае грамадзянства, занятае змаганьнем за штодзённае нацыянальнае жыцьцё народу, па-просту ня мела часу ўзяцца за апрацоўку падручніка” [Бакач 1941, с. 5]. Пасля падзей 1939–1940 гг. “у межах Нямеччыны апынулася каля цьверці міліёну беларускіх сялян, работнікаў і інтэлігенцыі” [Там жа], таму распрацоўка перакладных даведнікаў з уключэннем беларускай і нямецкай моў стала пытаннем дня. І як вынік гэтага, у 1941 г. выходзіць з друку “Падручнік нямецкага языка для беларусаў” П. Бакача[12], распрацаваны на ўзор кнігі “Pidručnik do nauki nimećkoi movi” Ю. Рудніцкага[13]. “Быў гэта піянерскі пачын, пакуль дасюль беларускія падручнікі нямецкай мовы нідзе не выдаваліся” [Туронак 2002, с. 17]. Да кнiгi прыкладзены “Нямецка-беларускi альфабэтычны слоўнiк”, якi, паводле думкі выдавецкай групы, быў “неабходным памоцнікам у штодзённым практычным жыцьці” [Бакач 1941, с. 5]. Слоўнiк i падручнiк выклікалi цікавасць чытачоў яшчэ задоўга да iх апублiкавання. У рэкламных паведамленнях адзначалася, што заказы на атрыманне кнiгi трэба дасылаць у даволі вядомае на той час берлінскае выдавецтва “Bernard & Graefe”, дзе падручнік друкаваўся. У газеце “Раніца” за 30 мая 1941 г. паведамлялі: “ńia ŭśie, adnak zakazčyki mahli dastać knižku ŭ pieršych dńiach paśla jaje vychadu, bo zakazaŭ nabralaśia bolš za paru tyśiačaŭ, a vysłańńie vymahaje šmat techničnaje pracy (upakoŭka, vypaŭnieńnie frachtaŭ i h.d.) [Раніца = Ranica 1941, S. 4]. Адразу пасля выдання і падручнік, і слоўнік актыўна выкарыстоўвалiся на курсах нямецкай мовы на тэрыторыi Беларусi. У справаздачы “Прафесійнае выхаванне”, якая была падрыхтавана супрацоўнікамі аддзела палітычнай работы пры Генеральным камісарыяце Беларусі ў лістападзе 1941 г., сцвярджалася, што падручнік “Deutsch für Weissruthenien” быў дапаможнікам, які значна спрасціў навучальны працэс для настаўнікаў і вучняў” [Minsker Zeitung 1942, S. 4]. Слоўнікавыя матэрыялы і некаторыя раздзелы падручніка друкаваліся таксама ў рубрыцы “Вывучаем нямецкую мову” ў газеце “Голас вёскі”. Рэдактарская калегія “Голасу вёскi” паведамляла: “Ідучы насустрач жаданьням нашых чытачоў, пачынаем ад сёньня друкаваньне лекцыяў. У аснову іх пакладзены “Падручнік нямецкага языка для беларусаў” П. Бакача” [Голас вёскі 1941, c. 4]. Справа распрацоўкі беларускамоўнага падручніка па нямецкай мове i слоўнiка ў iм, па словах П. Бакача, была складанай, “аднак, дзякуючы безінтэрысоўнай ахвяры нашых моваведаў, у працягу кароткага часу ўдалося ўлажыць манускрыпт кніжкі” [Бакач 1941, с. 5][14]. Слоўнiкавыя матэрыялы i падручнiк арыентаваны на дарослага карыстальнiка, які зусім мала або ўвогуле не размаўляў па-нямецку, i адрасаваны “беларускім сялянам, работнікам і інтэлігенцыі, каторыя адчулі жыцьцёвую патрэбу вывучэньня нямецкага языка”, таму лексiка слоўнiка ахоплiвае самыя разнастайныя па тэматыцы лексiчныя пласты нямецкай мовы, пачынаючы ад побытавай лексiкi (назвы прадметаў хатняга ўжытку, адзення, тканiны, розных гаспадарчых прылад, пабудоў, з’яў прыроды i г.д.) i заканчваючы рознагаліновай тэрмiналогiяй: ваеннай, грамадска-палiтычнай, сацыяльнай, назвамi абстрактных паняццяў. Агульная колькасць слоўнiкавых артыкулаў, якія пададзены на 60 старонках кнігі, складае 6000. Лексікон суправаджаецца раздзелам “Увагі пры карыстанні”, дзе аўтар падрабязна тлумачыць сістэму выкарыстаных ім памет. Беларуская частка слоўніка распрацавана на кiрылiцы. Нямецкія словы і іх беларускія адпаведнікі згрупаваны аўтарам у чатыры калонкі, якія аддзелены паміж сабой прабеламі. Рэестравыя адзінкі пададзены ў алфавітным парадку, што вельмі зручна для высвятлення пра іх рознага роду эпізадычных даведак. Загаловачным выступае пераважна адно слова нямецкай мовы. Унутры артыкула пры рэестравай адзінцы часам падаюцца найбольш ужывальныя ўстойлівыя спалучэнні слоў, напрыклад:
Platz – месца, плошча, пляц; Platz nehmen – сесьці; recht – справядлiвы, праўдзiвы; jemanden Recht geben – прызнаць некаму праўду; stimmen – згаджацца; das stimmt – гэта згаджаецца, гэта правільна.
Вучэбная скіраванасць слоўніка вызначыла падачу моўнага матэрыялу: акрамя перакладаў нямецкіх рэестравых слоў, слоўнік уключае разгорнутую граматычную характарыстыку нямецкіх назоўнікаў. Нямецкія літары m, f, n абазначаюць род назоўніка, адпаведна мужчынскі, жаночы (“жаноцкі”) і ніякі (“сярэдні”). “Кожны прадметнiк мае ў дужках канчаткi другога склону адзiночнага лiку (Gen. Sing.) i першага склону множнага лiку (Nom. Plur.), напрыклад: Abend (~s, ~e) m. – чытай: Nom. Sing. der Abend, Gen. Sing. des Abend~s, Nom. Plur. die Abend~e. У тым выпадку, калi змяняецца каранёвы галосны, у дужках запiсваецца, на якi галосны трэба замянiць, напрыклад: Abgang (~es, ~ä~e) m. абазначае Nom. Sing. der Abgang, Gen. Sing. des Abganges, Nom. Plur. die Abg~ä~ng~e. Назоўнiкi, у якiх Gen. Sing. i Nom. Plur. маюць аднолькавыя канчаткi з Nom. Sing., маюць у дужках значкi (~, ~). Калi ў дужках ёсць толькi адзiн значок (~), назоўнiк зусiм не мае множнага лiку, напрыклад: Abwesenheit (~) f трэба чытаць як Nom. Sing. die Abwesenheit, Gen. Sing. der Abwesenheit, Nom. Plur. няма” [Там жа, с. 295]. Дзеясловы, якiя не ўжываюцца без sich, вынесены ў асобны артыкул. Кіраванне дзеясловаў пазначана наступным чынам:
erorben (з 4-ым скл.) – заваяваць, здабыць; erreichen (з 4-ым скл.) – дасягнуць, дастаць (нешта); zueilen (з 3-ім скл.) – падбягаць, бегчы, спяшацца (да нечага).
Разам з прыназоўнікамі, якія ўжываюцца з пэўнымі склонамі, фіксуюцца ўмовы кіравання, напрыклад:
bei (з 3-ім скл.) – пры, каля; zwischen (з 3-ім, або з 4-ым скл.) – паміж; in (з 3-ім і 4-ым скл.) – у.
Аўтарам уключаны ў рэестравую частку найбольш пашыраныя нямецкія скарачэнні, якія спачатку расшыфраваны, а затым перакладзены, напрыклад:
dgl., dergleichen – падобна; d.h. das heisst – гэта ёсць (г. ё.).
Акрамя “Нямецка-беларускага альфабэтычнага слоўнiка”, у структуру падручнiка па нямецкай мове ўключаны невялікія нямецка-беларускiя слоўнiкавыя матэрыялы, якія суправаджаюць тэксты ў кнiзе і граматычныя правілы. Словы ў iх пададзены паводле парадку іх ужывання ў тэксце. Ролю рэестравых выконваюць не толькі асобныя словы ў пачатковай форме, але і склонавыя формы назоўнікаў з/без прыназоўнікаў, асабовыя формы дзеясловаў, словазлучэнні і сказы. Такі спосаб арганізацыі рэестравай часткі разлічаны на завучванне асобных адзінак тэксту, што, безумоўна, спрыяла яго разуменню, напрыклад:
für den Winter – на зiму; nach deinem Appetit – паводле твайго апетыту; die Erde ist gedacht – зямля была прадстаўлена (выабражана); als hache Scheibe – як плоская глыба (паверхня).
Граматычная характарыстыка рэестравых слоў уводзілася паступова, адпаведна з вывучэннем асноўных граматычных правілаў нямецкай мовы. Таму ў слоўніках, якія пададзены на першых лекцыях (матэрыял падручніка размеркаваны на 45 лекцый), назоўнікі запісаны з артыклем, прыналежныя займеннікі маюць усе тры родавыя формы, а астатнія часціны мовы забяспечаны толькі беларускімі адпаведнікамі, напрыклад:
der Vater – бацька; unser, unsere, unser – наш, нашая, нашае; groß – вялікі; trocken – сухi; in – у.
Пачынаючы з 10-й лекцыi для характарыстыкi рэестравых назоўнiкаў аўтарам выкарыстана тая ж сiстэма памет, што i ў ”Нямецка-беларускiм альфабэтычным слоўнiку”. Але памета роду вынесена на першае месца слоўнiкавага артыкула, напрыклад:
m. Kunstschnitzer (-s, -) – разьбяр; f. Spitze (-,-n) – кружава; n. Können (-s) – магчымае.
Разгорнутая характарыстыка дзеяслова пададзена з 25-й лекцыi. У круглых дужках запiсана, з якiм дзеясловам-звязкай ужываецца той ці іншы дзеяслоў: h. – haben, s. – sein. Пры дзеясловах, якiя спрагаюцца паводле моцнага тыпу спражэння, указана чаргаванне каранёвага галоснага, напрыклад:
abgeben (-a, h. –e) – аддаць; durchsehen (-a, h. – e) – праглядзець; betrügen (-o, h. –o) – абмануць, падвясьцi.
Аўтар карыстаецца двума спосабамi перакладу рэестравых слоў. Пераважную большасць складаюць такiя слоўнiкавыя артыкулы, у якiх эквiвалентам да загаловачнага слова выступае адзiн беларускi адпаведнiк. Радзей у перакладной частцы прапанаваны рад сiнонiмаў, аддзеленых коскамi, напрыклад:
nötigen – патрэбны, неабходны; Sinn – значэньне, пасэнс, чуцьцё, думка.
Дадатковая iнфармацыя, якая датычыцца аб’ёму значэння слова, пададзена ў круглых дужках пры беларускiх адпаведнiках, напрыклад:
Kiesel – крэмень (гусак), камень; nachlesen – зьбiраць (каласы посьле жнiва); schlittern – езьдзiць, коўзацца (на лёдзе).
Амонiмы i мнагазначныя словы не разнесены ў розныя слоўнiкавыя артыкулы, а аформлены толькі праз коску, напрыклад:
lockern – разрыхлiць, аслабiць, паволiць; Schein – блеск, зьзяньне, сьвятло, пасьведчанне, квiток; schneiden – кроiць, рэзаць, пiлаваць, жаць, стрыгчы.
Прыметнiкі i прыслоўі, формы якiх супадаюць, пададзены ў адным слоўнiкавым артыкуле праз коску, напрыклад:
laut – галосны, чутны, галосна, чутна; leise – цiхi, лёгкi, чутны, цiха, лёгка.
Апiсальныя тлумачэннi рэестравых слоў, некаторыя з якiх даюць этымалогiю слова, выкарыстаны ў слоўнiчках, прыкладзеных да тэкставых матэрыялаў, напрыклад:
m. Tertianer (-s, -) – тэрцыян (вучань 3-ай кл. гiмназii).
“Нямецка-беларускі альфабэтычны слоўнік” П. Бакача варты ўвагі сучаснага чытача дзякуючы якасці лексікаграфічнай апрацоўкі ў ім лексічнага матэрыялу. Значны аб’ём перакладной крыніцы ўяўляецца дастатковым для таго, каб выкарыстаць яе як “чарнавы” папярэдні варыянт слоўніка для распрацоўкі сучаснага перакладнога даведніка, разлічанага на пачатковы і сярэдні этапы вывучэння нямецкай мовы. 7. Winkelmann H. Kleiner Weissruthenisch-Deutscher Sprachführer = Mały biełaruska-niamiecki pieraklačyk. – 1941. Па ініцыятыве Х. Вiнкельмана[15] пры дапамозе беларускага моўнага аб’яднання (der Weissruthenischen Sprachverein) у 1942 г. быў падрыхтаваны беларуска-нямецкi размоўнiк[16]. Задача ўкладання кнiгi, якая б дапамагала мясцоваму насельнiцтву акупаванай тэрыторыi вывучаць нямецкую мову, уяўлялася вельмi важнай i актуальнай. Кніга адрасавалася ўсім, хто жадаў атрымаць iнфармацыю па пэўнай тэме або набыць ці ўдасканалiць навыкi нямецкай гутарковай мовы. Ва ўступе да даведніка аўтарам адзначана: “Kab u dalejšym lapiej vykaristoŭvać bahaćci niamieckaj kultury šmatlikija biełarusy raspačali vyvučać niamieckuju movu, šmatlikija inšyja majuć namier heta raspačać. Heta jość pieršy most da niemcaŭ, tolki małaja pierachodnaja pomač” [Winkelmann 1941, S. 4]. Лексічны матэрыял размоўнiка прадстаўлены на 143 друкаваных на машынцы старонках i падзелены на некалькi частак: прадмова на беларускай i нямецкай мовах, спіс скарачэнняў, беларуска-нямецкі слоўнік. Рукапiс слоўнiка быў адпраўлены па пошце гэбiтскамiсарам г. Баранавiчы на iмя генеральнага камiсара Беларусi 6 жнiўня 1942 г. з просьбай пераправеркi i атрымання дазволу на друк. Выданне беларуска-нямецкага слоўнiка-размоўнiка планавалася пад назвай “Jetzt reden wir Deutsch”. У склад кнігі ўключаны таксама звесткi з нямецкай граматыкi “Tolki trocha z hramatyki”, дзе прадстаўлена кароткая характарыстыка асноўных граматычных катэгорый асобных часцiн мовы (род, лiк, склон назоўнiкаў, трыванне, час, стан дзеясловаў i г.д.), апiсанне тыпаў спражэння i асноўныя звесткi па iншых часцiнах (“časinach”) мовы. Размоўнiк з’яўляецца дапаможнiкам агульнага тыпу: ён ахоплiвае неспецыялiзаваныя тэмы штодзённага дыялога і адпаведную ім лексiку. Лексiкон згрупаваны вакол некалькіх тэм, кожная з якіх падзелена на шэраг падтэм. Так, тэма “Važnejšyja zvaroty movy” уключае падтэмы: “Pryvitańnie i zvarot”, “Prośba i padziaka”, “Pytańnie i adkaz”, “Havaryć i razumieć”, “Imia i pamieškańnie”, “Na službovym stanovišču”, “Na pošcie”, “U haścińnicy”, “U kupca”, “U ramieslenikaŭ”, “Zakliki pomačy”; “Tolki trocha z hramatyki”: “Niamiecki alfabet”, “Nazoŭnik i člen”, “Tvareńnie formy množnaha liku”, “Asabovyja zajmieńniki Dziejasłovaŭ”, “Tvareńnie formy roznych časaŭ”, “Tvareńnie mocnaha i słaboha spražeńnia”, “Uspamahajučyja”; “Sloŭnik uparadkavany pavodle hrupaŭ”: “Čas”, Miery”, “Liki i paradkavyje čysly”, “Biuro”, “Kasa”, “Bank”, “Pošta”; “Słužbovyja placoŭki”: “Palicyja”, “Pašpartnaje biuro”, “Sud”, “Škoła”, “Carkva”, “Tułava”, “Chvaroba i lekar”, “Vopratka”, “Cyrulnia”, “Siamja”, “Žyllovy pakoj”, “Spalnia”, “Kuchnia”, “Haścińnica”, “Kupiec”, “Pahoda”, “Aharod i aharodnina”, “Ziemlarobstva”, “Ziemlarobskija pryłady”, “Kałosnyja”, “Voz i koń”, “Žyviołahadoŭla”, “Les”, “Łaviectva i rybałoŭstva”, “Majsternia”, “Šaviec”, “Kraviec”, “Pralnia”, “Elektryčnaść”, “Samachod”, “Rovar”, “Čyhunka”, “Budaŭnictwa”, “Ziamnaja rabota”, “Mularstwa”, “Ciasielnictva”, “Unutranaja budova domu”, “Muzyka”, “Taatr”. Сэнсава блiзкiя словы i выразы беларускай мовы аб’яднаны ў адзiн тэматычны раздзел, у межах якога яны пададзены ў алфавiтным парадку. Акрамя асобных слоў, аб’ектам перакладу выбраны і найбольш ужывальныя ў жыццёвых сiтуацыях словазлучэннi i сказы, якiя з’яўляюцца своеасаблівай замалёўкай прагназіруемай сiтуацыi, напрыклад:
U kupca
Ja chacieй-by štości kupić. – Ich möchte etwas kaufen. Dajcie mnie, kali łaska... – Geben Sie mir bitte... Kolki heta kaštuje? – Was kostet das? Heta dla mianie za doraha. – Das ist mir zu teuer. Moža majecie štoś tańniejšaje? – Haben Sie etwas Billiges? Pakažecie mnie jašce inšaje. – Zeigen Sie mir noch anderes.
З граматычных памет у размоўніку выкарыстаны наступныя: пры назоўнiках жаночага роду, пераклад якiх вынесены ў асобны слоўнiкавы артыкул, зафiксавана форма назоўнага склону множнага лiку; пры назоўнiках мужчынскага i нiякага роду часам пазначаны род, канчаткi ў форме роднага склону адзiночнага лiку i назоўнага склону множнага лiку, напрыклад:
Noč – Nacht, Nächte; Stenahrafija – Kurzschrift, w. -en; Poйdzień – Mittag, m. -e; Dažynki – Erntefest, n. -e.
Пры назоўнiках, якiя маюць форму толькi адзiночнага або множнага лiку, у дужках пазначана адпаведна t.а.l. або t.m.l., напрыклад:
Palicyja – Polizei, w. (t.a.l.); Voйna – Wolle, w. (t.a.l.); avacovyja kultury (t.m.l.) – Obstkultur, w. -en.
Дзеясловы ў нямецкай частцы лексiкону пададзены ў пачатковай форме i форме iмперфекта, напрыклад:
lapić – flicken, flickte; prymacavać – heften, heftete; namyć – einweichen, weichte ein; vyzywać – auswrüngen, wrang aus.
Задача складальнiка размоўнiка заключалася ў адшуканні нямецкага адпаведнiка да найбольш ужывальнага слова i выразу беларускай мовы. У перакладной частцы прапанаваны пераважна адзiн размоўны эквiвалент да беларускай лексiчнай адзiнкі, але ў шэрагу выпадкаў у нямецкай частцы слоўнiка знаходзяцца два сiнанiмiчныя эквiваленты. На першае месца пры гэтым вынесена ўласна нямецкае слова, а пасля яго – iнтэрнацыянальнае, параўн.: Stenahrafija – Kurzschrift, w. -en, Stenografie, w. -n; budžet – Haushaltsplan, m. -pläne, Budget, n. -s.
Размоўнік Х. Вінкельмана – цiкавая самастойная лексiкаграфiчная праца першай паловы ХХ ст., у якой зроблена спроба сiстэматызацыi i перакладу беларускай лексiкi на нямецкую мову. Даведнiк заслугоўвае ўвагi як прыклад аднаго з першых беларуска-нямецкiх размоўнiкаў. 8. Вучымся нямецкае мовы // Беларуская школа. – 1942. У перыяд другой сусветнай вайны нямецка-беларускія даведнікі метадычнай накіраванасці ўкладаліся і на тэрыторыi Беларусi. “Школьнiцтва, на думку Кубэ, магло быць першым важным крокам на шляху да рэалiзацыi яго палiтычных планаў. У дазволе выдання часовых школьных iнструкцый ён падкрэслiваў, што Генеральная акруга Беларусi – жыццёвая прастора беларускага народа i ў першую чаргу менавiта гэтаму народу павiнна служыць” [Туронак 1993, с. 75]. 13 кастрычнiка 1941 г. ва “Урадавым Весьнiку” быў надрукаваны загад, паводле якога да 1 кастрычнiка 1941 г. у мясцовасцях акруговых камiсараў былi адчынены школы. Абавязковае навучанне вызначалася для дзяцей 7–14 гадоў. У загадзе гаварылася: “Гэнэральная акруга Беларусi ахоплiвае жыцьцёвы абшар беларускага народу. Дбаньне аб беларускай культуры, звычаях i асьвеце зьяўляецца аднэй з iстотных задач школ Гэнэральнай акругi Беларусi. Iншыя народнасьцi: палякi i расейцы, якiя жывуць на гэтым жыцьцёвым абшары, павiнны засвойваць беларускую культуру... Выкладаньне ў школах будзе ў беларускай мове” [Там жа]. Крыху пазней выйшаў загад аб забароне карыстання савецкiмi i польскiмi школьнымi падручнiкамi. Навуковаму аддзелу Нэбэнбюро – дапаможнаму аддзелу пры генеральным камiсары – была даручана распрацоўка школьных падручнiкаў для пачатковых беларускiх школ. На Другiм Усебеларускiм Кангрэсе[17] ў справаздачы прэзiдэнта Беларускай Цэнтральнай Рады (БЦР) Р. Астроўскага аб дзейнасцi гэтага органа ўлады паведамлялася, што за час iснавання БЦР (г.зн. са снежня 1943 г.) супрацоўнiкамi Навуковага аддзела было складзена больш за два дзесяткi падручнiкаў для пачатковых i сярэднiх школ, беларуска-нямецкi тэхнiчны слоўнiк, перагледжана i часткова распрацавана тэрмiналогiя па гiсторыi, псiхалогii, фiзiцы, хiмii i iншых прадметах. Да часу ўвядзення новых школьных падручнiкаў настаўнiкi павiнны былi карыстацца тымi навучальнымi матэрыяламi, што друкавалiся ў перыядычным выданнi “Беларуская школа” (пачынаючы з 1943 г. замест “Беларускай школы” распачалося выданне часопiса “Школа i жыццё”, але выйшаў толькi адзін нумар), якое з’яўлялася педагагiчным часопiсам Iнспектарыята беларускiх школ пры генеральным камiсары Беларусi. “Факт выдання педагагiчных часопiсаў з’яўляўся як сведчаннем культуртрэгерскай дзейнасцi немцаў, так i выражэннем намаганняў беларускiх нацыяналiстаў выкарыстоўваць школу ў сваiх iнтарэсах” [Жумарь 1996, с. 36]. Асноўнай тэматыкай выдання сталi “праблемныя артыкулы па пытаннях нацыянальнага выхавання, адукацыi, метадычныя матэрыялы, пачатковыя звесткi з розных галiн ведаў, распараджэннi акупацыйных улад у галiне народнай асветы” [Жумар 1993, c. 422]. Часопiс “Беларуская школа” выходзiў у Мiнску i Вiльні са студзеня па снежань 1942 г. адзiн раз у два месяцы. Усяго за гэты перыяд з’явiлася шэсць нумароў. Падрыхтаваныя ў Мiнску матрыцы вывозiлiся ў Вiльню, дзе ў тыпаграфii “Шывiтус” набiраўся нумар. Матэрыялы часопiса, якiя распаўсюджвалiся ў Мiнску, набiралiся на кiрылiцы, а ў Вiльнi – на лацiнцы. Пяты i шосты нумары выдання, што выходзiлi ў Мiнску, мелi паралельную назву “Biełaruskaja škoła”. Звяртае на сябе ўвагу той факт, што ўкладальнiкi часопiса не былi абыякавымi да пытання правапiсу. Так, у чацвёртым нумары знаходзiм наступнае паведамленне: “З гэтага нумару наш часапiс друкуецца паводле новага, прынятага i зацьверджанага, беларускага правапiсу. У блiжэйшы час Iнспектарыятам беларускiх школаў пры Генэральным Камiсару Беларусi “Беларускi правапiс” будзе выданы асобнай кнiжкай для ўсеагульнага карыстаньня. Аўтар яго – Антон Лёсiк” [Беларуская школа 1942, c. 32]. Адказным за змест часопiса быў шэф Iнспектарыята беларускiх школ пры Генеральным камiсарыяце Й. Сiвiца[18]. Фактычным рэдактарам часопiса стаў iнспектар В. Гадлеўскi, адзiн з самых вядомых дзеячаў беларускай эмiграцыi. Выдавецкую частку “Беларускай школы” ўзначальваў Я. Найдзюк. Адным з раздзелаў часопiса была рубрыка “Вучымся нямецкае мовы” –комплекс заданняў рознага характару, разлiчаны на вывучэнне нямецкай мовы, i метадычныя парады для настаўнiкаў. Амаль да кожнага задання прыкладаўся невялiчкi перакладны слоўнiчак для завучвання, мэтай якога было даць вучню зручны ў карыстаннi, просты па структуры, невялiкi аб’ёмам дапаможнiк, якi задаволiў бы самыя вострыя патрэбы пры перакладзе тэкстаў з нямецкай мовы на беларускую. Акрамя гэтага, прадугледжвалася выкарыстанне слоўнікавых матэрыялаў на занятках па практыцы нямецкага маўлення, а таксама пры правядзеннi розных вiдаў слоўнiкавай работы ў трэцiм – шостым класах. Укладальнiкамi адзначалася: “Зусiм зразумела, што з прычыны адсутнасьцi у вучняў падручнiкаў нямецкае мовы, дадзеныя тэксты могуць быць выкарыстаны i ў iншых клясах” [Беларуская школа 1942, с. 21]. Слоўнiчкi, якiя суправаджалi тэксты рознага характару, друкавалiся з трэцяга нумара часопіса. Спецыяльнай назвы яны не мелi. Рубрыка “Вучымся нямецкае мовы” знаходзiлася звычайна ў сярэдзiне перыядычнага выдання i займала некалькi разваротаў. Перакладныя падборкi слоў, якiя суправаджалi тэксты, падавалiся адразу пасля iх. Назвы тэкстаў i тэм выдзялялiся тлустым вялiкiм шрыфтам. Матэрыялам для перакладу выступала найбольш ужывальная ў штодзённым жыццi лексiка нямецкай мовы. Школьнiкам прапаноўвалiся ў першую чаргу нямецкiя прывiтаннi i iх беларускiя адпаведнiкi, параўн.:
Guten Tag! – Добры дзень! Leben Sie wohl! – Бывайце! Danke! – Дзякую! Verzeihung! – Выбачце!
Перакладны матэрыял, вызначаны для запамiнання i завучвання, закранаў пераважна школьную лексiку i быў згрупаваны вакол некалькiх тэм. Так, двухмоўныя слоўнiчкi суправаджалi тэксты “Erste Sprechübungen”, “Wir lernen”, “Was ich liebe”. Да заняткаў па практыцы нямецкага маўлення аўтарамi рубрыкi “Вучымся нямецкае мовы” былi падрыхтаваны маленькiя двухмоўныя слоўнiчкi, з дапамогай якiх вучням належала скласцi апавяданнi на адну з тэм, напрыклад: “Па дарозе ў школу”, “Твае школьныя сябры”, “Што робяць дзецi ў школе”. Ролю рэестравай часткi ў такіх даведнiках выконвала нямецкая лексіка. Перакладныя слоўнiчкi былi звязаны з канкрэтным тэкстам, таму загаловачныя словы пададзены не ў алфавітным парадку, а адпаведна iх ужыванню ў тэкстах. Паколькi лiчылася, што пры авалоданнi нямецкай мовай важным з’яўляецца завучванне гатовых моўных адзiнак i ўстойлiвых спалучэнняў слоў, у рэестравую частку выносiлiся не толькi асобныя нямецкiя лексемы, але i адзiнкi больш складанай структуры – словазлучэннi, сказы:
Ski laufen – коўзацца на лыжах; Es regnet – Дождж iдзе; Geht früh und spät unter. – Узыходзiць рана i заходзiць позна; Auf welche Art? – Якiм спосабам? Wie alt ist er? – Kолькi яму год?
Звяртае на сябе ўвагу добра распрацаваная ў слоўнiчках сiстэма граматычных памет, якiя шырока i паслядоўна выкарыстаны ў нямецкай рэестравай частцы. Пры назоўнiках, акрамя формы назоўнага склону адзiночнага лiку, пададзены формы роднага склону адзіночнага ліку i назоўнага склону множнага лiку, напрыклад: der Lehrer, -s. азначае, што родны склон адзiночнага лiку назоўнiка – des Lehres, а назоўны склон множнага лiку – die Lehrer. Знак тыльды (~) замяняе форму слова, якая поўнасцю захоўваецца пры ўтварэннi iншай формы: die Feder, ~, ~n, г. зн. у назоўнiку die Feder форма роднага склону адзiночнага лiку супадае з формай назоўнага склону адзiночнага лiку. Форма назоўнага склону множнага лiку die Federn утвараецца ад формы назоўнага склону адзiночнага лiку плюс -n (што паказвае знак тыльды). У дзеясловах моцнага спражэння прыводзяцца тры асноўныя часавыя формы. У выпадку няправiльнага ўтварэння такога дзеяслова падаюцца яго формы ў Präsens, напрыклад:
graben (grub, gegraben; Präsens: ich grabe, du gräbst, er gräbt; wir graben) – капаць; lesen (las, gelesen; Präsens: ich lese, du liest, er liest) – чытаць; sprechen (sprach, gesprochen; Präsens: ich spreche, du sprichst, er spricht) – гаварыць.
Слоўнiкi максiмальна зручныя i простыя ў карыстаннi. У перакладной частцы прыведзены толькi асноўныя беларускiя адпаведнiкi да рэестравых слоў або ўказаны той адпаведнiк да нямецкай лексемы, якi лепш падыходзiць па кантэксце, параўн.:
frisch – сьвежы, бадзёры, тут: жвавы; das Fassen, -s – тут: трыманьне; ist da – тут у сэнсе: наступiла, прыйшла.
Перакладныя слоўнiкавыя матэрыялы служаць дапаможнікам па вывучэнні нямецкай мовы, укладанне якога былo выклікана практычнымi запатрабаваннямi навучальнага працэсу. Тым не менш гэта цiкавы прыклад распрацоўкi перакладных нямецка-беларускіх даведнiкаў для школы, вопыт якіх мог бы выкарыстоўвацца для афармлення правiлаў і прынцыпаў стварэння новых перакладных слоўнiкаў метадычнай накіраванасці. 9. Zur Loye Hans. Sprachhelfer für die Verständigung mit weißruthenischen Landarbeitern. – Berlin, 1942. У 40-я гады ХХ ст. у Нямеччыне быў распрацаваны i выдадзены шэраг перакладных нямецка-iншамоўных слоўнiкаў-дапаможнiкаў. Адна з серый перакладных даведнiкаў атрымала назву “Sprachhelfer für die Verständigung” (Дапаможнік для разумення) i налiчвала ў сваiм складзе пяць кнiг[19]. Iнiцыятарамi ўкладання першага слоўнiка былi нямецкiя студэнты, якiя ў час сваiх канiкул накiроўвалiся ў сельскую мясцовасць на збор ураджаю. Разам з імі працавалі французскiя ваеннапалонныя. Дзеля таго каб спрасцiць моўныя зносiны памiж нямецкiмi сялянамi i французамі, было вырашана скласцi картатэку перакладаў найбольш ужывальных у сельскай гаспадарцы слоў i выразаў, якая пазней была пакладзена ў аснову перакладнога слоўнiка [Zur Loye 1940, S. 3]. Выданне першага нямецка-французскага слоўнiка серыi, паводле слоў аўтара перакладных даведнiкаў, “было ўхвалена грамадскасцю i атрымала статус вядомага ва ўсiх колах перакладнога дапаможнiка. Практычная каштоўнасць укладзенай распрацоўкi не выклiкала сумненняў” [Zur Loye 1942, S. 3], што і падштурхнула да стварэння аналагiчных слоўнiкаў для англiйскiх i рускiх ваеннапалонных. Перакладныя даведнiкi з уключэннем украiнскай i беларускай моў распрацоўвалiся пазней як дапаможнікi для ажыццяўлення моўных зносін з сельскiмi працаўнiкамi. Тыраж кожнага перакладнога выдання складаў каля 10000 экземпляраў. Выхаду ў свет нямецка-беларускага варыянта кнiгi было прысвечана паведамленне рэдакцыi берлiнскай газеты “Беларускi работнiк” ад 16 красавiка 1944 г. (нядзельны выпуск). На старонках газеты з’явiлася нататка: “Выйшаў з друку i ёсьць у продажы ў большай колькасьцi невялiкi Нямецка-беларускi слоўнiк, апрацаваны Гансам Лёе[20]. Слоўнiк мае 50 балонак друку i можа служыць як дапаможнiк, асаблiва карысны для работнiкаў сельскае гаспадаркi. Адзiн экзэмпляр без перасылкi каштуе 70 фэнiгаў. Пры гуртовых заказах гэткая скiдка: ад 10 экз. – 65 фэн., ад 100 экз. – 60 фэн., ад 1000 экз. – 55 фэн.” [Беларускi работнiк 1944, c. 2]. Ю. Туронак у сваёй манаграфіі “Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939–1944)” падае гэты слоўнік як выданне 1944 г. Такія выхадныя даныя трэба, верагодна, лічыць не зусім дакладнымі, паколькі на тытульным лісце кнігі пазначаны 1942 г. і, акрамя гэтага, вышэйзгаданы нямецкі бібліяграфічны даведнік “Gesamtverzeichnis des deutschsprachigen Schrifttums 1911–1965” змяшчае наступную інфармацыю: “Zur Loye, Hans: Sprachhelfer für die Verständigung mit weißruthenischen Landarbeitern. Bln: Radezki ’42” [Gesamtverzeichnis des deutschsprachigen Schrifttums 1911–1965 1985, S. 289]. Кнiга прызначалася, з аднаго боку, для нямецкiх сялян i гаспадароў, а з другога – замежнiкаў. Каб спрасцiць карыстанне слоўнiкам, загалоўкi ўкладзены адразу на дзвюх мовах. Перакладны даведнiк маленькага фармату i сваiмі памерамі нагадвае сучасныя кiшэнныя слоўнiкi. Кожная старонка лексiкону падзелена на тры калонкi. У першай з iх пададзена нямецкае рэестравае слова, у другой – беларускi адпаведнiк, запiсаны кiрылiцай, i ў трэцяй – беларускi эквiвалент на лацiнцы. Калонкi раздзелены памiж сабой тлустымi вертыкальнымi лiнiямi. Перакладны даведнiк складаецца з дзвюх частак. У першай з iх словы згрупаваны вакол 23 тэм, у другой – лексiчны матэрыял разбiты на 8 тэм. На 50 старонках слоўнiка даецца пераклад 1173 рэестравых слоў, у склад якiх уключаны i пераклад загалоўкаў. Задача распрацаваць слоўнiк, якi быў бы карысным дапаможнiкам пры кантактах з сельскiмi працаўнiкамi, абумовiла лексiчны склад даведнiка. Найбольш багата прадстаўлена ў iм сельскагаспадарчая лексiка. Словы i выразы гэтай групы фіксуюцца ў такiх раздзелах лексiкону, як “Сельская гаспадарка”, “Жывёла”, “У хлеве”, “У садзе”, “У лесе”, “У полi”, “Прыладзьдзе”, “Пладаводства”, “Гароднiцтва”. Для ваеннапалонных распрацаваны тэматычны раздзел “Жыццё ў лягеры”. У корпус размоўнiка ўключаны найбольш ужывальныя адзiнкi этыкету. Словы i выразы гэтай лексiчнай групы аб’яднаны ў раздзелы “Прыбыцьцё”, “Важнейшыя пытаньнi”, “Агульныя выражэньнi”. У групу “Чалавек i хваробы” ўвайшлi назвы частак цела чалавека, яго ўнутраных органаў, найменнi хвароб. Назвы дзён тыдня, месяцаў, пор года знайшлi адлюстраванне ў групе “Поры года”. Тэма “Пагода” падзелена на дзве часткi: у першай перакладаюцца асобныя словы, а ў другой – найбольш частотныя выразы з гэтымi словамi. Група “Месца забавы”прысвечана перакладу назваў розных месцаў адпачынку. Нямецкiя рэестравыя словы размешчаны ў лексiконе не ў алфавітным парадку, а па сэнсавых сувязях слоў. Паколькi слоўнiк у першую чаргу скiраваны на тое, каб дапамагчы пры дыялогу, у кнiгу ўключаны, акрамя асобных слоў, словазлучэннi i сказы. Такi спосаб падачы матэрыялу вельмi зручны: абапiраючыся на звароты i словы, прыведзеныя ў раздзеле, карыстальнiк мог самастойна будаваць паведамленнi на адпаведную тэму. Напрыклад:
Ankunft des weißruthenischen Landarbeiters Прыбыцьцё беларускага земляроба-работнiка Prybyzjzjo´ belarússkaha sjemlaróba-rabótnika
Wie heißt du? – Як ты называеся? – Jak ty nasywájessja? Wie ist dein Beruf? – Якi твой занятак? – Jaki twoj sanjátak? Antworte ja oder nein! – Адкажы, так або не! – Adkashý, tak abo nje! Besitzt du schon auf einen eigenen Bauernhof? – Цi ты маеш собскую гаспадарку? – Zji ty májesch sóbsskuju haspadárku?
Аўтар пераклаў на беларускую мову 232 сказы, з лiку якiх 85 адзiнак – сказы з дзеясловам-выказнікам у форме загаднага ладу, якія вар’iруюцца паводле сваёй формы (7 выпадкаў формы 2-й асобы множнага лiку: ням. Reinigt das Zimmer! бел. Ачысьцiце пакой! бел. Atschýssjzjizje pakój!; 1 выпадак формы 1-й асобы множнага лiку: ням. Wir wollen Moos hacken! бел. Будзем выкапваць мох! бел. Búdsjem wykápvazj moch!; 2 формы ветлiвага звароту: ням. Zeigen Sie mir bitte Ihren Paß! бел. Пакажыце мне ваш пашпарт! бел. Pakáshyzje mnje wasch paschpart!; астатнiя – формы 2-й асобы адзiночнага лiку: ням. Fahre mit dem Zug, бел. Едзь цягнiком! бел. Jedsj zjahnikóm!). 104 адзiнкi складаюць сказы-пытаннi з пытальнай часцiцай цi, пытальнымi словамi як, дзе, куды, колькi, калi, чаму, што i г.д. або ўвогуле без iх, напрыклад: ням. Wie alt bist du? бел. Колькi табе гадоў? бел. Kólki tabje hadóй?; ням. Hast du Schmerzen? бел. Маеш боль? бел. Májesch bol?; 34 апавядальныя сказы, напрыклад: ням. Hier werden wir den Stamm durchsägen, бел. Тут мы будзем перапiлоўваць камель, бел. Tut my búdsjem pjerapilóuwazj kamjél; 9 мадэлей незакончаных сказаў з выкарыстаннем шматкроп’я, напрыклад: ням. Mein (Ihr) Zug fährt um... бел. Мой (ваш) цягнiк ад´язджае ў... бел. Moj (wasch) zjahník adjasháje u...). Адсутнiчаюць граматычная i стылiстычная характарыстыкі слоў. Запiсанае лацiнкай беларускае слова, якое мае больш чым адзін склад, забяспечана нацiскам, напрыклад: Zji ty héta wjédajesch? Падбор аднаго найбольш адэкватнага адпаведнiка стаў асноўным прынцыпам перакладу, таму беларускiм эквiвалентам да загаловачнага слова, простага цi складанага па структуры, з’яўляецца пераважна адна лексема. Сiнонiмы пададзены ў беларускай частцы лексiкону толькi ў тых выпадках, калi рэестравая адзiнка – таксама рад сiнонiмаў, напрыклад:
Meßband, Meßstock – Рулетка для мераньня, штабка для мераньня – Ruljétka da mjeranjnja, schtabka da mjéranjnja; Steine, Ziegel – кaменьне, цэгла – Kamjénjnje, zéhla; Hohlziegel, Dachziegel – Пустакi, чарапiца – Pusstakí, tscharapíza.
Трэба прызнаць значэнне гэтага слоўнiка ў тым, што ён з’явiўся спробай апiсання лексiчных рэсурсаў дзвюх моў. Час яго стварэння дыктаваў практычны характар дапаможнiка, якi быў прызначаны, як i ўсе папярэднiя выданнi гэтай серыi, для кантактаў з прымусовай i наёмнай рабочай сiлай. Аб’ём i змест яго быў скіраваны на выкананне гэтай задачы: мiнiмум слоў i выразаў, каб адказаць на распараджэнне нямецкага гаспадара. Перакладны даведнiк, нягледзячы на пэўную колькасць недахопаў, сярод якіх лiтаральнасць у перадачы нямецкiх рэестравых слоў, часам няўдалы пераклад (што відавочна, зыходзячы з сучаснага стану развiцця беларускай лiнгвiстыкi), – цiкавая спроба ўкладання беларуска-неславянскага размоўніка. 10. Нямецка-беларускiя размовы // Новы шлях. – 1942–1944. “Нямецка-беларускiя размовы” – гэта рубрыка ў часопісе “Новы шлях”[21], якая і была нямецка-беларускім размоўнікам. Тэхнiчная рэдакцыя “Новага шляху” знаходзілася ў Рызе. Тут нумар рыхтаваўся да друку, і ўжо гатовыя матрыцы з усімі матэрыяламі накіроўваліся для раздрукоўкі ў Мінск у рэдакцыю “Беларускай газэты”[22]. Распрацоўка рубрыкі пачалася з трэцяга выпуску часопіса “Новы шлях” у 1942 г. і стала пастаяннай да апошняга яго нумара, які ўбачыў свет у маі 1944 г.; усяго выйшла 45 нумароў. Сучасныя архiўныя матэрыялы не даюць дакладных звестак пра тое, хто з супрацоўнiкаў рэдакцыi непасрэдна займаўся ўкладаннем i распрацоўкай “Нямецка-беларускiх размоў”. Улетку 1942 г. галоўным рэдактарам часопiса быў У. Сядура. У падрыхтоўцы матэрыялаў, не выключана, што i слоўнiка таксама, удзельнічаў i аддзел прэсы рэйхскамiсарыята “Остланд”. Аўтары часопiса звярталi ўвагу чытачоў на неабходнасць i тэрмiновасць распрацоўкi спецыяльнай рубрыкi, дзе сродкамi беларускай мовы перадавалiся б найбольш ужывальныя лексiчныя i сiнтаксiчныя адзiнкi нямецкай мовы. Яны канстатавалi, што “нашае беларускае грамадзтва зараз пiльна вывучае нямецкую мову. Чым хутчэй мы будзем мець запас патрэбных у штодзённым ужытку слоў i зваротаў, тым хутчэй мы ўвойдзем у запраўдны духоўны кантакт з заходнай Эўропай i нямецкiм народам” [Новы шлях 1943, с. 21]. Складальнiкi перакладнога даведнiка разлiчвалi, што ён будзе неабходным дапаможнiкам для шырокага кола чытачоў, усiх тых, хто жадае размаўляць па-нямецку. Для рубрыкi вызначана спецыяльная старонка ў канцы часопiса. Тлустыя вертыкальныя i гарызантальныя лiнii адмяжоўвалi яе ад iншых iнфармацыйных паведамленняў i нататак. На працягу ўсiх гадоў iснавання “Новага шляху” шрыфт i фармат перакладных матэрыялаў не змянялiся. У выпадках, калi матэрыял аднаго раздзела быў пададзены ў некалькiх нумарах, у падзагалоўку адзначалася “Працяг”. Слоўнiчак набраны дробным шрыфтам чорнага або карычневага колеру i надрукаваны на белай або ружовай паперы, якая ад часу i вiльгацi пажоўкла, сапсавалася. Складальнiкi часопiса меркавалi, што пастаянныя чытачы, якiя збiралi i захоўвалi матэрыял гэтай рубрыкі, з цягам часу маглi б зрабiць для сябе падшыўку слоўнiка. Размоўнік, калi яго сабраць у адзiнае цэлае з розных нумароў часопіса, налiчвае у сваiм складзе 42 старонкi. 622 рэестравыя адзiнкi аб’яднаны ў 22 буйныя тэмы, сярод якiх колькасным багаццем вызначаецца група “Der Besuch” – “Адведзiны” (73 адзiнкi). Найменшай па колькасці аказалася тэматычная рубрыка “Die Gesundheit” – “Здароўе”, якая налічвае 8 выразаў. Дапаможнiк “Нямецка-беларускiя размовы” ў кожным нумары часопiса пачынаўся з тлумачэння правiлаў вымаўлення ў транскрыпцыі нямецкiх гукаў. Напрыклад, давалiся такiя ўказаннi i парады:
а:, э:, i:, у:, о: – лiтара з двума пунктамi вымаўляецца працяжна; г – падобна да беларускага г, вымаўляецца бяз голасу, праз выдых; г’ – падобна да беларускага г у слове ганак, цi да лацiнскага g; ö – вымаўляецца як э, але з выцягнутымi ўперад вуснамi; н’ – вымаўляецца як н, але праз нос, не датыкаючы языком да зубоў. Iншыя лiтары – як беларускiя.
Тэматычныя раздзелы зарыентаваны перш за ўсё на тое, каб даць магчымасць весцi нескладаныя дыялогi на агульныя тэмы, дапамагчы пры стасунках у штодзённым жыццi. Аўтарамi прыведзены беларускiя адпаведнiкi да нямецкiх лексiчных адзiнак па такiх тэмах, як “Нямецкая мова”, “Знаёмячыся”, “Агульныя звароты”, “Розныя звароты”, “Забароны й перасьцярогi”, “У трамваю, у аўтобусе”, “На станцыi”, “У цягнiку”, “У нямецкай урадавай установе”, “На мяжы”, “На вулiцы”, “У цырульнiка”, “На пошце”, “У рэстаране”, “Кватэра й пакой”, “У гатэлi”, “У лекара”, “Надвор’е”, “Адведзiны”, “Аб пiсаньнi”, “Шавец”, “Здароўе”. Нямецкiя рэестравыя словы надрукаваны адразу ад поля, а перакладная частка набрана з чырвонага радка. Непасрэдна пасля нямецкай часткi ў дужках кiрылiчным шрыфтам фiксавалася, як правiльна вымаўляць той або iншы нямецкi выраз. Пасля кропкi i працяжнiка з вялiкай лiтары прапанаваны беларускi адпаведнiк. Такое размяшчэнне матэрыялу спрыяла знешняму выдзяленню нямецкiх адзiнак. Параўн.:
Die Gesundheit (дi: г’эзунтгайт). – Здароўе Wie geht es Ihnen? (вi: г’э:т эс i:нэн). – Як маецеся? Danke, es geht mir gut, und wie geht es Ihnen? (данґкэ, эс г’э:т мiр г’:ут, унт вi: гэт эс iнэн). – Дзякую, добра, а як маецеся Вы?
У слоўнiк уключаны размоўныя i найбольш ужывальныя звароты, словазлучэннi, сказы, узоры маленькiх дыялогаў на нямецкай мове, якiя адлюстроўвалi характэрныя сiтуацыi з жыцця людзей i зносiн памiж iмi. Рэестравая i перакладная часткi не перагружаны дадатковай граматычнай iнфармацыяй, сiнонiмамi i стылiстычнымi паметамi. Акрамя нацiску ў той частцы, дзе адлюстраваны правiлы вымаўлення нямецкага слова, больш няма нiякiх аўтарскiх заўваг. Да адной адзiнкі нямецкай мовы аўтары слоўнiка прапанавалi толькi адзiн беларускi адпаведнiк. Эквiвалентамi рэестравых слоў з’явiлicя беларускiя адпаведнікі рознай структуры: словы, словазлучэннi, сказы. Беларускiя фразы – гэта не даслоўны пераклад з нямецкай мовы, бо асноўная задача бачылася ў падборы сэнсава, а не структурна адпаведных адзiнак. Размоўнік не быў самастойнай лексікаграфічнай працай, але факт яго выдання на беларускай тэрыторыі, у структуры аднаго з самых папулярных на той час часопісаў дае падставы сцвярджаць, што слоўнік-размоўнік быў вядомы беларускаму насельніцтву і ім карысталіся. 11. Koch H. Kleines deutsch–weissruthenischen Technisches Wörterbuch. – 1943. Вышэйназванае выданне – гэта рукапiсны нямецка-беларускі тэхнiчны слоўнiк, апрацаваны нейкiм Генрыхам Кохам. Паводле росшукаў у бiблiяграфiчных даведнiках удалося высветлiць толькi тое, што аўтар нямецка-беларускага слоўнiка – iнжынер, i iм у 1941 г. быў укладзены “Kleines deutsch-russischen technisches Wörterbuch”, перавыдадзены ў 1942 i 1943 гг.[23]. На падставе праведзенага параўнання перавыданняў нямецка-рускага слоўнiка Г. Коха i рукапiсу нямецка-беларускага слоўнiка можна канстатаваць, што даведнiк з уключэннем беларускай мовы створаны на ўзор нямецка-рускага слоўнiка. Частка загаловачных слоў з названага даведнiка была перанесена ў нямецка-беларускi лексікон. Перакладны тэрмiналагiчны слоўнiчак запiсаны ў агульным школьным сшытку з жоўта-зялёнай цвёрдай вокладкай. Апошнiя 40 старонак (ад слова Kutter) адсутнiчаюць, i пакуль невядома, цi была ўвогуле распрацавана частка ад лiтары К. Укладанне двухмоўнага тэрмiналагiчнага даведнiка было завершана 4 лістапада 1943 г. Кожная старонка слоўнiка падзелена на чатыры калонкi, у якіх лексемы падаюцца наступным чынам: нямецкi тэрмiн – беларускi адпаведнiк, нямецкi тэрмiн – беларускi адпаведнiк. Рэестравыя словы нямецкай мовы згрупаваны строга ў алфавiтным парадку. Словы, што пачынаюцца з адной лiтары, аб’яднаны ў колькасна розныя групы: на лiтару А распрацавана 310 слоўнiкавых артыкулаў, B–303, С–28, D–231, E–213, F–304, G–278, H–193, I–40, J–5, K–407. Рукапiс налiчвае 72 старонкi, дзе да 2407 лексiчных адзiнак нямецкай мовы прапанаваны беларускiя адпаведнiкi. На старонках 5–72 змяшчаецца непасрэдна нямецка-беларускi тэхнiчны слоўнiк, якi складаецца з 2312 слоўнiкавых артыкулаў. Акрамя яго ў даведнiк уключаны шэсць раздзелаў, лексiчны матэрыял якiх хоць і не мае непасрэднага дачынення да тэхнiчнай тэрмiналогii, тым не менш даволi часта выкарыстоўваецца пры кантактах з людзьмi, якiя гавораць на iншай мове. Матэрыял слоўнiка падзелены на некалькі тэматычных груп: Zeitangabe (28 адзiнак) – назвы месяцаў, дзён тыдня i адрэзкаў часу, напрыклад: Mai – травень, Montag – панядзелак, Sekunde – сэкунда, gestern – учора; Maße und Gewichte. Längemaße (9 адзiнак) – адзінкі вагі і даўжыні, напрыклад: Tonne (t) – тона, Zentner – цэнтнэр; Sashen (Faden) – сажань, Fuss – фут, Arschin – аршын; Flachenmaße (3 адзiнкi) – адзiнкi вымярэння, напрыклад: 1gkm (Quadratkilometer) – квадратны кiлёмэтар; Hoblmaße (4 адзiнкi) – адзінкі вымярэння, напрыклад: Liter (l) – лiтар, Fass – бочка; Raummaße (1 адзiнка) – адзiнка аб’ёму, напрыклад: Kubikmeter – кубiчны мэтар; Redewendungen (49 адзiнак) – маўленчыя выразы, канструкцыi, напрыклад: Macht nichts – нiчога, Wer spricht hier Deutsch? – Хто гавора тут па-нямецку?, Beschaffen Sie mir ein deutsch-weissruthenisches Wörterbuch – Дастаньце мне нямецка-беларускi слоўнiк; Deutsch-Weisruthenischen Wörterverzeichnis – нямецка-беларускi паказальнiк слоў. Рэестравая частка лексiкону прадстаўлена разнастайнымі адзiнкамi, сярод якіх пераважную колькасць складаюць простыя па структуры словы розных лексiка-граматычных класаў. Так, у склад тэрмiналагiчнага даведнiка ўключаны назоўнiкi: Alkali – шчолач, Anod – анод, Daube – клёпка; прыметнiкi: heil – сьветлы, gelb – жоўты, flach – плоскi; дзеясловы: kuppeln – шчапляць, злучаць, fräsen – фрэзэраваць, flößen – сплаўляць; дзеепрыметнiкi: gegossen – адлiты, geschweift – загнуты. У рэестравую частку ўвайшлi таксама складаныя па структуры субстантывы: Flugfeld – лётнае поле, Bohrmehl – буравая мука, Kuppelstange – дышла i словазлучэннi: Abbau mit breiten Blick – распрацоўка шырокiм суцэльным забоем, destiliertes Wasser – дыстылiраваная вада, drehendes Bohren – вярчальнае бурэньне. Заўвагi, якiя датычацца значэння перакладаемай адзiнкi, заключаны аўтарам у круглыя дужкi, параўн.:
Bett – ложак; Bett (der Maschine) – станiна; Bittung – вязка; Bittung (Zement) – схватваньне; Arm (Hebel) – плячо; Arm (Rad) – сьпiца.
Граматычныя i стылiстычныя паметы ў слоўнiку адсутнiчаюць. Асноўным спосабам перакладу з’явілася вызначэнне аднаго найбольш дакладнага адпаведніка. Пры выкарыстанні сінанімічнага спосабу перакладу сiнонiмы i значэннi мнагазначнага слова падаюцца праз коску, напрыклад: Binderiemen – шнур, рамяшок, Ballen – пак, пакунак, Barren – штык, зьлiтак, Gehäuse – кажух, картэр, каробка. “Тэхнічны слоўнік” Коха выклікае цікавасць ужо тым, што гэта першы тэхнічны двухмоўны нямецка-беларускі тэрміналагічны слоўнік, у якім беларускія адпаведнікі да нямецкіх тэрмінаў прапанаваны без пасрэдніцтва іншых моў. 12. Фiзычная тэрмiнолёгiя. – Частка I. – 1943. Фisiчная тэрмiналёгiя. – Частка II. – [г.?]. “Фiзычная тэрмiнолёгiя” – гэта рукапісны руска-беларуска-нямецкі слоўнік па фізіцы, захаваны ў Нацыянальным архіве Беларусі ў дзвюх частках[24], кожная з якіх запiсана ў вучнёўскiм сшытку чорным чарнiлам. Першая частка складаецца з 72 старонак, на якiх пададзены пераклад 1218 адзiнак ад лiтары А (першы тэрмiн аберрация) да лiтары П (апошнi тэрмiн – перпендикулярное направление). Другi сшытак налiчвае 76 старонак. Нумарацыя тэрмiнаў у iм пачынаецца з № 1219 (тэрмiн perpetuum mobile), заканчваецца № 2376 (тэрмiн спектральная лампа). У рукапiсе засталiся праўкi, унесеныя больш яркiм, нявыцвiлым чорным чарнiлам. На першых лiстах сшыткаў, апрача назвы, захавалiся вывады формул, прыклады рашэння задач i пераклады з нямецкай на рускую мову некалькiх слоў, якiя не ўвайшлi ў склад слоўнiка. У беларускай частцы лексiкону, запiсанай кiрылiцай, аўтар замест з i с часам пiша s, напрыклад: isаляваная, солярыsацыя, беsватны, пасудsiна, бяsьмен, беsупынны рух, бяsколерны прамень, дыsель; замест р – r, напрыклад: выпrастач; замест т – t, напрыклад: астыгмаtыsьм, рэастаt. На старонках слоўнiка шмат выпраўленняў, дапiсак i клякс. У нямецкай частцы лексiкону некаторыя слоўнiкавыя артыкулы засталіся незапоўненымі. Можна меркаваць, што адшуканы перакладны даведнiк – незавершаны рабочы варыянт. Зыходзячы з наяўных матэрыялаў немагчыма дакладна высветлiць аўтарства перакладнога тэрмiналагiчнага даведнiка. Можна толькі выказаць здагадку, што гэты слоўнiк, як i тэхнiчны, распрацоўваў Г. Кох. Падставай для такога сцвярджэння з’яўляецца наступнае: слоўнiкi знаходзяцца ў аднолькавых сшытках, запiсаны падобным почыркам, чарнiлам чорнага колеру, у абодвух замест з, с часам пададзена s. Параўнанне тэрмiналагiчнага даведнiка 1943 г. з руска-беларускiм “Слоўнiкам фiзычнае тэрмiнолёгii (проект)” 1929 г. паказала, што аўтары рукапiснай крынiцы 1943 г. пры распрацоўцы свайго лексiкону выкарысталi вопыт папярэднiкаў. З 6883 тэрмiнаў слоўнiка 1929 г. 2376 увайшлi ў перакладны даведнiк 1943 г. Атрыманы ў вынiку кампiляцыi руска-беларускi лексiкон дапоўнены нямецкай часткай. Пераклад на нямецкую мову, аднак, не ўсюды зроблены, i калонка, прызначаная для нямецкага адпаведнiка, запоўнена непаслядоўна – адсутнiчае 297 адзiнак. Той факт, што рукапiс слоўнiка падшыты ў архiўную справу, якая належыць фонду “Iнспектарыят беларускiх школ”, а таксама сам змест дазваляюць меркаваць, што ён прызначаўся для задавальнення патрэб школ i планаваўся да выкарыстання настаўнiкамi i навучэнцамi. Слоўнiк змяшчае найбольш ужывальную тэрмiналогiю па фiзiцы, электрычнасцi i асновах электратэхнiкi. Кожная старонка даведнiка падзелена на тры калонкi. Перакладны лексiкон пабудаваны паводле алфавiтнага прынцыпу, рэестравыя адзiнкi рускай мовы перададзены сродкамi беларускай i нямецкай моў. Даведнiк мае два тыпы слоўнiкавых артыкулаў – простыя i гнездавыя. Простыя артыкулы складаюцца з аднаслоўных i двухслоўных тэрмiнаў. У гнездавым артыкуле ў якасцi загаловачнага слова выступае агульнае для ўсiх змешчаных у гняздзе тэрмiнаў апорнае слова (назоўнiк), месца якога ў словазлучэннях пазначана праз ”, напрыклад:
Микроскоп – Мiкраскоп – Mikroskop n, ” бинокулярный – ” бiнакулярны – ”binokular, ” поляриsационный – ” палярыsацыйны – ” palarisizions, ” проекционный – ” проэкцыйны – ” projektions, ” простой – ” просты – ” einfach, stills, ” сложный – ” сложны, складаны – ” kompliziert.
Калi ў словазлучэннi “назоўнiк+прыметнiк” субстантыў замяняецца на iншы, канчатак дапасаванага прыметнiка падаецца ў круглых дужках, напрыклад:
Cвободная поверхность – Вольная паверхня – Freie Fläche, ” энергия – ” энэргiя – ” Energie, ” (ое) колебание – ” (ае) ваганьне – ” Schwingung, ” падение – ” паданьне – ” falen, ” (ые) оси – ” (ыя) восi – ” Achse f, ” (ый) магнетизм – ” (ы) магнэтызм – ” Magnetism, ” ток – ” ток – ” Strom m,–.
Тэрмiны ў слоўнiку прадстаўлены ў iх зыходных (слоўнiкавых) формах, г.зн. выкарыстоўваецца форма назоўнага склону адзiночнага лiку. Аб’ектам перакладу сталi таксама адзiнкi больш складанай будовы, напрыклад:
Динамомашина переменного тока – Дынама-машына пераменнаго току – Dinamomaschine veränderlich; Происхождение космических лучей – Паходжаньне касьмiчных праменьняў – Herkunft f Kosmisch Strahle; Молекулярное вращение плоскости поляризации – Молекулярнае вярчэньне роўнiцы полярызацыi – Molekulardrehung, f; Молекулярное понижение точки кипения – Молекулярнае панiжэньне пункту кiпеньня – Molekularernidrigung.
У выпадку разыходжання роду ў руска-беларускай i нямецкай частках указанне на род назоўнiка змяшчаецца толькi ў нямецкай частцы, напрыклад:
Абсолютная величина – Абсолютная велiчыня – Absoluter Betrag m; Изображение – Вобраз – Darstellung f, Bild n, Abbildung f; Ряд – Рад – Reihe f.
Адпаведнiкам да тэрмiна рускай мовы ў перакладной частцы выступае пераважна адзiн эквiвалент. Пры наяўнасцi ў беларускай i нямецкай мовах тэрмiналагiчных варыянтаў або тэрмiналагiчных сiнонiмаў яны падаюцца праз коску. Беларускiя эквiваленты кампiляваны са слоўнiка 1929 г. Нягледзячы на тое, што тэхнічны і фізічны слоўнікі 40-х гадоў так і засталіся толькі рукапісным чарнавым варыянтам, каштоўнасць іх бясспрэчная, бо яны яркае сведчанне актывізацыі працы па выяўленні ўласных лексічных сродкаў для распрацоўкі асобных галін беларускай тэрміналогіі. 13. [Маскалік М. Беларуска-нямецкія слоўнікавыя матэрыялы] // Moskalik M. Janka Kupała. – München, 1959. [Маскалік М. Беларуска-нямецкія слоўнікавыя матэрыялы] // Moskalik M. Janka Kupała. Der Sänger des weissruthenischen Volkstums. Slavistische Beiträge. – München, 1961. М. Маскалiк прысвяцiў сваю дысертацыю даследаванню творчай спадчыны Я. Купалы. Яго работа была надрукавана ў 1961 г. у адным з нумароў серыi “Slavistische Beiträge”. Нямецкi навуковец ставiў сабе за мэту ўпершыню даць змястоўны i шырокi агляд творчасцi беларускага песняра на нямецкай мове, выявiць аснову паэтычнай мовы Я. Купалы праз аналiз лексiкi, фразеалагiзмаў, прыказак, прымавак, сродкаў i прыёмаў мастацкага выказвання. Паколькi даследаванне арыентавана на нямецкага чытача, М. Маскалiкам уведзены ў структуру работы беларуска-нямецкiя слоўнiкi, якiя з’яўляюцца iлюстрацыйным матэрыялам для праведзеных назiранняў. Беларуская частка лексiкаграфiчных падборак бралася непасрэдна з твораў Я. Купалы, нямецкiя адпаведнiкi распрацаваны самім аўтарам. У якасцi перакладных адзiнак выбраны беларускiя прыказкi i прымаўкi, лексемы, найбольш часта ўжытыя беларускiм паэтам, якія перадаюць настрой жалю i прыгнёту, цiшынi, нешта загадкавае; словы рознай часцiнамоўнай прыналежнасцi з памяншальнымi суфiксамi; каларонiмы; складаныя эпiтэты. Акрамя гэтага, крынiцай фактычнага матэрыялу для перакладных лексiконаў паслужылi iмёны, узятыя ўкладальнiкам з купалаўскiх твораў. Амаль пры кожным уласным iменi пададзены яго народна-гутарковыя формы, якiмi перадавалася не толькi ўзроставая дастасавальнасць iмён, але i характар адносiн гаворачай асобы да таго цi iншага iмя: памяншальнасць, ласкальнасць, зневажальнасць i г.д. Структура слоўнiкаў спрошчаная: рэестраваму беларускаму слову адпавядае пераважна адзiн нямецкi эквiвалент. 14. [Kühne H.] Alphabetisches Wörterverzeichnis // Kühne H. Polnische Lehnwörter im Weissrussischen. Inaugural-Dissertation zur Erlangung des Grades eines Doktors der Philosophie der Philosophischen Fakultät der Freien Universität Berlin. – Berlin, 1960. Дысертацыя нямецкага навукоўца Губертуса Кюнэ прысвечана аналiзу польскiх запазычанняў у беларускай мове. Значную частку даследавання складае перакладны слоўнiк з этымалагічнымі даведкамі, што абгрунтоўваюць польскае паходжанне беларускіх слоў. У прадмове даследчык адзначае, што пры ўкладаннi лексiкону карыстаўся шматлiкiмi лексiкаграфiчнымi крынiцамi, сярод якiх названы i “Словарь белорусского наречія” I. Насовiча (СПб, 1870), “Вiцебскi краёвы слоўнiк” М. Каспяровiча, (Менск, 1927), “Русско-белорусский словарь” (Москва, 1953) i iнш. Слоўнiкавы артыкул мае наступную будову: кожнае “польскае па паходжанні”, паводле думкi аўтара, слова беларускай мовы перакладаецца на нямецкую мову, затым змяшчаецца iнфармацыя пра тое, у якiм беларускiм слоўнiку фіксуецца вызначаная лексема, прыводзяцца (але непаслядоўна) украiнскiя i рускiя адпаведнiкi, высвятляецца этымалогія слова. Рэестравыя словы падкрэслены, маюць нацiск. У перакладной частцы выкарыстаны сiнанiмiчны спосаб перакладу. 15. Glossarium archaeologicum. – Bonn–Warszawa, 1962–1965. Археалагiчны слоўнiк з’яўляецца шматмоўным тэрмiналагiчным даведнікам у выглядзе табліц. Слоўнiк прызначаны выконваць некалькi функцый: служыць даведнікам па археалагiчнай тэрмiналогii, быць матэрыяльнай асновай для мiжнароднай каардынацыi археалагiчнай тэрмiналогii, садзейнiчаць стабiлiзацыi i нармалiзацыi тэрмiнаў, стымуляваць выпрацоўку тэрмiнаў у асобных мовах, а таксама дапамагаць пры чытаннi i перакладзе спецыяльных тэкстаў. Перакладны даведнiк складаецца з дзвюх кніг і ўяўляе сабой каталог-слоўнiк у выглядзе таблiц, у якім пададзены тэрмiны на 25 мовах: французскай, англiйскай, нямецкай, iтальянскай, iспанскай, партугальскай, рускай, украiнскай, беларускай, польскай, чэшскай, славацкай, лiтоўскай, латышскай, эстонскай, фiнскай, шведскай, дацкай, нарвежскай, галандскай, венгерскай, румынскай, сербахарвацкай, славенскай, грэчаскай. Дзве кнiгi слоўнiка змяшчаюць 340 тэрмiнаў-паняццяў. Некаторыя словы забяспечаны ўказаннем месца нацiску (напрыклад, нáкрыўка); пры магчымасцi варыянтнага спосабу перакладу варыянт заключаны ў круглыя дужкі, напрыклад: грунтавое пахаванне (бескурганнае пахаванне). 16. Slovník slovanské lingvistické terminologie = Словарь славянской лингвистической терминологии = Dictionary of slavonic linguistic terminology. – Praha, 1977–1979. Выданне з’яўляецца шматмоўным даведнiкам, дзе асноўная лiнгвiстычная тэрмiналогiя прадстаўлена на ўсiх славянскiх мовах (чэшскай, славацкай, польскай, верхня- i нiжнялужыцкай, рускай, украiнскай, беларускай, балгарскай, македонскай, сербахарвацкай, славенскай), а таксама на англiйскай, французскай i нямецкай. Задача стварыць слоўнiк была прынята на пасяджэннi Мiжнароднай тэрмiналагiчнай камiсii пры Мiжнародным камiтэце славiстаў у Празе ў 1960 г. Макет слоўнiка, распрацаваны Чэхаславацкай лiнгвiстычнай камiсiяй, абмяркоўваўся на разнастайных пасяджэннях Мiжнароднай тэрмiналагiчнай камiсii. Перакладны даведнiк змяшчае 2266 паняццяў-тэрмiнаў з лінгвістыкі, якія сустракаюцца ў асноўных працах па славяназнаўстве. Аб’ём тэрмiналогii, уключанай у лексiкон, абумоўлены вучэбнымi праграмамi для студэнтаў-славiстаў. Слоўнiк прызначаны служыць мэтам рэгiстрацыі i iнфармацыі, стабiлiзацыі і нармалiзацыі, стымуляцыі і каардынацыі. У першай кнiзе словы згрупаваны ў дзевяць раздзелаў: тэрмiны агульналiнгвiстычнага характару (1 раздзел), тэрмiны розных узроўняў структуры мовы (2–7 раздзелы), стылiстычныя тэрмiны (8 раздзел), тэрмiны новых метадаў, школ i лiнгвiстычных накiрункаў (9 раздзел). Мовамі-крынiцамі выступiлі чэшская i славацкая. Пасля іх прыводзяцца эквiваленты на iншых славянскiх (польская, верхнялужыцкая i нiжнялужыцкая; руская, украiнская, беларуская; балгарская, македонская, сербахарвацкая = харватасербская, славенская) і сусветных (англiйская, французская, нямецкая) мовах. Рэестравыя адзінкі ў слоўнiку дадзены ў сваiх зыходных слоўнiкавых формах – назоўны склон адзiночнага лiку, але ў выпадках неабходнасцi (множналiкавыя назоўнiкi) звычайна прыведзена скарачэнне pl. Пры неаднаслоўных тэрмiнах захаваны парадак слоў, якi з’яўляецца агульнапрынятым у зыходнай мове. Сiстэмныя адносiны памiж тэрмiнамi ў слоўнiку абазначаны пазiцыйным iндэксам (напрыклад, 6-4-2 словаўтваральны працэс, 6-4-2-1 афiксацыя, 6-4-2-1-1 суфiксацыя). Разам з асноўным тэрмiнам фіксуюцца і тэрмiналагiчныя варыянты або сiнонiмы. Таму побач з айчыннымi могуць прыводзіцца тэрмiны iнтэрнацыянальнага характару, з навуковымi – тэрмiны, якiя ўжываюцца ў школьнай практыцы, з агульнапрынятымі – тэрмiны даволi рэдкiя. Лексікон выйшаў у двух тамах: у першым томе тэрмiналогiя прадстаўлена ў адпаведнасцi з сiстэмнай пазiцыяй паняццяў-тэрмiнаў, другi том уключае алфавiтныя рэестры тэрмiнаў на ўсiх чатырнаццацi мовах. У беларускай частцы лексiкону на першым месцы падаецца, як правiла, тэрмiн беларускi або засвоены запазычаны, а затым – тэрмiны, якiя толькi акцэптуюцца. Пры наяўнасці сінонімаў перавага аддаецца больш кароткай лексеме. Складальнiкi абмежавалі сябе ў падачы тлумачэнняў i апiсанняў. Для абазначэння новых лiнгвiстычных паняццяў выкарыстаны пераважна мiжнародныя словы, чым мэтанакiравана падтрымлiвалася ўстаноўка на iнтэрнацыяналiзацыю лiнгвiстычнай тэрмiналогii. 17. [Выхота В.А. Нямецка-руска-беларускі слоўнік] / Выхото В.А. Слова, трудные для понимания учащимися-белорусами при изучении немецкого языка в условиях белорусско-русского двуязычия // Вопросы преподавания русского языка в школе с белорусским языком обучения: Тематический сборник научных трудов. – Мн., 1978. Перакладны нямецка-руска-беларускi слоўнiчак – дадатак i iлюстрацыйны матэрыял да навуковага артыкула В. Выхоты[25]. Асноўную задачу пры стварэннi дапаможнiка аўтар бачыла ў практычным, прыкладным яго прызначэннi: выявiць, супаставiць, аб’яднаць у рады i растлумачыць шляхам перакладу нямецкiя словы, складаныя для разумення пры яе вывучэннi ва ўмовах беларуска-рускага двухмоўя. Даведнiк ахоплівае агульнаўжывальную лексiку, да перакладу якой даволi часта звяртаюцца ў школьным курсе нямецкай мовы. Лексiкон складаецца са слоўнiкавых артыкулаў, размешчаных парамi ў алфавiтным парадку (усяго 273 пары). Слоўнiкавы артыкул структурна ўключае некалькi асноўных элементаў: загаловачнае нямецкае слова, пераклад на рускую i беларускую мовы. Нямецкiя лексемы пададзены ў сваiх пачатковых формах, пры назоўнiку ўказаны яго род. Перакладная частка прадстаўлена адным або некалькiмi (пры магчымасцi сiнанiмiчнага перакладу) адпаведнiкамi з рускай i беларускай моў. Беларуская перакладная частка заключана ў касары, напрыклад:
abfegen сметать /змятаць/ – heften сметать /сфастрыгаваць/; Abgabe f сдача /здача/ – Rest m сдача /рэшта/; mischen мешать /мяшаць/ – stören мешать /перашкаджаць, замiнаць/.
Дапаможнiк лічыцца першай спробай слоўнiка “ілжывых сяброў перакладчыка”, укладзенага для школы. Размешчаныя парамі лексемы нямецкай мовы, пераклады якiх з’яўляюцца амонiмамi або паронiмамi ў рускай i беларускай мовах, прымушаюць задумвацца над сэнсам кожнай лексемы, што спрыяе выбару правiльнага слова для канкрэтнага кантэксту. 18. Основен систем и терминологиjа на словенската ономастика = Основная система и терминология славянской ономастики = Grundsystem und Terminologie der slawischen Onomastik. – Скопjе – Скопье – Skopje, 1983.Даведнiк з’явiўся першым сiстэмна арганiзаваным пералiкам славянскiх анамастычных тэрмiнаў (231 адзінка) у чэшскай, славацкай, польскай, сербалужыцкай, рускай, украiнскай, беларускай, балгарскай, сербахарвацкай, славенскай, македонскай, нямецкай мовах. Паводле думкi аўтараў, слоўнік дазволiць пазбегнуць шматзначнасці ў разуменні навуковых публiкацый па анамастыцы. Будова слоўнікавага артыкула дае магчымасць тэарэтычна дапоўніць даведнiк новымi тэрмiнамi. Так, калi 0.13. – анiмiя, 11.13 – антрапанiмiя, то можна ўтварыць, напрыклад, 13.13 – заанiмiя. Эквівалентам да аднаго рэестравага тэрміна выступае пераважна адзін адпаведнік. Калі ў перакладной мове іх некалькі, яны аддзелены знакам //, напрыклад: штучнае ўласнае iмя // штучная ўласная назва. Перакладны лексікон суправаджаецца алфавітным індэксам выкарыстаных тэрмінаў. 19. [Выхота В.А. Нямецка-беларускi слоўнiк] // Выхото В.А. Предупреждение ошибок при понимании немецких слов, сходных со словами родного языка, в условиях близкородственного двуязычия (IХ–Х классы белорусской школы): Дис. ... канд. пед. наук. – М., 1986. Перакладны нямецка-беларускi слоўнiк – дадатак да дысертацыi В. Выхоты. Вывучэнне падручнiкаў i кнiг для чытання на нямецкай мове для сярэдняй школы, а таксама праграмных твораў i твораў для пазакласнага чытання па беларускай мове дало магчымасць аўтару дысертацыi выявiць корпус слоў агульнага кораня ў нямецкай i беларускай мовах колькасцю 1074 адзiнкi. Аўтарам навуковага даследавання прадугледжвалася, што група адшуканых слоў можа стаць асновай для выпрацоўкi ў навучэнцаў умення распазнаваць i разумець аднакарэнныя словы. Слоўнiк мае спрошчаную структуру: адпаведнiкам да рэестравага слова нямецкай мовы (яны прыведзены ў алфавiтным парадку) выступае адна беларуская лексема. Пры нямецкiх назоўнiках указана iх радавая прыналежнасць. У перакладной частцы для найлепшага запамiнання нямецкага слова пасля скарачэння Ср. пададзена блiзкая па значэнні беларуская лексiчная адзiнка, напрыклад: Knopf m – гузiк. Ср.: Кнопка; Körper m – цела. Ср.: Корпус; Porzellan n – фарфор. Ср.: парцаляны. 20. Нямецка-беларуска-рускi слоўнiк: А–Я = Deutsch-Belorussisch-Russisches Wörterbuch: A–Z. – Мн., 1988. Нямецка-беларуска-рускi слоўнiк: А–Я = Deutsch-Belorussisch-Russisches Wörterbuch: A–Z / Л.В. Бараноўская, Н.М. Любчэўская, У.I. Марцiнеўскi i iнш.; Пад агульн. рэд. У.I. Марцiнеўскага, П.В. Садоўскага. – 2-е выд. – Мінск: БелСЭ, 1990. – 269 с. Нямецка-беларуска-рускi слоўнiк: А–Я = Deutsch-Belorussisch-Russisches Wörterbuch: A–Z / Л.В. Бараноўская, Н.М. Любчэўская, У.I. Марцiнеўскi i iнш.; Пад агульн. рэд. У.I. Марцiнеўскага, П.В. Садоўскага. – 3-е выд. – Мінск: БелСЭ, 2003. – 269 с. Перакладны вучэбны нямецка-беларуска-рускi слоўнiк складзены выкладчыкамі Мiнскага дзяржаўнага педагагiчнага iнстытута замежных моў. Лексiкон змяшчае каля 6000 слоў i 1000 словазлучэнняў і разлiчаны на шырокае кола чытачоў, бо з яго дапамогай можна перакладаць адаптаваныя тэксты з нямецкай мовы на беларускую i рускую. У склад слоўнiка ўвайшлі словы i словазлучэнні, выбраныя складальнiкамi са слоўнiкаў-мiнiмумаў, слоўнiкаў найбольш ужывальных слоў i частотных слоўнiкаў нямецкай мовы. У якасці асобных дадаткаў тут змяшчаюцца спiс найбольш распаўсюджаных скарачэнняў нямецкай мовы, спіс геаграфiчных назваў i граматычныя таблiцы. Словы пададзены ў алфавiтным парадку. Слоўнiк вызначаецца дэталёвай распрацоўкай памет: у рэестравую i перакладную часткi ўведзены 15 разнастайных умоўных абазначэнняў i знакаў, 39 нямецкiх i лацiнскiх умоўных скарачэнняў, 67 – беларускiх i рускiх. З мэтай найбольш поўнай перадачы значэння нямецкай лексемы аўтары звяртаюцца да выкарыстання сiнонімаў у перакладной частцы, у розныя слоўнiкавыя артыкулы вынесены амонiмы, а значэннi полісемічнага слова маюць лiчбавае суправаджэнне. Рэцэнзентамі рукапiсу слоўнiка былі В. Галай і Р. Гармаш, якія далі станоўчую ацэнку здзейсненай працы i падкрэслiлі, што “асобныя заўвагi не знiжаюць значэння рэцэнзаванага слоўнiка, якi будзе бясспрэчна карысным чытачу пры перакладзе на беларускую i рускую мовы нескладаных нямецкiх тэкстаў” [Галай, Гармаш 1989, с. 76]. Водгукi на слоўнiк з’явiлiся ў рэспублiканскiм перыядычным друку адразу пасля яго выдання. В. Сёмуха звярнуў увагу на прыдатнасць слоўнiка для рускiх i беларускiх школ i адзначыў, што “нiякае крытыкi ад мяне слоўнiку не будзе, я рады, я ўдзячны аўтарам i выдавецтву за тое, што на маiм стале паявiлася кнiга, якое я не меў нi ў дзяцiнстве, нi ў маладосцi” [Сёмуха 1989, c. 7]. Гiсторыя стварэння трохмоўнага лексiкону, прынцыпы яго распрацоўкi падрабязна разгледжаны ў водгуку Л. Баршчэўскага. Да станоўчых якасцей гэтага слоўнiка залiчаны пошук да нямецкiх слоў беларускiх адпаведнiкаў, што, паводле думкi рэцэнзента, справа першапраходнiцкая. У канцы рэцэнзii аўтарам зазначана, што “даволi значная колькасць недахопаў нi ў якiм разе не касуе таго радаснага i нi з чым не параўнальнага адчування, якое пакiдае ва ўсiх, хто любiць родную мову, гэты першы нямецка-беларуска-рускi слоўнiк” [Баршчэўскi 1989, c. 198]. 21. Разговорник для туристов: Русский, белорусский, английский, немецкий, французский, итальянский, польский. – Мн., 1991. Даведачнае выданне – размоўнiк на сямi мовах – выйшла асобнай брашурай зручнага кiшэннага фармату ў мяккай вокладцы. Лексікон прызначаны для турыстаў, што едуць за мяжу ў турыстычную або дзелавую паездку, а таксама для замежных турыстаў – гасцей Беларусі. Структура размоўнiка ўключае некалькi частак, або тэматычных раздзелаў: “Приветствия, время”, “Просьба, благодарность, извинение”, “На дороге”, “Туристический сервис”, “Бытовые услуги”, “Медицинская помощь”, “Досуг, отдых”, “Расчет”, а таксама “Прадмову” i “Рэкламу”, дзе пададзены звесткi пра асобныя фiрмы, аб’яднаннi, творчыя калектывы горада Мiнска. Кожны слоўнiкавы артыкул змяшчае рускае загаловачнае слова, беларускi адпаведнiк, англiйскi, нямецкi, французскi, iтальянскi i польскi эквiваленты. У трэцяй калонцы пазначаны націск і вымаўленне iншамоўнай адзiнкі. Аб’ектам перакладу сталi моўныя адзiнкi простай i складанай структуры, найбольш ужывальныя ў штодзённым жыццi. Аднаму рэестраваму слову адпавядае ў правай частцы строга адзiн эквiвалент. 22. Нямецка-беларускi слоўнiк для студэнтаў-фiлолагаў. – Мн., 1992. Гэта ратапрынтнае выданне, падрыхтаванае для студэнтаў-фiлолагаў выкладчыкамi кафедры нямецкай мовы БДУ, якое ахоплівае пераважна агульнаўжывальныя словы, а таксама асноўныя лiнгвiстычныя тэрмiны з раздзела лексiкалогii. У рэестры слоўнiка 2000 загаловачных слоў, размешчаных у алфавiтным парадку ў дзвюх частках. Першая частка складаецца з 600 нямецкiх загаловачных слоў, другая – з 1400. У слоўнікавы артыкул уключаны звесткi пра род нямецкiх назоўнiкаў, адсутнасць цi наяўнасць чаргавання пры змяненнi слова, канчаткi ў форме множнага лiку, адзнакай vt пазначана пераходнасць дзеясловаў. Памета перан. у беларускай частцы ўказвае на пераноснае значэнне лексемы. Пры перакладзе сiнанiмiчныя варыянты аддзелены коскай, больш аддаленыя значэннi – кропкай з коскай, розныя значэннi – арабскiмi лiчбамi з кропкай. Для размежавання прыметнiкаў i прыслоўяў – эквівалентаў да адной лексемы нямецкай мовы – у беларускiм лексiконе выкарыстаны адпаведна скарачэннi a, adv. Аўтарскiя заўвагi, якiя датычаць аб’ёму значэння перакладной адзiнкi, заключаны ў круглыя дужкi. 23. Размоўнік ветлівага госця: Для гасцявання ў Германіі // Наша слова. –1992. “Размоўнік ветлівага госця” – рубрыка ў газеце “Наша слова”, ініцыятарам стварэння якой быў перакладчык С.Л. Дорскі[26]. Яна складалася з чатырох размоўнікаў: беларуска-нямецкага, беларуска-англійскага, беларуска-літоўскага і беларуска-французскага, кожны з якіх паслядоўна друкаваўся ў асобным нумары газеты. Складальнік перакладных слоўнікаў меў на мэце дапамагчы ўсім, хто ў той або іншай ступені валодае замежнай мовай – англійскай, нямецкай ці французскай, нагадаць пераклад самых неабходных гутарковых фраз. У размоўнікі ўключаны 29 выразаў, якія найбольш часта выкарыстоўваюцца падчас знаёмства і размовы за сталом. Іншамоўныя эквіваленты суправаджаюцца запісам транскрыпцыяй, прычым гэтым не агульнапрынятай міжнароднай, а прыблізнай, запісанай на кірыліцы, напрыклад: Калі ласка, да стала! Bitte zu Tisch! Битэ цу тыш.
Я хачу есці. Ich habe Hunger. Іх хабэ гунгер.
Смашнога! Mahlzeit! Lassen Sie es sich schmecken! Ма:льцайт ласэн зі: ес зіх шмэкен. 24. Маркетинг: Словарь-справочник. – Мн., 1993. Перакладны слоўнік складаецца з трох частак: руска-беларуска-англiйска-нямецка-французскі слоўнiк, англiйска-руска-беларуска-нямецка-французскi слоўнiк i паказальнiкi тэрмiнаў на англiйскай, рускай, беларускай, нямецкай i французскай мовах. Лексiчны матэрыял перакладнога тэрмiналагiчнага тлумачальнага слоўнiка згрупаваны вакол некалькiх раздзелаў: уводзiны ў маркетынг, кiраванне маркетынгам, тавар у маркетынгавай дзейнасцi, рынкавыя даследаваннi, арганiзацыя збытавай дзейнасцi, рэклама i стымуляванне збыту. Лексiкон падрыхтаваны для студэнтаў i выкладчыкаў ВНУ i тэхнiкумаў, спецыялiстаў народнай гаспадаркi, усiх, хто цiкавiцца маркетынгам i вывучае замежныя мовы. Ролю рэестравых выконваюць словы рускай мовы, размешчаныя ў алфавітным парадку. У перакладной частцы прапанаваны пераважна адзiн адпаведнiк. Варыянты перакладу таго або iншага тэрмiна заключаны ў круглыя дужкi. 25. Кароткi нямецка-беларускi слоўнiк (для чытання i перакладу нямецкiх фiзiчных тэкстаў на беларускую мову). – Вiцебск, 1993. Нямецка-беларускі слоўнік – гэта ратапрынтнае выданне, адрасаванае студэнтам для перакладу фiзiчных тэкстаў з нямецкай мовы на беларускую. У перакладны лексікон уключаны самыя ўжывальныя ў нямецкай мове тэрмiны, словазлучэннi, складаныя словы, якiя выражаюць фiзiчныя паняццi, агульнанавуковая лексiка, iнтэрнацыянальныя словы. Пры стварэнні даведніка аўтарам выкарыстаны руска-беларускiя, нямецка-рускiя слоўнiкi, а таксама руска- i нямецкамоўная лiтаратура па фiзiцы. Больш чым 1400 рэестравых нямецкiх адзiнак размешчаны ў алфавiтна-гнездавым парадку. Загаловачныя словы забяспечаны ўказаннем на iх часцiнамоўную прыналежнасць i сiстэмай граматычных памет, якая адпавядае сучасным нямецка-iншамоўным лексiкаграфiчным выданням. Амонiмы пададзены ў адным слоўнiкавым артыкуле праз кропку з коскай. У перакладной частцы выкарыстаны сiнонімы для перадачы значэння рэестравай адзінкі. 26. Proverbia et dicta: Шасцiмоўны слоўнiк прыказак, прымавак i крылатых слоў. – Мн., 1993. Шасцімоўны даведнік разлічаны на шырокае кола чытачоў і ўяўляе сабой перакладны слоўнік, у якім лацiнская iдыёма перакладаецца на беларускую, рускую, французскую, англiйскую і нямецкую мовы праз адпаведнiкi з народнай мовы. Структура слоўнiка дазваляе даволi лёгка перабудаваць яго i вынесцi ў рэестравую частку iдыёму з любой вышэйназванай мовы. Часам да адной рэестравай адзiнкі ў перакладной частцы прапанаваны некалькi аднамоўных варыянтаў. Лексiчны матэрыял налічвае 500 адзінак (ідыёмы, прыказкі і прымаўкі), выдзеленых тлустым шрыфтам і пададзеных паводле тэматычнага прынцыпу (26 тэм). У выданне, апрача самога слоўнiка, увайшлi паказальнiкi ўсіх выкарыстаных у ім лацiнскiх i беларускiх прыказак, прымавак, крылатых слоў. Прапанаваныя слоўнікам устойлівыя адзінкі заслугоўваюць увагі, паколькі аднолькавыя найменнi ў розных мовах адрознiваюцца сэнсавымi i стылiстычнымi адценнямi. Акрамя гэтага, вобразы, якiя ляжаць у аснове большасцi прыказак, прымавак, у той цi iншай ступенi разыходзяцца ў розных мовах. “Паняцце, якое пакладзена ў аснову фразеалагiчнай адзiнкi, у кожнай з моў, як правiла, знаходзiць адметныя, толькi ёй уласцiвыя семантычны змест i лексiка-граматычны склад” [Proverbia et dicta 1993, с. 5]. У гэтым выпадку тэрмiны “пераклад” i “адпаведнiк” у значнай меры ўмоўныя. 27. Немецко-русско-белорусский словарь // Лексический минимум: английский, немецкий, французский языки. – Мн., 1994. Выданне складаецца з трох перакладных лексiконаў: англа-руска-беларускага, нямецка-руска-беларускага i французска-руска-беларускага. Распрацоўка перакладных трохмоўных даведнiкаў ажыццяўлялася калектывам аўтараў, у склад якога ўваходзілі М. Мiшкевiч, Е. Дубовiк, М. Кускоў, В. Ермакоў, М. Кудрэвiч, А. Янукевiч. Аўтары лексiконаў ставiлi сабе за мэту дапамагчы карыстальнiкам у вусных зносiнах, таму даведнiк арыентаваны на размоўную лексiку. У яго корпус уключана абмежаваная колькасць адзiнак – 1500 слоў, найбольш ужывальных у побыце, у падарожжы, неабходных пры наведваннi культурных, навуковых i гаспадарчых устаноў. Да слоў даецца невялiкая колькасць распаўсюджаных словазлучэнняў. Даведнiк адрасаваны студэнтам негуманiтарных ВНУ, навучэнцам тэхнiкумаў i сярэднiх школ, тым, хто вывучае замежную мову на курсах. Слоўнiкi прызначаны таксама для выкладчыкаў замежных моў як практычныя дапаможнiкi пры вырашэннi праблемы адбору лексiчнага матэрыялу на пачатковым этапе навучання i ў распрацоўцы новай вучэбнай літаратуры. Перакладныя матэрыялы суправаджаюцца раздзелам “Умоўныя скарачэннi” i нямецкiм алфавiтам. У дадатак вынесены ўкладзеныя ў алфавiтным парадку нямецкiя назоўнiкi, дзеясловы, прыметнiкi, прыслоўi, лiчэбнiкi i функцыянальныя словы, якія сталi аб’ектам перакладу. Класiфiкаваныя паводле трох лексiка-граматычных разрадаў: асабовыя, прыналежныя i ўказальныя – займеннiкi пададзены з узорамi iх скланення. Завяршаюць даведнiк тэматычныя групы “Назвы бакоў свету”, “Поры года”, “Назвы месяцаў”, “Назвы дзён тыдня”. Аўтарамi выкарыстаны алфавiтна-гнездавы спосаб укладання рэестравай часткi. Загаловачныя словы i iх асноўныя формы выдзелены тлустым шрыфтам, пасля чаго iдзе лексема рускай мовы i праз знак / – беларускi эквiвалент. 28. Нямецка-беларускi слоўнiк да “Практычнага курсу нямецкай мовы для студэнтаў гуманiтарных факультэтаў”. – Мн., 1994.Нямецка-беларускi слоўнiк – гэта невялiкае памерам (22 старонкi) i аб’ёмам (481 загаловачнае слова) ратапрынтнае вучэбнае выданне, падрыхтаванае калектывам выкладчыкаў кафедры замежных моў БДПУ і прызначанае для студэнтаў гуманiтарных факультэтаў. У склад даведніка ўключана невялiкая колькасць фанетычных i граматычных тэрмiнаў, тэрміналогія бібліятэказнаўства, а таксама найбольш тыповыя словы, словазлучэнні i выразы, звязаныя з жыццём i iнтарэсамi студэнтаў: “Мова i маўленне”, “Сям’я”, “Iнстытут”, “Працоўны дзень студэнта”, “Бiблiятэка”, “Выхадны дзень студэнта”, “Германiя”, “Аўстрыя”, “Нямецкая мова”, “Выбар прафесii”. Рэестравыя адзінкі арганізаваны паводле тэматычнага прынцыпу; блiзкiя па сэнсе адпаведнiкi да нямецкiх слоў пададзены праз коску, амонiмы аб’яднаны ў адным слоўнiкавым артыкуле i раздзелены кропкай з коскай. 29. Выхота В. Коласавы зернеткі // Наша слова. – 1995–1996. У слоўнік “Коласавы зернеткі”, які паслядоўна друкаваўся ў газеце “Наша слова” ў рубрыцы “Ствараем энцыклапедыю “Новай зямлі”, увайшлі беларускія лексемы, ужытыя Я. Коласам у вышэйназваным творы, агульныя з нямецкімі словамі (155 адзінак). Паводле думкі аўтара лексікону, падабенства беларускіх і нямецкіх слоў тлумачыцца іх індаеўрапейскім паходжаннем. У падраздзеле “Шматзначнасць нашых і нямецкіх слоў” адзначаюцца выпадкі, калі генетычна роднасныя беларускія і нямецкія словы, акрамя тоесных значэнняў, набываюць у беларускай мове і адрозныя. Кожны слоўнікавы артыкул пачынаецца Коласаўскім радком, у якім ужыта беларуская лексема, агульная з нямецкай. Пасля беларускага слова, вылучанага тлустым шрыфтам, прапануецца нямецкі адпаведнік акрамя гэтага, змяшчаецца інфармацыя пра шляхі ўтварэння нямецкага слова, напрыклад: А дзень гарыць, а дзень палае. Усплывае хмарка, і другая. Над сіне-дымным небасхілам. І ў задуменні смутна-мілым З нябёс блакітных пазіраюць, Як бы дарогу выбіраюць. БЛАКІТНЫ. Ням. blau, с.- в.нем. bla, blawer, ст.- в.- нем. blāo, blāwer. Герм. *bhlēuo – роднаснае лац. flāvus ’залаціста-жоўты, чырвона-жоўты, бялявы’. Магчыма першапачаткова значэнне – не яркія, а светлыя фарбы. 30. Aktiver Wortschatz // Нямецкая мова: Вучэб. дапам. – Мн., 1996. “Aktiver Wortschatz” складаецца з нямецка-беларускiх слоўнiкаў, уключаных у склад вучэбнага дапаможніка па нямецкай мове, распрацаванага членамi кафедры замежных моў БДПУ. Лексікаграфічныя матэрыялы згрупаваны вакол 13 тэм, у якiх адлюстраваны найбольш тыповыя маўленчыя сiтуацыi: “Першыя кантакты”, “Мой працоўны дзень”, “Наш унiверсiтэт”, “Абед”, “Пакупкi”, “Спорт”, “Наведванне тэатра”, “На пошце”, “У доктара”, “Падарожжа”, “Рэспублiка Беларусь”, “Германiя”, “Швейцарыя”. Аб’ектам перакладу ў лексiконах сталі найбольш ужывальныя словы i выразы нямецкай мовы ў аб’ёме 538 адзiнак. Рэестравыя словы размешчаны паводле iх ужывання ў тэксце. Пры загаловачных дзеясловах пададзены іх асноўныя формы i вызначана кiраванне, пры назоўнiках указаны канчаткi ў формах Gen. Sing. i Nom. Pl. Пры сiнанiмiчным спосабе перакладу словы, блiзкiя па значэннi, аддзелены коскамi. 31. Словарь-справочник по современной экономике: На пяти языках. – Мн., 1996. Гэты тэрмiналагiчны тлумачальны слоўнiк на пяцi мовах распрацаваны з мэтай перадаць асноўнае значэнне рускага тэрмiна праз адпаведныя паняцці-эквiваленты беларускай, англiйскай, нямецкай i французскай моў. Даведнiк змяшчае 1774 тэрмiны, найбольш частотныя ў спецыяльнай лiтаратуры па такіх галiнах эканомiкi, як эканамiчная тэорыя, агульная эканомiка, макра- i мiкраэканомiка, фiнансы, банкаўская справа, знешнеэканамiчная дзейнасць, бухгалтарскi ўлiк, статыстыка, маркетынг, менеджмент. Па словах складальнiкаў, пры распрацоўцы даведнiка да ўвагi прымалiся тэрмiны толькi са сферы фiксацыi – энцыклапедыi, перакладныя i тлумачальныя даведнiкi па эканомiцы, рэкамендаваныя да выкарыстання выкладчыкамі, студэнтамі i навучэнцамі тэхнiкумаў адпаведных спецыяльнасцей. Слоўнiк пабудаваны паводле алфавiтнага прынцыпу. Кожнае загаловачнае слова забяспечана тлумачэннем-дэфiнiцыяй на рускай мове, пасля чаго пададзены пераклады – iншамоўныя адпаведнiкi. Перакладная частка мае выгляд таблiцы, у якой тэрмiны-эквiваленты кожнай мовы згрупаваны ў асобны слупок. Аўтарамi выкарыстаны сiнанiмiчны спосаб перакладу рускiх лексем. Алфавiтныя паказальнікі тэрмiнаў на беларускай, англiйскай, нямецкай i французскай мовах вынесены ў канец выдання. 32. Трибофатика = Трыбафатыка = Tribo-Fatigue = Tribo-Ermündung: Четырёхъязычный терминологический словарь. – Мн., Гомель, 1996. Слоўнiк прызначаны для выкарыстання пры вывучэннi асноўнага курса трыбафатыкi, а таксама для азнаямлення з разнастайнымi замежнымi выданнямi па адпаведнай дысцыплiне. Ён змяшчае 446 тэрмiнаў на чатырох мовах: рэестраваму слову рускай мовы адпавядаюць беларускiя, англiйскiя i нямецкiя тэрмiны-эквiваленты. Пры распрацоўцы перакладнога лексiкону калектыў аўтараў арыентаваўся на стандарты Беларусi СТБ 994–95 “Трибофатика. Термины и определения”. Чатырохмоўны даведнiк складаецца з дзвюх частак – перакладнога слоўнiка i паказальнікаў тэрмiнаў на беларускай, англiйскай i нямецкай мовах. У лексіконе рускiя тэрмiнаадзiнкi арганізаваны паводле алфавітна-гнездавога прынцыпу, пры рэестравых словах прапануецца азначэнне на рускай мове. Слоўнiк пабудаваны па прынцыпе адназначнасцi: кожнаму тэрмiну ставiцца ў адпаведнасць практычна адзiн эквiвалент на iншай мове, што, паводле думкi складальнiкаў, садзейнiчае дакладнасцi перакладу. 33. [Галай В. Словы, агульныя для беларускай і нямецкай моў] // Роднае слова. – 1996–2000. Слоўнікавыя матэрыялы “Словы, агульныя для беларускай і нямецкай моў” распрацаваны дацэнтам кафедры нямецкай мовы Белдзяржуніверсітэта, кандыдатам філалагічных навук В.М. Галай У лексікон уключана 167 слоў. Частка з іх мае аднолькавыя індаеўрапейскія карані, а іншая – гэта словы нямецкага паходжання, запазычаныя беларускай мовай як непасрэдна з нямецкай мовы, так і праз пасрэдніцтва іншых моў (польскай і яўрэйскай). Крыніцай лексічнага матэрыялу сталі помнікі дзелавой пісьменнасці XV – XVII стст., у якіх багата прадстаўлены пласт бытавой лексікі. Слоўнік надрукаваны ў часопісе “Роднае слова” ў рубрыцы “У свеце слоў”. Ён складаецца з некалькіх раздзелаў: “Назвы тканін і ткацкіх вырабаў”, “Назвы будынкаў і гаспадарчых збудаванняў”, “Назвы жылых і гаспадарчых частак дома”, “Назвы прылад і прыстасаванняў”, “Назвы збруі, павозак і некаторых прадметаў, звязаных з імі”, “Назвы прадметаў культурнага ўжытку”, “Назвы каштоўнасцяў”, “Назвы іншых упрыгожанняў і аздобаў”. Назвы прадметаў у даведніках размешчаны ў алфавітным парадку. Спачатку пададзена сучасная літаратурная або дыялектная форма (некаторыя лексемы суправаджаюцца тлумачальнымі звесткамі), потым – тая форма, у якой гэта слова выяўлена ў помніках, і ў канцы – роднасныя словы з нямецкай і іншых моў, напрыклад:
КРЫШТАЛЬ ‘цвёрдае цела, якое мае форму шматгранніка; шкло высокай якасці, якое мае асаблівы бляск і здольнасць моцна пераламляць святло; вырабы з такога шкла; тое, што і горны хрусталь’. Криcталъ ‘упрыгожанне з крышталю’ (1517–1519): у другой скринице... кришталъ в серебро оправленый. Польск. kryształ ‘крышталь; упрыгожанне з крышталю’ – н.- в.- ням. Kristall ‘крышталь; крыштальнае шкло; тавары з крышталю; магазін для вырабаў з крышталю і фарфору; ясны, як крышталь’ – ст.- в.- ням. cristalla ‘крышталь: цвёрдае цела, якое мае форму шматгранніка’ – с.-лац. crystallum ‘горны крышталь’ узыходзіць да грэц. kryos ‘лёд, мароз’. 34. Словарь-минимум немецко-русско-белорусский по молочной промышленности. – Могилев, 1998. Слоўнiк-мiнiмум па малочнай прамысловасцi – гэта ратапрынтнае выданне, распрацаванае для студэнтаў адпаведнай спецыяльнасцi выкладчыкам кафедры замежных моў Магiлёўскага тэхналагiчнага iнстытута С. Дубоўскай. Перакладны тэрмiналагiчны слоўнiк ахоплiвае асноўную лексiку названай спецыяльнасцi аб’ёмам 312 рэестравых слоў. Структура даведнiка спрошчаная: укладзеныя ў алфавiтным парадку пранумараваныя тэрмiны нямецкай мовы перададзены адпаведна сродкамi рускай i беларускай моў. У перакладной беларускай частцы эквiвалентам да загаловачнага слова выступае пераважна адзiн адпаведнiк, зрэдку прапануюцца сiнонімы. 35. Rolle R., Toločko P. Archäologisches Wörterbuch: Deutsch-Russisch-Ukrainisch-Weißrussisch-Englisch. – Hamburg, 1998. Rolle R., Toločko P. Archäologisches Wörterbuch: Deutsch-Russisch-Ukrainisch-Weißrussisch-Englisch. – Münster, 1998. Нямецка-руска-ўкраiнска-беларуска-англiйскi слоўнiк з’яўляецца вынiкам супрацоўнiцтва нямецкiх i ўкраiнскiх спецыялiстаў у галiне археалогii. Другое выданне лексiкону ёсць копiя першага. Па задуме аўтараў, слоўнiк павінен паспрыяць таму, каб археалагiчная тэрмiналогiя стала даступнай для спецыялiстаў розных краiн, бо адсутнасць аналагiчных перакладных даведнiкаў значна ўскладняла азнаямленне ўсіх зацікаўленых асоб з iншамоўнай галiновай лiтаратурай. Слоўнiк змяшчае асноўную археалагiчную тэрмiналогiю ў колькасці 2000 адзiнак, якiя актыўна выкарыстоўваюцца ў спецыяльных выданнях. Шматмоўны лексiкон аформлены ў выглядзе таблiцы i складаецца з пяцi перакладных даведнiкаў, у якiх ролю рэестравай часткi паслядоўна выконвае кожная з уключаных у яго склад моў. Тэрмiнам кожнай мовы адпавядае свой колер і яны займаюць асобную калонку, што спрашчае пошук неабходнай адзiнкi. Пры перакладзе аўтары намагалiся адшукаць адзiны, найбольш дакладны адпаведнiк да пэўнага паняцця. 36. Bosak V., Bosak A. Russisch-Deutsch-Belorussisches Wörterbuch der Bodenkunde und Agrochemie = Русско-немецко-белорусский словарь по почвоведению и агрохимии = Руска-нямецка-беларускi слоўнiк па глебазнаўству i аграхiмii. – Мinsk, 1999. Руска-нямецка-беларускі лексiкон прызначаны для навуковых работнiкаў, дактарантаў, студэнтаў i выкладчыкаў навучальных устаноў, спецыялiстаў, дзейнасць якiх звязана з глебазнаўствам, аграхiмiяй цi сумежнымi навукамi, асоб, якiя займаюцца ўзаемаперакладам агульных i спецыяльных тэкстаў, а таксама для шырокага кола чытачоў, якія імкнуцца ўдасканалiць свае моўныя веды. Агульны аб’ём слоўнiка – 432 старонкi. У структуру кнiгi, акрамя самога перакладнога лексiкону, што займае 319 старонак, уключаны звесткi пра аўтараў, прадмовы на нямецкай, рускай i беларускай мовах, дзве рэцэнзii, паказальнiкi беларускiх i нямецкiх тэрмiнаў. Парадак размяшчэння рэестравых рускіх тэрмінаў алфавiтны. У беларускай частцы лексiкону пры тэрмiнах пададзена лацiнская назва або ў дужках скарачэнне паводле таблiцы Мендзялеева. Для мнагазначных слоў прапанаваны пераклад, які тычыцца непасрэдна глебазнаўства i аграхiмii. Словы-сiнонiмы пры гэтым аддзелены коскай, а словы з розным значэннем – кропкай з коскай. 37. Выхота В.А. Нямецка-беларускiя моўныя паралелi = Deutsch-belarussische sprachliche Parallelen. – Мн., 1999. Кніга “Нямецка-беларускія моўныя паралелі” (1999) стала вынікам штодзённай выкладчыцкай практыкі В. Выхоты. Выданне разлічана на шырокае кола чытачоў, якія могуць звяртацца да яго пры супастаўляльным вывучэнні лексічных сродкаў нямецкай і беларускай моў. Ілюстрацыйны матэрыял даведніка – нямецкамоўныя словы, словазлучэнні і сказы, якія складаюць аснову фарміравання слоўніка навучэнца, – арганізаваны аўтарам пераважна ў перакладныя слоўнікі. Такая падача матэрыялу характарызуецца кампактнасцю і адначасова патрабуе ад карыстальніка ўважлівага азнаямлення з рознатыповымі слоўнікавымі артыкуламі ў цэлым. Перакладныя падборкі слоў уключаны ў 11 тэматычных раздзелаў, назвы якіх адразу арыентуюць карыстальніка на характар змешчанай у іх інфармацыі. У супастаўляльных лексіконах прадстаўлены нямецка-руска-беларускія міжмоўныя паронімы, амонімы і сінонімы, корпус беларускіх і нямецкіх лексем, што маюць агульную крыніцу паходжання. Акрамя гэтага, у слоўніках прапанавана характарыстыка роднасных слоў у нямецкай і беларускай мовах па змесце (вылучаны супадзенні некаторых сінонімаў, гукаперайманняў, значэнняў унутры словаўтваральнага гнязда). У тэматычнай групоўцы нямецкіх і беларускіх слоў, якія маюць агульную крыніцу паходжання, беларускамоўныя лексемы суправаджаюцца этымалагічнымі звесткамі. У раздзеле “Функцыянаванне слова ў моўнай плыні” да нямецкіх прыказак і прымавак пададзены адпаведныя беларускія, якія пры гэтым змяшчаюць у сваім складзе словы, аднакарэнныя з нямецкімі. Шматфункцыянальны накірунак метадычнага даведніка дазваляе выкарыстоўваць перакладныя лексіконы пры завучванні нямецкамоўных лексем і перакладзе, занятках па культуры маўлення. 38. [Будзько А.П.] Das Wörterbuch bringt // Будзько А.П. Нямецкая мова: Падручнік для 2 кл. – Мн., 1993.
Будзько А.П. Вясёлая мазаiка: Кн. для чытання на нямецкай мове. 3–4 кл. сярэд. агульнаадукац. шк. з бел. мовай навучання. – Мінск: Выш. шк., 1997. – С. 32, 38–42, 44, 46–50, 53–60, 63–70, 73–80, 82–86, 88–94, 96–104, 107–124. На вокл.: Budjko A. Buntes Allerlei. Будзько А.П. Вясёлая мазаiка: Кн. для чытання на нямецкай мове: Вучэб. дапам. для 3–4 кл. агульнаадукац. шк. з бел. мовай навучання. – 2-е выд. – Мінск: Выш. шк., 1999.– С. 32, 38–42, 44, 46–50, 53–60, 63–70, 73–80, 82–86, 88–94, 96–104, 107–124. На вокл.: Budjko A. Buntes Allerlei. Будзько А.П. Нямецкая мова: Вучэб. дапам. для 1 кл. агульнаадукац. шк. з бел. мовай навучання.– Мінск: Выш. шк., 2000. – С. 114–134. На вокл.: Budjko A. Deutsch, 1. Будзько А.П. Нямецкая мова: Вучэб. дапам. для 10-га кл. устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. адукацыі, з бел. мовай навучання з 12-гадовым тэрмінам навучання (базавы ўзровень) / А.П. Будзько. В.М. Еўтуховіч. – Мінск: Выш. шк., 2006. – С. 223-236. На вокл.: Deutsch, 10 / Antonina Budjko, Wolha Jeutuchowitsch. Будзько А.П. Нямецкая мова: Вучэб. дапам. для 10-га кл. устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. адукацыі, з бел. мовай навучання з 12-гадовым тэрмінам навучання (базавы ўзровень) / А.П. Будзько. В.М. Еўтуховіч. – Мінск: Выш. шк., 2007. – С. 223-236. На вокл.: Deutsch, 10 / Antonina Budjko, Wolha Jeutuchowitsch. Будзько А.П. Нямецкая мова: Вучэб. дапам. для 11-га кл. агульнаадукацыйных школ з беларускай мовай навучання з 12-гадовым тэрмінам навучання (базавы ўзровень) / А.П. Будзько, В.М. Еўтуховіч, В.У. Барчук. – Мінск: Выш. шк., 2007.- С. 225-236. На вокл.: Deutsch, 11 / Antanina Budjko, Wolha Eutuchowitsch, Wolha Bartschuk. Будзько А.П. Нямецкая мова: Вучэб. дапам. для 3-га кл. агульнаадукацыйных устаноў з бел. мовай навучання / А.П. Будзько, І.Ю. Урбановіч. – Мінск: Выш. шк., 2009.- С. 173-179. На вокл.: Deutsch, 3. Schülerbuch / Antonina Budjko, Ina Urbanowitsch. Будзько А.П. Нямецкая мова: Вучэб. дапам. для 3-га кл. устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. адукацыі, з бел. мовай навучання (базавы ўзровень) / А.П. Будзько, І.Ю. Урбановіч. – Мінск: Выш. шк., 2006. – С. 157-173. На вокл.: Deutsch, 3 / Antonina Budjko, Ina Urbanowitsch. Будзько А.П. Нямецкая мова: Вучэб. дапам. для 4-га кл. агульнаадукацыйных устаноў з беларускай мовай навучання / А.П. Будзько, І.Ю.Урбановіч. – Мінск: Выш. шк., 2009. На вокл.: Deutsch, 4 /Antanina Budjko, Ina Urbanowitsch. Будзько А.П. Нямецкая мова: Вучэб. дапам. для 4-га кл. агульнаадукацыйных устаноў з беларускай мовай навучання (базавы ўзровень) / А.П. Будзько, І.Ю.Урбановіч. – Мінск: Выш. шк., 2007. – С. 169-176. На вокл.: Deutsch, 4 /Antanina Budjko, Ina Urbanowitsch. Будзько А.П. Нямецкая мова: Вучэб. дапам. для 4-га кл. устаноў, што забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. адукацыі, з бел. мовай навучання з 12-гадовым тэрмінам навучання (павыш. узровень) / А.П. Будзько. – Мінск: Выш. шк., 2003. – С. 188-204. На вокл.: Budjko A. Deutsch, 4. Будзько А.П. Нямецкая мова: Вучэб. дапам. для 5-га кл. агульнаадукацыйных устаноў з беларускай мовай навучання: у 2 ч. / А.П. Будзько, І.Ю.Урбановіч. – Мінск: Выш. шк., 2008. На вокл.: Deutsch, 5 /Antanina Budjko, Ina Urbanowitsch. Будзько А.П. Нямецкая мова: Вучэб. дапам. для 5-га кл. агульнаадукацыйных устаноў з беларускай мовай навучання: у 2 ч. / А.П. Будзько, І.Ю.Урбановіч. – Мінск: Выш. шк., 2009. – С. 172-182. На вокл.: Deutsch. Schülerbuch /Antanina Budjko, Ina Urbanowitsch. Будзько А.П. Нямецкая мова: Вучэб. дапам. для 6-га кл. агульнаадукацыйных устаноў з беларускай мовай навучання / А.П. Будзько, І.Ю.Урбановіч. – Мінск: Выш. шк., 2009. – С. 250 – 269. На вокл.: Deutsch, 6 / Antanina Budjko, Ina Urbanowitsch. Будзько А.П. Нямецкая мова: Вучэб. дапам. для 6-га кл. устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. адукацыі, з бел. мовай навучання (павыш. узровень) / А.П. Будзько. – Мінск: Выш. шк., 2006. – С. 234-250. Будзько А.П. Нямецкая мова: Вучэб. дапам. для 7-га кл. агульнаадукацыйных устаноў з беларускай мовай навучання / А.П. Будзько, І.Ю.Урбановіч. – Мінск: Выш. шк., 2010. – С. 268-285. На вокл.: Deutsch /Antanina Budjko, Ina Urbanowitsch. Будзько А.П. Нямецкая мова: Вучэб. дапам. для 8-га кл. агульнаадукацыйных устаноў з беларускай мовай навучання / А.П. Будзько, І.Ю.Урбановіч. – Мінск: Выш. шк., 2010. – С. 221-238. На вокл.: Deutsch, 8 /Antanina Budjko, Ina Urbanowitsch. Будзько А.П. Нямецкая мова: Падруч. для 3-га кл. агульнаадукац. шк. з бел. мовай навучання / А.П. Будзько. – Мінск: Выш. шк., 2002. – С. 28-32, 61-62, 83-86, 127-130, 154-156, 170-171, 172-189. На вокл.: Budjko A. Deutsch, 3. Будзько А.П. Нямецкая мова: Падручнік для 2 кл. – Мінск: Нар. асвета, 1993.– С. 90–95, 133–139, 156–158, 174–176. На вокл.: Budjko A. Deutsch, 2. Будзько А.П. Нямецкая мова: Падручнік для 2 кл. агульнаадукац. шк. з бел. мовай навучання. – Мінск: Выш. шк., 2000. – C. 45–50, 86–92, 108–110, 128–130, 131–147. На вокл.: Budjko A. Deutsch, 2. Будзько А.П. Нямецкая мова: Падручнік для 2 кл. агульнаадукац. шк. з бел. мовай навучання / А.П. Будзько. – 2-е выд. – Мінск: Выш. шк., 2002.– C. 45–50, 86–92, 108–110, 128–130, 131–147. На вокл.: Budjko A. Deutsch, 2. Будзько А.П. Нямецкая мова: Падручнік для 3 кл. – Мінск: ТАА Аракул, 1995.– С. 21–22, 31–32, 42–43, 56–58, 68–70, 80, 91–92, 110–111, 122–124, 133–134, 146–148, 160–162, 172–173, 179–204. На вокл.: Budjko A. Deutsch, 3. Будзько А.П. Нямецкая мова: Падручнік для 4 кл. – Мінск: ТАА “Аракул”, 1997.– С. 152–172. На вокл.: Budjko A. Deutsch, 4. Будзько А.П. Свет нямецкай мовы – 1: Вучэб. дапам. для 4 кл. агульнаадукац. шк. з бел. мовай навучання. – Мінск: ВТАА “Кавалер Паблішэрс”, 2001. – С. 65–68, 87–88, 121–122, 149–152, 195–198, 199–222. На вокл.: Budjko A. Sprachwelt Deutsch 1: Lehrbuch für die 4. Klasse. Будзько А.П. Свет нямецкай мовы – 2: Вучэб. дапам. для 5 кл. агульнаадукац. шк. з бел. мовай навучання. – Мінск: ВТАА “Кавалер Паблішэрс”, 2002. – С. 43-48, 83-86, 113-116, 141-144, 201-206, 209, 214, 219, 222, 224, 228, 234, 236-237, 239-270. На вокл.: Budjko A. Sprachwelt Deutsch 2: Lehrbuch für die 5. Klasse. Будзько А.П. Свет нямецкай мовы – 2: Вучэб. дапам. для 5 кл. агульнаадукац. шк. з бел. мовай навучання. – Мінск: ВТАА “Кавалер Паблішэрс”, 2003. – С. 43-48, 83-86, 113-116, 141-144, 201-206, 209, 214, 219, 222, 224, 228, 234, 236-237, 239-270. На вокл.: Budjko A. Sprachwelt Deutsch 2: Lehrbuch für die 5. Klasse. Будзько А.П. Свет нямецкай мовы – 3: Вучэб. дапам. для 6-га кл. устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. адукацыі, з бел. мовай навучання з 12-гадовым тэрмінам навучання / А.П. Будзько. – Мінск: ВТАА “Кавалер Паблішэрс”, 2003. – С. 209-238. На вокл.: Budjko A. Sprachwelt Deutsch 3: Lehrbuch für die 6. Klasse. Будзько А.П. Свет нямецкай мовы – 3: Вучэб. дапам. для 7-га кл. устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. адукацыі, з бел. мовай навучання з 12-гадовым тэрмінам навучання /А.П. Будзько. – 2-е выд., перапрац. – Мінск: ВТАА “Кавалер Паблішэрс”, 2003. – С. 169 – 191. На вокл.: Budjko A. Sprachwelt Deutsch 3: Lehrbuch für die 7. Klasse. Будзько А.П. Свет нямецкай мовы – 4: Вучэб. дапам. для 8-га кл. устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. адукацыі, з бел. мовай навучання з 12-гадовым тэрмінам навучання / А.П. Будзько. – Мінск: Выш. шк, 2004. – С. 175-182. Будзько А.П. Свет нямецкай мовы – 4: Вучэб. дапам. для 8-га кл. устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. адукацыі, з бел. мовай навучання з 12-гадовым тэрмінам навучання / А.П. Будзько. – 2-е выд. – Мінск: Выш. шк, 2005. – С. 175-182. Будзько А.П. Свет нямецкай мовы – 5: Вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. адукацыі, з бел. мовай навучання з 12-гадовым тэрмінам навучання (базавы ўзровень) / А.П. Будзько. – 2-е выд. – Мінск: Выш. шк., 2005. – С. 201-207. На вокл.: Budjko A. Sprachwelt Deutsch 5: Lehrbuch für die 9. Klasse. У склад беларускамоўных падручнiкаў[27] па нямецкай мове, прызначаных для выкарыстання ў пачатковых класах агульнаадукацыйных школ, увайшлi перакладныя нямецка-беларускiя (для школ з беларускай мовай навучання) i нямецка-беларуска-рускiя (для школ з рускай мовай навучання) слоўнiкi. У перакладных даведнiках змешчана найбольш ужывальная лексiка нямецкай мовы ў аб’ёме, прадугледжаным школьнай праграмай па нямецкай мове. Падборкi нямецкiх лексем, простых, складаных i састаўных па структуры, i iх асноўныя беларускiя адпаведнiкi, якiя суправаджаюць невялiкiя нямецкамоўныя тэксты, прадугледжваюць пабудову нескладаных дыялогаў i размоў на тэмы, звязаныя з жыццём i iнтарэсамi навучэнцаў пачатковых класаў. Перакладныя лексiкаграфiчныя матэрыялы аформлены трыма спосабамi: знаходзяцца ў канцы кнiгi ў асобным раздзеле “Wörterliste” або “Wörter von A bis Z”; пададзены адразу пасля невялiчкiх тэкстаў у корпусе падручнiкаў (т.зв. паўрочныя слоўнікі); вынесены на палi. Словы нямецкай мовы ў такiх даведнiчках зафiксаваны ў алфавiтным парадку i згрупаваны паводле iх часцiнамоўнай прыналежнасцi. Вучэбная скiраванасць перакладных лексiконаў абумовіла падачу моўнага матэрыялу i аб’ём граматычнай iнфармацыi пра рэестравае слова (асноўныя часавыя формы дзеяслова, аддзяляльныя прыстаўкi пазначаны тлустым шрыфтам, указаны род назоўнiка i яго формы ў множным лiку i ў родным склоне адзiночнага лiку). Слоўнiкавы артыкул аформлены з улiкам узросту i ўзроўню ведаў навучэнцаў, каб яны без асаблівых складанасцей маглі зразумець і выкарыстаць неабходную лiнгвiстычную даведку пра слова або словазлучэнне. У перакладной частцы вучэбных даведнiчкаў прыведзены асноўныя эквiваленты да нямецкiх адзiнак, часам аўтар звяртаецца да сiнанiмiчнага спосабу перакладу. Варыянты блiзкiх паводле значэння слоў фіксуюцца ў дужках курсiвам. Такi спосаб афармлення слоўнiкавых матэрыялаў садзейнiчае зрокаваму ўспрыманню iнфармацыi i яе завучванню. 39. Басава Г.I., Дзювэль С. Беларуска-нямецкi слоўнiк. – Йена, 2000. Беларуска-нямецкi слоўнiк змясцiў звыш 2300 слоў актыўнай агульнаўжывальнай i тэматычнай лексiкi беларускай мовы. Асноўная мэта, якую паставiлi перад сабой яго аўтары, – зрабiць невялiкi аб’ёмам, просты структурай, зручны для карыстання даведнiк, якi задавальняў бы патрэбы пры перакладзе тэкстаў з беларускай мовы на нямецкую. Лексiчны мiнiмум, уключаны ў лексiкон, скiраваны на фарміраванне прадуктыўнага карыстання беларускай мовай у сiтуацыйна-абумоўленым кантэксце. Слоўнiк прызначаны найперш для нямецкiх студэнтаў, якiя вывучаюць беларускую мову як замежную i цiкавяцца гiстарычнай i культурнай спадчынай Беларусi. Акрамя самога слоўнiка, у кнiгу ўвайшлi дадаткi – беларускi алфавiт з тлумачэннем асаблiвасцей вымаўлення некаторых гукаў беларускай мовы, найбольш пашыраныя беларускiя iмёны, iх размоўныя варыянты i асноўныя геаграфiчныя назвы Беларусi. Усе беларускiя загаловачныя словы размешчаны ў алфавiтным парадку; найбольш ужывальныя словазлучэннi, у склад якiх яны ўваходзяць, пададзены ў адным слоўнiкавым артыкуле. Знак ~ (тыльда) замяняе загаловачнае слова. Усе беларускiя лексічныя адзінкі маюць нацiск. Для размежавання прыметнiкаў i прыслоўяў у рэестравай частцы выкарыстана памета прысл. Пры перакладзе беларускiх лексем аўтары адабралi найбольш ужывальныя адпаведнiкi нямецкай мовы. Нямецкiя сiнонiмы аддзелены коскай, больш далёкiя па значэннi пераклады – кропкай з коскай. Амонiмы пададзены ў адным слоўнiкавым артыкуле i пазначаны лiчбамi. Курсiвам выдзелены граматычныя паметы (род, лiк, трыванне). Беларуска-нямецкi слоўнiк атрымаў станоўчую ацэнку. У прыватнасцi, у рэцэнзii на даведнiк адзначалася, што “адабраны матэрыял дазваляе дастаткова поўна i ўсебакова ўсвядомiць не толькi асноўныя фанетыка-арфаграфiчныя, арфаэпiчныя i граматычныя рысы беларускай мовы, але i ацанiць яе самабытнасць i самадастатковасць у галiне лексiка-фразеалагiчных сродкаў, функцыянальна-стылявую дынамiку. Новы нямецка-беларускi слоўнiк дае добрую надзею на працяг пачатага, стварэнне ў блiжэйшай перспектыве намаганнямi нямецкiх i беларускiх лiнгвiстаў грунтоўнай лексiкаграфiчнай працы” [Прыгодзiч 2001, c. 14]. 40. Размоўнiк = Gespräch Buch = Conversation Book = Vocabulario por conversacion = Guide de conversation = Vocabulario di conversazione = Разговорник. – Вільнюс, б. г. У размоўнiк уключаны беларуска-нямецка-англiйска-iспанска-французска-iтальянска-рускiя адпаведнiкi ў аб’ёме 656 адзiнак. Аснову даведніка склала лексiка, якая адносiцца да гутарковага стылю беларускай мовы. Артыкулы даведнiка ўтрымлiваюць асобныя словы i моўныя канструкцыi, што адлюстроўваюць найбольш тыповыя сiтуацыi зносiн на 21 тэму: “Таможня”, “Аэрапорт i бюро авiякампанii”, “Вакзал”, “Бензазаправачная калонка”, “Абслугоўванне”, “Аўтарамонтная майстэрня”, “Гараж”, “Напрамак шляху”, “Надпiсы, папярэджаннi”, “Найбольш часта ўжываемыя словы i выказваннi”, “Абслугоўванне, рамонт”, “Першая медыцынская дапамога”, “Мяняльная кантора, банк”, “Пошта”, “Гасцiнiца”, “Аўтакемпiнг”, “Рэстаран”, “Купля”, “Культура”, “Час”, “Лiчбы”. Некаторыя выразы маюць пастаянны склад, iншыя можна змяніць шляхам падбору аднаго з варыянтаў, прапанаваных у дужках. 41. Слоўнік філасофскіх тэрмінаў // Хрысціянскі Філасофскі Зборнік. – Мн., 2001. У складзе “Слоўніка філасофскіх тэрмінаў” змяшчаецца 60 рэестравых адзінак, ужытых у зборніку. Загаловачнае слова беларускай мовы, выдзеленае тлустым шрыфтам, суправаджаецца тлумачэннем і адпаведнікамі з грэчаскай, лацінскай, англійскай, французскай, нямецкай, італьянскай, рускай і польскай моў. Да адной рэестравай адзінкі прапануюцца эквіваленты або з усіх вышэйпералічаных моў, або толькі з некалькіх. Іншамоўныя адпаведнікі фіксуюцца ў круглых дужках праз кропку з коскай. 42. Knauf H. Weißrussisch (Belarus). Wort für Wort. – Bielefeld, 2001. Кніга Х. Кнаўфа[28] выйшла ў свет як 145 том у серыі “Kauderwelsch Sprechführer”. Даведнік складаецца з некалькіх частак: уступнага раздзела, у якім пададзены мінімальныя звесткі пра Беларусь, яе жыхароў, пісьмовыя традыцыі і вымаўленне, граматыку, якая адлюстроўвае ключавыя граматычныя формы; размоўніка і дадатку. Паколькі выданне арыентавана найперш на нямецкага чытача, уся інфармацыя і аўтарскія заўвагі аформлены на нямецкай мове. З гэтай жа прычыны і для спрашчэння карыстання даведнікам беларуская частка распрацавана на лацінцы. У размоўніку прадстаўлены беларуска-нямецкія адпаведнікі па 19 тэмах, актуальных пры знаёмстве з іншай краінай: “Імёны, прозвішчы і звароты”, “Прывітанне і прыём”, “Просьбы, падзякі, пажаданні”, “Першая размова”, “Час і дата”, “У гасцях”, “Любоўныя размовы”, “Па дарозе”, “Начлег”, “У вёсцы”, “Ежа і напоі”, “Пакупкі”, “Фатаграфія”, “Банк і пошта”, “Тэлефон і Інтэрнет”, “Паліцыя і мытня”, “Быць хворым”, “Туалет”, “Лаянка і знявага”. Пры перакладзе найбольш ужывальных беларускіх выразаў складальнікам прапануецца як паслоўны пераклад, так і дакладны нямецкамоўны адпаведнік. Частка дадатку – гэта нямецка-беларускі і беларуска-нямецкі слоўнікі, якія ахопліваюць 1000 рэестравых адзінак, выкарыстаных у размоўніку ў якасці прыкладаў. Загаловачныя словы выдзелены тлустым шрыфтам, граматычная інфармацыя распрацавана толькі для беларускамоўных лексем. У назоўніках пазначаны род, форма множнага ліку і канчаткі роднага склону адзіночнага ліку для назоўнікаў мужчынскага роду. У дзеясловах абазначана аснова, да якой прапанаваны канчаткі або першай, другой і трэцяй асобы адзіночнага ліку, або трэцяй асобы прошлага часу адзіночнага ліку жаночага роду. 43. [Гуртыг К.] Wörterbuch – слоўнік. Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў – Linguistisches terminologisches Wörterbuch // Гуртыг К. Кароткая граматыка беларускай мовы ў табліцах для нямецкамоўных навучэнцаў. – Мн., 2001. Гэтае выданне прызначана найперш для нямецкіх студэнтаў, якія вывучаюць беларускую мову як замежную, а таксама для ўсіх тых, хто хоча пазнаёміцца з граматычным ладам беларускай мовы. Яно дапаўняецца раздзелам “Дадатак”, частку якога складаюць “Wörterbuch – слоўнік” (беларуска-нямецкі) і “Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў – Linguistisches terminologisches Wörterbuch”. Беларуска-нямецкі слоўнік “ахоплівае лексемы, выкарыстаныя ў якасці прыкладаў у самой граматыцы, выключаючы тыя, пераклад якіх даваўся непасрэдна ў раздзелах”, аб’ём слоўніка лінгвістычных тэрмінаў “значна шырэйшы за тэрміналогію, ужытую ў тэксце” [Гуртыг 2001, с. 6]. У лексіконах выкарыстаны алфавітны парадак падачы лексічнага матэрыялу, рэестравымі з’яўляюцца адзінкі беларускай мовы, выдзеленыя тлустым шрыфтам і забяспечаныя націскам. Паколькі беларуска-нямецкі слоўнік разлічаны на базавы курс беларускай мовы і ў выданні выконвае не асноўную, а дадатковую ролю, аб’ём яго абмежаваны – 681 адзінка. У рэестравых словах пазначана часцінамоўная прыналежнасць, у дзеясловах – трыванне; паметай мн. забяспечаны множналікавыя назоўнікі. Асноўным спосабам перакладу выступае падбор аднаго адпаведніка да беларускай лексемы (аўтар рэдка звяртаецца да выкарыстання сінонімаў у перакладной частцы). Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў уключае 320 рэестравых адзінак, якія ахопліваюць шырока вядомыя мовазнаўчыя тэрміны з раздзелаў фанетыкі, марфалогіі і сінтаксісу, найбольш часта ўжывальныя ў навуковай і вучэбнай літаратуры. Тэрміналагічныя словазлучэнні звычайна падаюцца і перакладаюцца ў адпаведным гняздзе, напрыклад: эмацыянальна-экспрэсіўная часціца ў гняздзе часціца. У перакладной частцы аднаму беларускамоўнаму тэрміну адпавядае адзін нямецкамоўны.
44. Томилин Р.И., Кукуй Д.М., Бельский Е.И. Литейное дело: Терминологический словарь русско-белорусско-немецко-английский. – Минск, 1999. – 84 с. Слоўнік існуе у друкаваным варыянце, быў пададзены на рэцэнзію ў аддзел навуковай тэрміналогіі Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны.
45. Выхота В. Цяжкасці разумення для беларуса рускага перакладу нямецкіх словаў // Наша слова. 2000. № 44.
46. Выхота В.А. Гендэрная праблематыка ў паэме Якуба Коласа «Новая зямля» і ў творах Ё.В. Гётэ, Ф. Шылера і Г. Гейнэ. – Мінск: Энцыклапедыкс, 2002. – С. 30. Перакладны беларуска-нямецкі слоўнік складаецца з 30 пар слоў, выкарыстаных аўтаркай у даследаванні, і якія маюць агульную крыніцу паходжання. Нямецкія назоўнікі ў слоўнічку забяспечаны ўказаннем родавай прыналежнасці.
47. Выхота В.А. Немецко-русско-белорусский словарь: омонимия, паронимия, полисемия. – Мн.: Энциклопедикс, 2002. – 84 с. На вокл.: Выхота В. Deutsch-Russisch-Belarussisches Wörterbuch: Homonymie, Paronymie, Polysemie = Нямецка-руска-беларускі слоўнік: аманімія, паранімія, палісемія = Немецко-русско-белорусский словарь: омонимия, паронимия, полисемия.
Нямецка-беларуска-рускі слоўнік “Аманімія, паранімія, полісемія” = Deutsch-belarussisch-russisches Wörterbuch “Homonymie, Paronymie,, Polysemie” / Уклад. В. Выхота. Мінск: Кнігазбор, 2007. – 276 с.
Кнігі складаюцца з некалькіх частак: Прадмовы, Слоўніка, Дадатка, Індэкса нямецкіх слоў. У прадмове аўтар выказвае мэты і задачы, што стаялі перад ім падчас распрацоўкі слоўніка, і ўзгадвае спіс асноўных лексікаграфічных крыніц, што былі залучаны пры падрыхтоўцы выдання. Слоўнік ахоплівае 727 артыкулаў з ілюстрацыямі, якія прапанавана выкарыстоўваць выкладчыкам нямецкай мовы для пабудовы вучэбных практыкаваняў. У дадатак уключаны 3 раздзелы: Практыкаванні “Нямецкае слова – сродак дыферэнцыяцыі значэнняў міжмоўных беларуска-рускіх амонімаў і паронімаў”, разлічаных на падстаноўку адпаведных нямецкіх лексем у пары беларуска-рускіх і руска-беларускіх амонімаў і паронімаў, Спіса выкарыстаных слоўнікаў і Літаратуры. Раздзел “Індэкс нямецкіх слоў” ўяўляе сабой рэестр нямецкіх слоў і выразаў, выкарыстаных у слоўніку, з указаннем старонак.
48. Hurtig C., Ramza T. Belarussische Grammatik in Tabellen und Übungen. = Граматыка беларускай мовы ў табліцах і практыкаваннях. – München, 2003. – S. 262-267.
49. “Нямецка-беларускі слоўнік “фальшывых сяброў перакладчыка” = Deutsch-belarussisches Worterbuch der «falschen Freunde des Übersetzers» / Уклад. В. Выхота. Мн.: Кнігазбор, 2006. – 84 с.
50. Кур’янка М.І. Нямецка-беларускі слоўнік = Deutsch-belarussisches Wörterbuch: больш за 50 000 словаў / М.І. Кур’янка. – Мінск: Зміцер Колас, 2006. – 976 с.
51. Іваноў Я.Я. Беларуска-нямецкі парэміялагічны слоўнік; Deutsch-Belarussisches paremiologisches Wörterbuch / Я.Я. Іваноў, Н.К. Раманава. – Магілёў: МГУ, 2006. – 105 с. Слоўнік змяшчае каля 500 прыказак на сучаснай беларускай мове і больш за 800 прыказак на сучаснай нямецкай мове.
52. Баршчэўскі Л.П. ЕўраСлоўнік. 28 моў. – Мінск: Радыёла плюс, 2008. – 704 с.
53. Беларускі вайсковы слоўнік. http://bka-by.livejournal.com/19258.html?mode=reply
Літаратура
А. 1918
— А. (Рэц.). Сяміязычны слоўнік (Sieben-Sprachen-Wörterbuch:
Deutsch-Polnisch-Russisch-Weißruthenisch-Litauisch-Lettisch-Jiddisch.
Herausgegeben im Auftrage des Oberbefehlshabers Ost. Leipzig) // Гоман. —
1918. — 16 ліпеня. — Байкоў 1921 — Байкоў М. Лексыкон беларускай мовы ў нямецкай апрацоўцы // Весьнiк Нар. Ком. Асьв. С.Р.Р.Б. — 1921. — № 1. — С. 10—12. Бакач 1941 — Бакач П. Падручнік нямецкага языка для Беларусаў = Bakatsch P. Lehrbuch der deutschen Sprache für Weißruthenen. — Berlin: Bernard & Graefe, 1941. — 357 S. Бархударов, Новиков 1971 — Бархударов С.Г., Новиков Л.А. Каким должен быть учебный словарь? // Русский язык за рубежом. — 1971. — № 3. — С. 5—14. Баршчэўскі 1989 — Баршчэўскi Л. Пачатак ёсць! // Полымя. — 1989. — № 11. — С. 198—200. Беларуская школа 1942 — Беларуская школа. — 1942. — Беларускі работнік 1944 — Беларускi работнiк. — 1944. — 16 красавіка — С. 2. БНТ 1927 — Беларуская навуковая тэрмінолёгія. Вып. 18. Слоўнік хэмічнае тэрмінолёгіі (Проект) / Ін-т Беларускае Культуры. Аддзел мовы і літ-ры. Галоўная Тэрмінолёгічная Камісія. — Менск, 1927. — 183 с. Брэдэрлоў 1995 — Брэдэрлоў Н. Беларусь у люстэрку нямецкамоўных газетаў 1914—1918 гг. //Беларусiка=Albaruthenica. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995. — Кн. 5. — C. 98—101. Вітан-Дубейкаўская 1994 — Вітан-Дубейкаўская Ю. Мае ўспаміны. — Вільня: Gudų Kulturos Draugija Lietuvoje, 1994. — 192 c. Галай, Гармаш 1989 — Галай В.М., Гармаш Р.Б. (Рэц.). Нямецка-беларуска-рускi слоўнiк / Л.В. Браноўская, Н.М. Любчэўская, У.I. Марцiнеўскi i iнш.; Пад агульн. рэд. У.I. Марцiнеўскага, П.В. Садоўскага. — Мн.: БелСЭ, 1988 // Веснiк БДУ. Сер. 4. — 1989. — № 2. — С. 76. Голас вёскі 1941 — Голас вёскі. — 1941. — № 1. — С. 4. Грыцкевiч 1993 — Грыцкевiч А. Пасляслоўе // Найдзюк Я., Касяк I. Беларусь учора i сяньня. — Менск: Навука i тэхнiка, 1993. — 414 с. Гуртыг 2001 — Гуртыг К. Кароткая граматыка беларускай мовы ў табліцах для нямецкамоўных навучэнцаў = Hurtig K. Kurze bellarussische Grammatik in Tabellenn für deutschsprachige Studenten / Навук. рэд. А. Міхневіч. — Мн.: Тэхналогія, 2001. — 89 c. Другi Усебеларускi Кангрэс 1954 — Другi Усебеларускi Кангрэс: Матэр’ялы, сабраныя і апрацаваныя на падставе пратакольных запісаў камісіяй Беларускай Цэнтральнай Рады / Пад рэд. Р. Астроўскага. — Мюнхен: Выд. Беларускай Цэнтральнай Рады, 1954. — 96 с. Жумар 1993 — Жумар С.У. Беларуская школа // Энцыклапедыя гiсторыі Беларусi: У 6 т. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1. — С. 422. Жумарь 1996 — Жумарь С. Оккупационная периодическая печать на территории Беларуси в годы Великой Отечественной войны. — Мн.: БелНИИДАД, 1996. — 283 с. Калубовiч 1992 — Калубовiч А. Акт 25-га сакавiка й адраджэньне нацыянальнай беларускай культуры // Спадчына. — 1992. — № 1. — С. 67—84. Конан 1996 — Конан У. Гоман // Энцыклапедыя гiсторыі Беларусi: У 6 т. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. — С. 60. Крамко, Юрэвіч, Яновіч 1968 — Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы: У 2 т. — Мн.: Навука і тэхніка, 1968. — Т. 2. — 342 с. Новы шлях 1942, 1943 — Новы шлях. — 1942. — № 3. — Пятроўскі 1988 — Пятроўскi Я. Мэмуары: Стагодзьдзе ў рэтраспэкце
(1905—1945). — Слуцак—Гэйнсвiль, 1988. — Раніца = Ranica 1941, 1944 — Раніца = Ranica. — 1941. — 30 мая. — С. 4; 1944. — 6 жніўня. — С. 3. Русская зарубежная книга 1924 — Русская зарубежная книга. Труды комитета русской книги: Библиографический указатель. 1918—1924 гг. / Под ред. П. Постникова. — Прага: Изд. Комитета русской книги и изд-ва «Пламя», 1924. — 162 с. Сакалоўскi 1986 — Сакалоўскi У.Л. Пара станаўлення: Вопыт параўнальнага вывучэння беларускай і некаторых класічных зарубежных літаратур. — Мн.: Навука i тэхнiка, 1986. — 190 с. Сакалоўскi 1994 — Сакалоўскi У.Л. Забытыя старонкi гiсторыi // Шляхам гадоў. — Мн., 1994. — С. 54—58. Сёмуха 1989 — Сёмуха В. Крытыкi не будзе... // Лiтаратура і мастацтва. — 1989. — 17 сакавіка. — С. 7. Туронак 1993 — Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй / Пер. з польскай В. Ждановіч; Каментарыі А.М. Літвіна. — Мн.: Беларусь, 1993. — 236 с. Туронак 2002 — Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Мн., 2002. — 144 с. — (Бібліятэка часопіса «Беларускі гістарычны агляд»). Тэрміналагічныя слоўнікі 2000 — Тэрміналагічныя слоўнікі (асобныя выданні) 1918—1998 гг.: Бібліяграфічны даведнік / Укл. Л. Чарняўская, Г. Цыхун; Пад рэд. Г. Цыхуна. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2000. — 74 с. — (Беларуская тэрміналогія. Вып. 1). Цыхун 2000 — Цыхун Г. Беларуская тэрмiналогiя ў тэрмiналагiчных слоўнiках (1918—1998) // Тэрмiналагiчныя слоўнiкi (асобныя выданнi) 1918—1998 гг.: Бібліяграфічны даведнік. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2000. — 74 с. Цыхун 2002 — Цыхун Г. Сацыякультурны аспект у гiсторыi беларускай лiтаратурнай мовы (т.зв. нямецкi фактар) (2002, у друку). Шакун 1995 — Шакун Л.М. Гiсторыя беларускага мовазнаўства. — Мн.: Унiверсiтэцкае, 1995. — 271 с. Юрэвіч 1998 — Юрэвіч Л. Даследаванне беларускай лексікаграфіі за мяжой // Роднае слова. — 1998. — № 4. — С. 75—89. Ab upra»leńni ziemlami Ober Ost 1916 — Ab upra»leńni ziemlami Ober Ost // Homan. — 1916. — 11 lip. — S. 3. Berliner Tageblatt 1918 — Berliner Tageblatt. — 1918. — Berneker 1902 — Berneker E. Slavische Chrestomathie mit Glossaren. — Strassburg: K.J. Trübner, 1902. — 484 S. Das Land Ober Ost 1917 — Das Land Ober Ost. Deutsche Arbeit in den Verwaltungsgebieten Kurland, Litauen und Białystok-Grodno. — Stuttgart und Berlin: Verlag der Presseabteilung Ober Ost, 1917. — 472 S. Deutsches Bücherverzeichnis 1922 — Deutsches Bücherverzeichnis. Eine Zusammenstellung der im deutschen Buchhandel erschienenen Bücher, Zeitschriften und Landkarten. 1922. — Leipzig: Verlag des Börsenvereins der Deutschen Buchhandler zu Leipzig, 1922. — Bd. 5 (1915—1920 L—Z). — 3256 S. Deutsches Bücherverzeichnis 1953 — Deutsches Bücherverzeichnis. 1941—1950. — Leipzig, 1953. — Bd. 23. Gesamtverzeichnis des deutschsprachigen Schrifttums 1980 — Gesamtverzeichnis des deutschsprachigen Schrifttums: (GV), 1911—1965 / Hrgs. R. Oberschelp, W. Gorzny (Bearb.). — München. New York. London. Paris: Verl. Dokumentation, 1980. — Bd. 122: Si—Sk. — 603 S. Gesamtverzeichnis des deutschsprachigen Schrifttums 1985 — Gesamtverzeichnis des deutschsprachigen Schrifttums: (GV), 1911—1965 / Hrgs. R. Oberschelp, W. Gorzny (Bearb.). — München, New York, London, Paris: Verl. Dokumentation, 1985. — Bd. 150: Zin—Zz. — 411 S. Gesemann, Schaller 1980 — GesemannW., Schaller H. Vorwort zum Nachdruck 1980 // Berneker E. Slavische Chrestomathie mit Glossaren. — Neuried: Hieronimus Verl., 1980. — S. 3—4. Głogowska 1996 — Głogowska H. Białoruś 1914—1929: Kultura pod presją polityki. — Białystok: Orthdruk, 1996. — 238 s. Hirt 1903 — Hirt H. (Rez.). Berneker, Erich. Slavische Chrestomathie mit Glossaren // Literarisches Zentralblat für Deutschland. — 1903. — № 2. — S. 69. Minsker
Zeitung 1942 — Minsker Zeitung. — 1942. — Muke 1903 — Muke E. (Rez.). Slavische Chrestomathie mit Glossaren // Neues Archiv für Sächsische Geschichte und Altertumskunde. — 1903. — Bd. 24. — S. 371. Proverbia et dicta 1993 — Proverbia et dicta: Шасцімоўны слоўнік прыказак, прымавак і крылатых слоў / Н.А. Ганчарова, І.М. Шчарбакова, Л.Г. Калядка і інш.; Пад рэд. Н.А. Ганчаровай. — Мн.: Універсітэцкае, 1993. — 225 с. Sieben-Sprachen-Wörterbuch 1918 — Sieben-Sprachen-Wörterbuch: Deutsch-Polnisch-Russisch-Weissruthenisch-Litauisch-Lettisch-Jiddisch. Herausgegeben im Auftrag des Oberbefehlshabers Ost. Verlag: Presseabteilung des Oberbefehlshabers Ost. Für den Buchhandel: Verlag Otto Spamer in Leipzig. — 420 S. S. V. 1918 — S. V. In sieben Zungen // Der Tag. — 1918.
— Vispārīgs grāmatu rādītājs 1926 — Vispārīgs grāmatu rādītājs. Izvedusi Latvijas Grāmatu Tirgotāju un Izdevēju Biedrība. — Riga: Valters un Rapa, 1926. — 142 s. Vondrak 1902 — Vondrak W. (Rez.). Erich Berneker. Slavische Chrestomathie mit Glossaren // Deutsche Litteraturzeitung. — 1902. — № 40. — S. 2521—2522. Vondrak 1903 — Vondrak V. (Rez.). Prof. Dr. Erich Berneker. Slavische Chrestomathie mit Glossaren // Allgemeines Literaturblatt. — XII Jahrgang. — 1903. — S. 401—402. Wexler 1985 — Wexler P. Byelorussification, Russification and Polonization Trends in the Byelorussian Language 1890—1982 // Sociolinguistic Perspectives on Soviet National Languages: their past, present and future / Ed. by I. Kreindler. — Berlin; New York; Amsterdam, 1985. — P. 37—56. Winkelmann 1941 — Winkelmann H. Kleiner Weissruthenisch-Deutscher Sprachführer = Mały biełaruska-niamiecki pieraklačyk, 1941. — 143 S. W.Ł. 1916 — W.Ł. Da czytaczo» // Homan. — 1916. — Zeitschrift des Vereines deutscher Ingenieure 1918 — Zeitschrift des Vereines deutscher Ingenieure. — 1918. — Bd. 62. — № 38. — S. 646. Zur Loye 1940 — Zur Loye H. Sprachhelfer für die Verkehr der deutschen Bauern mit den französischen Kriegsgefangenen. — Neuburg: J. Prechter, 1940. — 36 S. Zur Loye 1942 — Zur Loye H. Sprachhelfer für die Verständigung mit weißruthenischen Landarbeitern. — Berlin: Gebr. Radetzki, 1942. — 50 S.
К. Любецкая, 2010.
[1] У квадратных дужках пададзены звесткі, не пазначаныя ў самой слоўнікавай крыніцы (аўтарства і назва перакладнога даведніка, год стварэння), але якія можна рэканструяваць, абапіраючыся на іншую інфармацыю. [2] Доктар, прафесар Эрых Бернекер (3.2.1874 – 15.3.1937) – вядомы лінгвіст пачатку ХХ ст., які працаваў у галіне славістыкі і балтыстыкі, аўтар “Славянскай хрэстаматыі са слоўнікамі”. Падчас вучобы ў Маскве (1895–1896) будучы навуковец наведваў Беларусь і Польшчу з мэтай вывучэння моўных асаблівасцей гэтых тэрыторый. Найбольш значнымі яго навуковымі работамі з’яўляюцца: “Пруская мова” (1896), “Парадак слоў у славянскіх мовах” (1900), “Славянская хрэстаматыя са слоўнікамі” (1902), “Славянскі этымалагічны слоўнік” (1908–1914). [3] Беларускія казкі, запісаныя М. Федароўскім у ваколіцах мястэчка Ваўкавыск Гродзенскай губерні, былі пададзены ў “Славянскай хрэстаматыі” паводле зборніка “Lud Białoruski na Rusi Litewskiej” (Т. 1. – Kraków, 1897).
[4] Рукапіс слоўніка ў фондах Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літвы адшукаў кандыдат філалагічных навук Язэп Янушкевіч. [5] “Homan” – беларуская грамадска-палітычная і літаратурная газета нацыянальна-дэмакратычнага адраджэнскага кірунку. Выдавалася з 15 (28).2.1916 г. да канца 1918 г. у Вільні на беларускай мове з дазволу акупацыйных нямецкіх улад [Конан 1996, с. 60]. Гэта газета стала вынікам ініцыятывы Беларускага народнага камітэта, які меў на мэце “пазнаёміць акупантаў з беларускай справай і гэткім чынам бараніць беларускія інтарэсы” [Вітан-Дубейкаўская 1994, с. 15]. Да 1918 г. “Homan” з’яўляўся адзінай беларускай газетай на тэрыторыі Обер Ост. [6] У 1916 г. было надрукавана 7 беларускіх кніжак, у 1918 г. – 28. [7] Atlas der Völkerung in Westrussland. – Hamburg: Im Buchhandel durch L. Friedrichsen & Eie, 1916; Strua H., Eulenberg H. Skizzen aus Litauen, Weißrußland und Kurland. – Berlin: Im Buchhandel durch Stilke, 1916 i iнш.
[8] Вырашэнне пытання, які шрыфт выбраць для публікацый на мовах мясцовага насельніцтва акупаванай тэрыторыі, складала пэўную цяжкасць для нямецкіх улад. У кнізе “Das Land Ober Ost” адзначалася, што “літоўцы, палякі і беларусы ведаюць толькі лацінскі шрыфт, або Анцікву. Беларусы, апрача гэтага, рускі, больш правільна будзе назваць, кірылічны шрыфт” [Das Land Ober Ost 1917, S. 136]. Паколькі ў мясцовых друкарнях матэрыялы выдаваліся менавіта на лацінцы і толькі як выключэнне на кірыліцы, улады схіляліся да таго, каб набіраць тэксты перыядычнага друку Анціквай. У такім вырашэнні праблемы бачыліся i фінансавыя перавагі, якія вельмі зацікавілі нямецкі бок. Выказвалася таксама меркаванне, што пры выкарыстанні лацінкі можна было б прасцей знайсці паразуменне з насельніцтвам. [9] Вялікая і малая літары падаюцца паводле арыгінала. [10] Г. Цыхун схіляецца да думкі, што гаворка тут ідзе пра “Sieben-Sprachen-Wörterbuch” [Цыхун 2002]. [11] Выканаўцам адказнай справы распрацоўкі нацыянальнай тэрміналогіі ў галіне глебазнаўства быў аспiрант глебазнаўчай кафедры Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэмii ў Горках П. Кучынскi. Рэдагаванне ж нямецкай часткi выканаў магiстр аграномii Г. Краўзе. [12] Пётр Бакач – кандыдат філасофіі, грамадска-культурны дзеяч. Згодна з данымі газеты “Ranica”, “малады беларускі вучоны Пятро Бакач закончыў сваю навуковую працу з гісторыі беларускае літаратуры. Праца абыймае пасьляваенную беларускую літаратуру і зьяўляецца першай спробай грунтоўнага і поўнага апрацаваньня багатага і цікавага матар’ялу, які прадстаўляе сабой нашая літаратура пасьля першай сусьветнай вайны... Праца будзе ў хуткім часе надрукавана ў нямецкай і беларускай мовах і дасьць магчымасьць ня толькі беларусам грунтоўна пазнаёміцца з беларускай літаратурай, але адкрыць зусім новае з беларускае культуры для заходня-эўрапейскага грамадзянства” [Ranica. – 1944. – № 32/194. – S. 3]. [13] Rudnićkij J. Pidručnik do nauki nimećkoi movi. Lehrbuch der deutschen Sprache für Ukrainer. – Berlin: Bernard & Graefe, 1940. – 274 S. [14] У яе стварэнні, акрамя П. Бакача, удзельнічалі М. Шкялёнак (апрацоўка беларускага тэксту), М. Шкуткаў – дыпламаваны інжынер (апрацоўка нямецкага тэксту), С. Саўчук (тэхнічная апрацоўка кніжкі і эскіз вокладкі) і В. Русак – інжынер (матэрыяльная падтрымка аўтара ў час працы над рукапісам). [15] Інфармацыя пра самога ўкладальнiка ў адшуканых матэрыялах адсутнічае. На адвароце тытульнага ліста пазначана толькі, што Хайнц Вінкельман з’яўляўся франтавым гандляром кніг на Усходзе. [16] Рукапiс размоўнiка падшыты ў папку “Справа” зялёнага колеру. Тэкст слоўнiка надрукаваны на машынцы на тонкiх чыстых лiстах фармату А 4 або лiстах, на адвароце якiх знаходзiцца рэклама розных нямецкiх выдавецтваў з адрасамi. У змест тэксту, надрукаванага лацiнкай, унесены праўкi ад рукi. [17] Другi Усебеларускi Кангрэс адбыўся 27 чэрвеня 1944 г. у Мiнску. [18] А. Грыцкевiч адзначаў, што Й. Сiвiца з’яўляўся супрацоўнікам аддзела культуры i палiтыкi генеральнага камiсара Беларусi. Сiвiцу прызначылi кiраўнiком выдавецтва школьных падручнiкаў i лiтаратуры для моладзi, наглядчыкам над галоўным школьным iнспектарам i цэнзарам усiх беларускiх друкаў [Грыцкевiч 1993, c. 402]. [19] Zur Loye H. Sprachhelfer für die Verkehr der deutschen Bauern mit den französischen und belgischen Kriegsgefangenen. – Neuburg: J.Prechter, 1940. – 36 S.; Zur Loye H. Sprachhelfer für die Verständigung mit russischen Kriegsgefangenen. – Berlin: Radetzki, 1942. – 40 S.; Zur Loye H. Sprachhelfer für die Verständigung mit englischen Kriegsgefangenen. – Berlin: Radetzki, 1942. – 38 S.; Zur Loye H. Ukrainischer Sprachhelfer. – Berlin: Radetzki, 1942. – 48 S.; Zur Loye H. Sprachhelfer für die Verständigung mit weißruthenischen Landarbeitern. – Berlin: Radetzki, 1942. – 50 S. [20] Сёння адсутнiчаюць канкрэтныя звесткi пра жыццё i дзейнасць Ганса цур Лёе. [21] У канцы 1941 г. на тэрыторыі Генеральнай акругі Латвіі на рускай мове пачаў выходзiць часопiс “Новый путь”. “Пабачыўшы, што расейская мова не надаецца для чытачоў Беларусi, нямецкае кiраўнiцтва пастанавіла выдаваць гэты часапiс на беларускай мове” [Новы шлях 1942, с. 3]. Так сваю дзейнасць пачаў беларускамоўны варыянт часопiса “Новы шлях”, якi ствараўся з дазволу i пры падтрымцы германскiх улад. “Па якасцi друку i прафесiяналiзму афармлення яму не было роўных сярод усiх акупацыйных перыядычных выданняў, якiя друкавалiся на беларускай мове” [Жумарь 1996, с. 37]. Часопiс “Новы шлях” прызначаўся для мясцовага насельнiцтва паўночнай Беларусi i меў своеасаблiвы рэкламны характар. Тут друкавалiся агульнапалiтычныя i ваенныя агляды, артыкулы, у якiх ухвалялiся лад жыцця, навука i культура фашысцкай Германii, нарысы i фотанарысы пра розныя краiны i рэгiёны свету. На старонках выдання змяшчалася шмат публiкацый пра беларускую народную творчасць, архiтэктуру, жывапiс, музыку, тэатр, дзейнасць Беларускага культурнага згуртавання, матэрыялы да юбiлеяў славутых беларусаў (Ф. Аляхновiча, Я. Лёсiка), хронiка з гарадоў Беларусi. [22] Функцыi экспедыцыi выконвала Беларуская Самапомач. [23] У бiблiяграфiчным даведнiку “Gesamtverzeichnis des deutschsprachigen Schrifttums 1911–1965” (München, 1978. Bd. 70) на старонцы 301 адзначана: Koch, Heinr.: Kleines deutsch-russisches technisches Wörterbuch. 3 Aufl. Königsberg, Bln: Ost-Europa-Verl. ’43. – 175 S. kl. 8. 1.50. [1 Aufl.] ’41// 2 Aufl. ’42. [24] У справе № 137 частка II папярэднiчае частцы I.
[25] В. Выхота працавала метадыстам Навукова-даследчага інстытута педагогiкi пры Мiнiстэрстве адукацыi БССР. [26] С.Л. Дорскі– перакладчык, працяглы час быў выкладчыкам, загадчыкам кафедры англійскай мовы Белдзяржуніверсітэта. У 1962–1983 гг. працаваў дацэнтам кафедры лексікалогіі англійскай мовы Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў (цяпер МДЛУ). [27] Беларускамоўныя падручнікі па нямецкай мове распрацаваны дацэнтам кафедры методыкi выкладання замежных моў Беларускага дзяржаўнага лiнгвiстычнага унiверсiтэта А. Будзько. [28] Холгер Кнаўф нарадзіўся ў 1973 г. у Эрфурце. З 1994 па 1996 гг. праходзіў курс славістыкі ў Йене і Мінску. Як супрацоўнік Міжнароднага адукацыйнага цэнтра ў Дортмундзе часта наведвае Беларусь. |